Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Каваленка паскардзілася на турэмшчыкаў у пракуратуру


Алена Каваленка

Алена Каваленка

Алена Каваленка дамагаецца, каб пракуратура праверыла законнасьць дзеяньняў турэмшчыкаў, якія ў ліпені пакаралі яе мужа Сяргея карцарам.

21 жніўня Алена Каваленка накіравала заявы адразу на два адрасы: начальніку калёніі № 19 і ў магілёўскую пракуратуру. Алена патрабуе разабрацца з законнасьцю дзеяньняў турэмшчыкаў у дачыненьні да яе мужа.

«Напісала начальніку калёніі і ў Магілёўскую пракуратуру. За што яго зноў пакаралі карцарам, ці былі гэтыя дзеяньні законнымі і чаму ад мяне хаваюць інфармацыю пра стан здароўя мужа, які пасьля карцэру трапіў у мэдычную частку? Мне вядома, што яго трымалі ў адзіночцы. Што там за ўмовы, калі людзі пасьля карцару трапляюць да лекараў?»

Сяргей Каваленка быў пакараны карцэрам адразу пасьля заканчэньня доўгатэрміновага спатканьня з жонкай і дзецьмі ў канцы ліпеня. Спачатку вязьню далі 9 сутак карцэру, потым дадалі яшчэ 7. Пра прычыны пакараньня Алена Каваленка ня ведае, але мяркуе, што мужу маглі адпомсьціць за той розгалас, які атрымала іх сустрэча ў калёніі.
Ім вельмі не спадабалася, што нас журналісты сустракалі

«Ім вельмі не спадабалася, што нас журналісты сустракалі. Адзін з журналістаў зьняў будынак калёніі, і тады начальнік калёніі загадваў, каб сьцерлі тыя запісы, інакш будзе вырашацца пытаньне адносна спатканьня. Быццам дамовіліся, што сатруць, але калі мы вышлі са спатканьня, то ў інтэрнэце я гэтыя здымкі ўбачыла. І яны ж інтэрнэт глядзяць. Таму, мяркую, гэта такая своеасаблівая помста».

На гэтым тыдні Сяргея Каваленку зьбіраецца наведаць адвакат, ад якога Алена плянуе атрымаць зьвесткі пра стан здароўя мужа. Па тэлефоне ёй пра здароўе Сяргея казаць адмаўляюцца. Ад самога палітвязьня ўжо каля месяца не было ані званкоў, ані лістоў. Алена мяркуе, што з карцэра Сяргей трапіў у мэдычную частку без рэчаў, таму і ня мае магчымасьці нават напісаць ліст дамоў.
XS
SM
MD
LG