Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэтны пратакол


Месца: Менск, рэзыдэнцыя.

Час: 22 верасьня 2012.

Удзельнікі: Галоўнакамандуючы і палкоўнік


Палкоўнік: Аляксандар Рыгоравіч, пры адпраўленьні мяне на адказны участак у МЗС Вы ставілі задачу кароткатэрміновую — прызнаньне парлямэнцкіх выбараў Захадам і доўгатэрміновую — нармалізацыю вашых і нашых падарожжаў на гэты Захад і назад. Дазволіце пачаць зь першай мэты?

Галоўнакамандуючы: Так, палкоўнік.

Палкоўнік: Апэратыўна-дыпляматычная праца ішла па двух накірунках: ЗША і Эўразьвяз. Дазвольце пачаць з Амэрыкі?

Галоўнакамандуючы: Так, палкоўнік.

Палкоўнік: Як мы і чакалі, амэрыканцы па-ранейшаму прыкрываюцца правамі чалавека. Гэта не навіна, але дрэнна тое, што нашыя выбары адбываюцца, калі ў саміх ЗША выбарчая прэзыдэнцкая кампанія ўступіла у асноўную і самую гарачую фазу. На жаль, ім зноў не да нас. Як і ў 2001-м, калі абрынуўся Ўсясьветны гандлёвы цэнтар і тэма Вашай элегантнай перамогі зьнікла зь першых газэтных палосаў. Потым такая прыкрая сытуацыя паўтаралася неаднойчы. З аднаго боку, недаацэнка і неразуменьне нашых дасягненьняў, з другога боку, хто ведае, можа яно й да лепшага.

Галоўнакамандуючы: Так, палкоўнік.

Палкоўнік: Зараз пра Эўразьвяз. ЭЗ таксама ў хамут б’е, але дзякуючы некаторым нашым сябрам, тут нам удалося дасягнуць баявы кампраміс. Яны выбары праглынуць — але просяць, каб мы прапусьцілі хаця б дзесяць прадстаўнікоў апазыцыі.

Галоўнакамандуючы: Не, падпалкоўнік.

Палкоўнік: Хаця б пяць, Аляксандар Рыгоравіч.

Галоўнакамандуючы: Не, маёр.

Палкоўнік: Хаця б тры!

Галоўнакамандуючы: Не, капітан.

Палкоўнік: Аляксандар Рыгоравіч, я прадбачыў Ваш прынцыповы адказ і таму дамовіўся наконт аднаго. Толькі аднаго прапусьцім, Аляксандар Рыгоравіч?

Галоўнакамандуючы: Не, старшы лейтэнант.

Палкоўнік: Аляксандар Рыгоравіч, мы нічым не рызыкуем, палатка што ёсьць-што няма, дэпутаты нікога, акрамя бухгальтэрыі ды санаторна-курортнага ўпраўленьня не турбуюць. Дый прапусьцім мы толькі таго, за каго дасьць паручальніцтва генэрал Зайцаў.

Галоўнакамандуючы: Не, лейтэнант.

Палкоўнік: Вы не давяраеце старшыні КДБ, Аляксандар Рыгоравіч?

Галоўнакамандуючы: Не, старэйшы лейтэнант.

Палкоўнік: Вы нікому не давяраеце?

Галоўнакамандуючы: Так, капітан.

Палкоўнік: Дзякуй за давер! А зараз доўгатэрміновая мэта — прызнаньне нашай дэмакратыі і, як вынік, шопінг-туры. Тут ЗША і ЭЗ сьпеліся. Яны хочуць, каб сьпярша прыехалі гэтак званыя палітвязьні, Аляксандар Рыгоравіч.

Галоўнакамандуючы: Не, яфрэйтар.

Палкоўнік: Аляксандар Рыгоравіч, мы ж паклапаціліся, каб захаваць Вашыя прынцыпы і традыцыі. Распрацоўка апэрацыі ішла ў цесным супрацоўніцтве паміж нашымі спэцслужбамі і таварышамі на Лубянцы. Апэрацыя складаецца з двух этапаў. Першы — выпускаем палітвязьняў і едзем у Парыж. Другі — мы садзім новых палітвязьняў, і Вы захоўваеце свае прынцыпы.

Галоўнакамандуючы: Заўсёды казаў, што найлепшыя інтэлектуальныя сілы сабраныя ў спэцслужбах. Пачынайце адразу з другога этапу, генэрал.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG