Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампаніям, якія належаць беларускаму бізнэсоўцу Юрыю Чыжу, перададзена зямля ў ягонай роднай вёсцы для будаўніцтва турыстычнага культурна-этнаграфічнага комплексу «Наш родны кут Сабалi».

Гэтае рашэньне замацаванае Лукашэнкі N369 ад 20 жніўня 2012 года, які апублікаваны на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, паведамляе Інтэрфакс.

Згодна з дакумэнтам, для стварэньня туркомплекса паміж Рэспублікай Беларусь і ТАА «Трайпл», ТАА «Варыянт», СТАА «НафтаХімТрэйддзінг» і стваранай арганізацыяй заключаецца інвэстыцыйная дамова.

Брэсцкаму аблвыканкаму даручана даць стваранай арганізацыі ў арэнду тэрмінам на 99 гадоў зямельны ўчастак агульнай плошчай не больш за 333,4 гектара, які знаходзіцца ў раёне населенага пункта Сабалі Бярозаўскага раёна, які прымыкае да аўтамабільнай дарогі М-1/Е 30 Берасьце — Менск — мяжа Расейскай Фэдэрацыі.

Комплекс «Наш родны кут Сабалi» будзе ўключаць гатэль, рэстаран, этнаграфічны музэй, аўтамабільную стаянку, лыжаролерную трасу, фэрму буйной рагатай жывёлы, а таксама інжынэрную і транспартную інфраструктуру.

Пры гэтым у дакумэнце адзначана, што арганізацыі, якія выконваюць праектаваньне і будаўніцтва названых вышэй аб’ектаў, будуць вызваленыя ад абавязковых адлічэньняў у інавацыйныя фонды, што ўтвараюцца ў адпаведнасьці з заканадаўствам, ад сабекошту выкананых імі праектных і будаўнічых работ на гэтых аб’ектах.

Юры Чыж — блізкі да Лукашэнкі беларускі бізнэсовец, зьяўляецца генэральным дырэктарам ТАА «Трайпл». Рашэньнем Рады Эўразьвязу большасьць ягоных кампаній знаходзяцца пад санкцыямі ЭЗ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG