Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

40 гадоў таму чэхаў і славакаў «нармалізавалі»


«Учора, 20 жніўня 1968 году, а 23-й гадзіне сілы Савецкага Саюзу, Польскай Народнай Рэспублікі, Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі, Вугорскай Народнай Рэспублікі і Баўгарскай Народнай Рэспублікі перайшлі мяжу Чэхаславацкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Гэта адбылося бязь ведама прэзыдэнта Чэхаславаччыны, старшыні Нацыянальнай Асамблеі, прэм’ера, першага сакратара ЦК кампартыі ды іншых афіцыйных органаў».

Такое паведамленьне прагучала 21 жніўня 1968 году ў 2 гадзіны раніцы па чэхаславацкім дзяржаўным радыё.

20-21 жніўня 1968 году каля 250 тысяч жаўнераў зь пяці краін сацыялістычнага лягеру ўварваліся на тэрыторыю Чэхаславаччыны, каб здушыць тое, што яны назвалі «контррэвалюцыяй». А «контррэвалюцыяй» тады называлася спроба партыйных рэфарматараў у Чэхаславаччыне вясною 1968 году лібэралізаваць эканамічна-палітычнае жыцьцё краіны, сярод іншага, праз аднаўленьне асноўных дэмакратычных свабодаў, увядзеньне шматпартыйнай сыстэмы, свабодныя выбары і скасаваньне цэнзуры. У гэтай спробе ніяк не аспрэчвалася «сяброўства» з Савецкім Саюзам і прыналежнасьць краіны да Варшаўскага пакту. Гэтая спроба крыху пазьней атрымала назву «праскай вясны».

Пасьля здушэньня «праскай вясны» і зьмены партыйнага кіраўніцтва на людзей, падпарадкаваных Маскве, у Чэхаславаччыне наступіў гэтак званы пэрыяд «нармалізацыі». Больш за 200 тысяч чалавек падалося на эміграцыю. Тыя, што засталіся і хацелі захаваць працу ды навучаць сваіх дзяцей у ВНУ, мусілі падпісваць дэклярацыі ляяльнасьці, у якіх выказвалі сваю згоду «з братэрскай дапамогай» Савецкага Саюзу і краінаў сацыялістычнага лягеру. Шмат чэхаў і славакаў з вышэйшай адукацыяй у пэрыяд «нармалізацыі» страцілі свае пасады і былі вымушаныя выконваць чорную працу, каб выжыць.

З чыста прагматычных меркаваньняў шматлікія чэхі і славакі пасьля «праскай вясны» спынілі сваю палітычную і грамадзкую актыўнасьць ды паддаліся «нармалізацыі». Найноўшае выданьне чэскага палітычна-грамадзкага тыднёвіка Tyden зьмяшчае артыкул, які апісвае рэакцыі грамадзян Чэхаславаччыны на «братэрскую дапамогу» ўсяго празь некалькі гадоў пасьля «праскай вясны». Аказваецца, паводле сьведчаньняў чэхаславацкай прэсы пачатку 1970-х гадоў, гадавіну «братэрскай дапамогі» грамадзяне Чэхаславаччыны адзначалі, уступаючы 21 жніўня ў партыю або беручы ў гэты дзень шлюб...
XS
SM
MD
LG