Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасада кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта пасьля перамяшчэньня яе кіраўніка Уладзімера Макея на пасаду міністра замежных спраў Беларусі застаецца вакантнай.

Кіраўнік прэзыдэнцкай прэс-службы Павал Лёгкі сказаў карэспандэнту «Свабоды», што пакуль новы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта не прызначаны.

«Адміністрацыя працуе, ёсьць першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Радзькоў. Мэханізм адладжаны, выбудаваны, усё працуе. А якім будзе рашэньне, даведаемся».

Спадар Лёгкі ня стаў камэнтаваць магчымасьць прызначэньня Радзькова на пасаду кіраўніка адміністрацыі.

Як камэнтуюць перамяшчэньне Макея на новую пасаду сябры былой грамадзка-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта, якой кіраваў Макей?

Старшыня ТБМ Алег Трусаў адзначыў, што яго больш хвалюе тое, хто будзе на месцы Макея.

«Пры ўсіх нюансах Макей — чалавек вельмі высокаадукаваны, які дасканала ведае некалькі замежных моў. У нейкай ступені гэта беларускі патрыёт, бо ён нарадзіўся ў беларускай вёсцы ў Заходняй Беларусі. І, канечне, для Міністэрства замежных спраў гэта намнога лепей, чым Мартынаў, які прыехаў да нас здалёк. І беларускую мову Мартынаў фактычна амаль ніколі не ўжываў у адрозьненьне ад Макея. Але мяне цікавіць, хто зойме месца Макея, бо ад гэтага залежыць у нейкай ступені і лёс Беларусі. Справа ў тым, што там ёсьць вельмі моцная пятая калёна Масквы. І з адыходам Макея гэтая групоўка значна ўзмацнілася. І калі яе прадстаўнікі прыйдуць да ўлады, то сытуацыя зь беларускай справай рэзка пагоршыцца. Таму спадзяюся, што ўсё ж не прыйдуць да ўлады прадстаўнікі Пуціна і яго атачэньня. Хаця шанцы таго, што яны прыйдуць, вельмі вялікія».

Алег Трусаў

Алег Трусаў

Паводле Трусава, стварэньне грамадзка-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта было ініцыятывай Макея. І калі гэтая рада пачала нешта рабіць самастойна, Макей вымушаны быў яе зачыніць па загадзе кіраўніка краіны. Трусаў мяркуе, што з прызначэньнем міністрам Макея для міністэрства замежных спраў стала лепш.

«Я думаю, што Захад, хутчэй за ўсё, дасьць яму магчымасьць езьдзіць па Эўропе. Макей умее дамаўляцца. Гэта фігура значна больш крэатыўная чым Мартынаў. Але мяне больш цікавіць, хто зойме яго месца, ад гэтага будзе шмат што залежыць».

Сябра былой грамадзка-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта экс-старшыцня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч ня лічыць, што перамяшчэньне Макея на новую пасаду нешта прынцыпова мяняе.

«Ідзе ратацыя кадраў. Адных набліжаных мяняюць на іншых набліжаных. Макей, калі мы працавалі ў гэтай радзе, вёў сябе падкрэсьлена інтэлігентна, дэмакратычна. Але ж ён праводзіць палітыку не сваю, а палітыку Аляксандра Лукашэнкі. І таму наўрад ці што зьменіцца. Усё ідзе сыходзячы з таго, што сыстэма аўтарытарная і яна не дае магчымасьці ўплываць на ўладу. Улада падпарадкавана прэзыдэнту, а не выбарцам, грамадзкасьці, народу. Гэта асаблівасьць аўтарытарнай улады. Прэзыдэнт многіх з памыйніцы прысунуў да дзяржаўнага карыта, таму ўсе яны падхалімы і ня маюць уласнай пазыцыі. За малым выключэньнем».

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Паводле Багданкевіча, цяпер Лукашэнка мяняе збанкрутаваўшага Мартынава на Макея.

«Збанкрутавалага таму, што ён пакінуў спаленае поле на эўрапейскім накірунку. Ён з усімі перасварыўся, і Беларусь пасварылася пад кіраўніцтвам гэтага міністра. Але Макей невыязны ў Эўропу. Што ён будзе рабіць? Я думаю, ніякіх зьменаў не мяркуецца. А сам па сабе, зьнешне, Макей чалавек інтэлігенты, вёў сябе прыстойна на пасяджэньнях рады. Але ён агалошваў усялякія абсурдныя заявы ўлады пра апазыцыю, што яна нібыта рыхтуе тэрарыстаў і гэтак далей. Але гэта было не ў рамках кансультатыўнай рады, гэта яму было даручана, і ён усе адзін да аднаго выконваў. Відаць, і тут будзе выконваць тое самае».

Багданкевіч называе грамадзка-кансультатыўную раду пры адміністрацыі прэзыдэнта, якой кіраваў Макей, буфэрнай арганізацыяй, якая нічога не вырашала. Ён не бярэцца прагназаваць, што нешта падобнае будзе адноўлена ў адміністрацыі прэзыдэнта.

«Яна была створана, каб паказаць Эўропе бачнасьць нейкай дэмакратыі, хоць нейкай блізкасьці да дыялёгу, дыскусіі. Пасьля яе зачынілі. І цяжка сказаць, дыялёгу няма ў грамадзтве».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG