Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў кіраўніка агракамбіната «Дзяржынскі» міністрам сельскай гаспадаркі


Уга Чавэc і Леанід Заяц на Дзяржынскім агракамбінаце, 17 кастрычніка 2010 году, фота <a href="http://www.dzr.by/?p=2481">Dzr.by</a>

Уга Чавэc і Леанід Заяц на Дзяржынскім агракамбінаце, 17 кастрычніка 2010 году, фота <a href="http://www.dzr.by/?p=2481">Dzr.by</a>

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прызначыў Леаніда Зайца міністрам сельскай гаспадаркі і харчаваньня.

Такое рашэньне кіраўнік дзяржавы прыняў 21 жніўня пасьля наведваньня агракамбіната «Дзяржынскі», гендырэктарам якога зьяўляўся дагэтуль Леанід Заяц, паведамляе БЕЛТА.

Дагэтуль выканальнікам абавязкаў міністра быў Леанід Марыніч. Раней міністрам сельскай гаспадаркі быў Міхаіл Русы, якога ў красавіку гэтага года Лукашэнка прызначыў на пасаду віцэ-прэм’ера.

Камэнтуючы гэтае прызначэньне эканаміст Леанід Злотнікаў адзначыў, што не чакае нейкіх зьменаў у існуючай сыстэме:

«Гэта, напэўна, ужо чатырнаццаты міністар сельскай гаспадаркі. І кожны раз мы бачым, што па сутнасьці нічога і не зьмяняецца. Справа ня ў тым, каб памяняць чалавека. Але справа ў тым, што патрэбна іншая сыстэма гаспадараньня на зямлі. Павінны мяняць і стаўленьне да ўласнасьці на зямлю і так далей. Патрэбны сыстэмны падыход. І ня толькі ў сельскай гаспадарцы, а ў цэлым у кіраваньні эканомікай, каб нешта зьмяніць у сельскай гаспадарцы. А вось так — аднаго чалавека памяняем на другога — які б ён ня быў, мала што памяняецца».

Эканамічны аглядальнік Канстанцін Скуратовіч мяркуе, што ў краіне адбываецца чарговая ракіроўка кадраў.
Cтан нашай сельскай гаспадаркі, практыка гаспадараньня наогул мала месца пакідае для асобы

«Паляцелі папахі, капелюшы. Але стан нашай сельскай гаспадаркі, практыка гаспадараньня наогул мала месца пакідае для асобы. Ня важна, ці гэта старшыня вытворчага сельскагаспадарчага каапэратыва, ці гэта сам міністар, ці той чалавек, які курыруе пытаньні сельскай гаспадаркі ва ўрадзе. Што можна памяняць? Даць большага фінансаваньня гаспадаркам — а дзе грошы браць? Даваць больш — яны праядуць любыя грошы і зробяць тое ж самае. І рэнтабэльнасьць будзе нізкай, даўгі будуць вялікія, і яны штогод назапашваюцца. Гэта практыка, якая існуе з савецкіх часоў, і яе перанялі».

Сваё рашэньне аб прызначэньні міністра Лукашэнка прыняў наведваючы шэраг малочна-таварных комплексаў у Менскай вобласьці. Выконваючы абавязкі міністра сельскай гаспадаркі Леанід Марыніч распавёў, што Беларусь пашырае геаграфію збыту беларускай сельгаспрадукцыі: пайшлі першыя буйныя пастаўкі ў Кітай, Японію і Віетнам. Маўляў, Беларусь выходзіць на рынкі, дзе традыцыйна працавала Новая Зэляндыя.

Канстанцін Скуратовіч мяркуе, што Беларусь ня зможа пацясьніць Новую Зэляндыю на гэтым рынку:

«Ні ў якім разе, бо прыродныя ўмовы, культура гаспадараньня, арганізацыйныя формы, эканамічны лад краіны, традыцыйнае месца ў міжнародным падзеле працы — усё гэта сьведчыць на карысьць Новай Зэляндыі. А аргумэнтаў на карысьць Беларусі ня так шмат, і яны з кожным годам і нават месяцам становяцца ўсё меншымі. Бо Расея ўвайшла ў УГА і ёй патрэбна будзе гандляваць прадуктамі харчаваньня па правілах УГА. Пастаўшчыкі Мэксыка, Аргентына, Канада, ЗША — гэта настолькі несупастаўляльна зь Беларусьсю, што нават і казаць няма пра што».
XS
SM
MD
LG