Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Бундэстагу вітае вызваленьне Сурапіна


Дэпутат нямецкага Бундэстагу і ПА АБСЭ, нямецкі вольны дэмакрат Біджан Джыр-Сарай вітае вызваленьне Антона Сурапіна, а таксама Сяргея Башарымава.

«Зрэшты, гэта толькі першы важны крок у правільным кірунку. Далейшае абмежаваньне свабоды іх перамяшчэньня зьяўляецца непрымальным, — адзначае ў сваёй заяве нямецкі палітык. — Свабода выказваньня меркаваньняў і свабода перамяшчэньня ёсьць унівэрсальнымі базавымі правамі. Абвінавачваньні супраць студэнтаў павінны быць зьнятыя».

Сёлета ў ліпені Біджан Джыр-Сарай рашуча асудзіў дзеяньні беларускіх уладаў у сувязі з акцыяй «плюшавых мядзьведзікаў» і назваў гэта «сумным сьведчаньнем чалавечага прыніжэньня ў Беларусі з боку дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі». Тады ён заявіў пра сваю апеку над палітвязьнем Антонам Сурапіным у рамках кампаніі «Libereco — Partnership for Human Rights».

Справа Сурапіна-Башарымава і плюшавых мядзьведзікаў

З 13 ліпеня па 17 жніўня 2012 года фатограф Антон Сурапін знаходзіўся ў сьледчым ізалятары КДБ па абвінавачваньні ў спрыяньні незаконнаму перасячэньню дзяржаўнай мяжы. Сурапін разьмясьціў на сайце «Belarusian News Photos» фотаздымкі цацачных мішак, скінутых з самалёта, які парушыў дзяржаўную мяжу Беларусі.

Антон Сурапін і Сяргей Башарымаў абвінавачваюцца ў пособніцтве незаконнаму перасячэньню мяжы па ч. 6. арт. 16 і ч. 3. арт. 371 КК Беларусі. Ім зьмененая мера стрыманьня са зьняволеньня на падпіску пра нявыезд і належныя паводзіны.

Аднаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Прыкладна паўтары гадзіны ён правёў у паветранай прасторы краіны. За гэты час ён скінуў над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасьці ня толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай усіх злучэньняў і воінскіх часьцей Ваенна-паветраных сіл і Войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла прэс-служба прэзыдэнта.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасьці папярэджаны міністар абароны Юры Жадобін і начальнік Генштабу Узброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётр Ціханоўскі. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савета бясьпекі Леаніда Мальцава і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.
XS
SM
MD
LG