Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш карысьці ці шкоды прынёс плюшавы дэсант швэдзкіх піяршчыкаў? Чаму беларускія ўлады пайшлі на выдаленьне швэдзкага пасольства? Наколькі адэкватнай была рэакцыя Эўразьвязу на канфлікт паміж Менскам і Стакгольмам?Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько, дырэктар дасьледчых праграм Фінскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошас і нямецкі палітоляг Марцін Шон.

Studio Total: героі ці дурні?

Дракахруст: Сарвігаловы са швэдзкай рэклямнай агэнцыі Studio Total скінулі на Беларусь са свайго самалёціка плюшавых мядзьведзяў. Але гэтае бамбаваньне бяскрыўднымі цацкамі выклікала палітычны выбух велізарнай моцы. Адстаўкі найвышэйшых кіраўнікоў міністэрства абароны і памежнага камітэту, арышты беларускіх грамадзянаў, шалёная антышвэдзкая кампанія афіцыёзу і нарэшце — хіба не самае сур’ёзнае — фактычная дэпартацыя пасла Швэцыі і выдаленьне зь Беларусі швэдзкага пасольства ў поўным складзе. Радыёстанцыя «Нямецкая хваля» ўдала сфармулявала дылему — адважны ўчынак ці мядзьведжая паслуга? Швэдзкія піяршчыкі зладзілі правакацыю ў першасным сэнсе гэтага слова — яны хацелі выклікаць пэўную рэакцыю. І яны яе выклікалі. І хто яны — героі ці, груба кажучы, безадказныя дурні?

Андрэй Дынько

Андрэй Дынько

Дынько: Выпадак са швэдамі вельмі нагадвае выпадак з палётам Маціяса Руста ў 1987 годзе. І тады таксама было шмат тэорыяў змовы. Шмат хто думаў, што гэта сплянаваная арганізаваная акцыя, хто за гэтым стаіць, як гэта было зроблена. Час паказаў, што Руст быў проста дзіваком, проста маладым чалавекам, які так захацеў праявіць сябе, так рызыкнуць сваім жыцьцём, каб праславіцца. Мне давялося браць інтэрвію у Пэра Кромвэля пасьля гэтай акцыі і я зрабіў для сябе вывад, што гэта такія сучасныя «русты». Вядома, час памяняўся, Руст быў адзіночкай, а тут была група, гэта была прадуманая акцыя. Але падабенства для мяне відавочнае. Таму я сказаў бы, што яны ні героі, ні дурні, яны проста людзі.

Дракахруст: Аркадзь, як бы вы ацанілі гэтую акцыю? І ня толькі ў сэнсе суб’ектыўнай матывацыі, але і аб’ектыўна, да чаго гэта прывяло?

Мошас: Я думаю, што людзі выказалі сваю грамадзянскую суб’ектыўную пазыцыю. Ня ведаю, ці мелі яны намер сапраўды неяк справакаваць нешта, разгайдаць сытуацыю. Ня ўпэўнены. Мяркую, што пра нейкія доўгатэрміновыя наступствы ў комплексе яны ня думалі. Да чаго гэта прывяло — мы ўсе бачым. Да таго, што так ці інакш сытуацыя ў беларуска-эўрапейскіх стасунках чарговы раз абвастрылася і прадэманстравала чарговую негатовасьць Захаду, перш за ўсё эўрапейскіх палітыкаў, адказваць, рэагаваць на зьмены сытуацыі вакол Беларусі. І адначасова прадэманстравала здольнасьць беларускага рэжыму рабіць нейкія ўчынкі ў рэчышчы тых тэндэнцый, якія ўжо намеціліся. Нічога дзіўнага ў пляне рэакцыі Менску мы ня ўбачылі, і нічога дзіўнага з боку Захаду мы таксама не ўбачылі. Таму я ня ўпэўнены, што на самой справе тое, што мы бачым, вядзе да злому нейкага трэнду. Гэта ўсё ўкладаецца ў рамкі тэндэнцый.

Дракахруст: Марцін, а як вы ацэньваеце гэтую акцыю ў адпаведнасьці з дылемай: героі, ці дурні? Здаецца, гэта даволі звыклая стылістыка, скажам, украінская группа Femen таксама працуе ў такім правакацыйным пляне, ў Нямеччыне існуе шмат такіх і палітычных, і грамадзянскіх ініцыятываў, якія будуюць сваю палітыку і дзеяньні менавіта на пэўных правакацыях грамадзкай думкі.

Марцін Шон

Марцін Шон

Шон: Зразумела, што такое ёсьць. Гэта ўпісваецца ў новы стыль піярызацыі ўвогуле грамадзянскага пратэсту. Мне не здаецца, што галоўнае пытаньне — наконт таго, што гэта за людзі, чаму яны гэта рабілі і ці асэнсоўвалі яны, што робяць. У любым выпадку, у любой дзяржаве, у любой палітычнай сыстэме такія акцыі накіраваныя на палітычную сыстэму і яны кажуць пра саму палітычную сыстэму. Рэакцыя палітычнай сыстэмы кажа нешта пра яе прыроду і пра яе стабільнасьць. Мне здаецца, што гэты выпадак паказаў, што яны патрапілі ў самае сэрца сучаснай ідэалёгіі беларускай дзяржавы.

Гэта моцная дзяржава, якая можа разам з Расеяй бараніць тую частку славянскага сьвету, які застаўся ўнутры былога Савецкага Саюзу. І вось у гэтай карціне пайшла рэальная расколіна.

Рэакцыя Менску, сапраўды, упісваецца ў агульны зьнешнепалітычны кантэкст, як сказаў Аркадзь. Да таго ж яна паказвае, што беларускі рэжым цяпер даволі стабільны, ён можа разьлічваць на неабходную дапамогу ад Расеі. І гэта, на маю думку, адна з галоўных прычынаў, чаму Менск так адрэагаваў, магчыма, будучы ўпэўнены ў падтрымцы Расеі. Не толькі непасрэдна ў самой гэтай спрэчцы, «дыпляматычнай вайне» са швэдамі, але і ў агульнай падтрымцы, якая выяўляецца ў першую чаргу ў падтрымцы падчас парлямэнцкіх выбараў.

Ці мог Менск дзейнічаць інакш?

Дракахруст: На ваш погляд, наколькі прадказальнай была рэакцыя афіцыйнага Менску? Маглі рэагаваць інакш, маглі не пераводзіць канфлікт у дыпляматычную плоскасьць?

Шон: Мне здаецца, што наступіў такі момант, калі засталося ня вельмі шмат варыянтаў для Менску. Было зразумела, што замоўчваць гэты факт далей нельга. Мне падаецца, што вырашылі: атака — найлепшая самаабарона і што можна спрыяць таму, каб і экспэрты, і беларускае грамадзтва засяроджвалі сваю ўвагу не на факце, што непрафэсійныя лётчыкі могуць пераадолець беларускую сыстэму СПА, а на абвастрэньні стасункаў паміж Беларусьсю і Эўропай.

Дракахруст: Аркадзь, а як вы лічыце — чаму ўсё ж гэта перайшло ў дыпляматычную плоскасьць? Вось Станіслаў Шушкевіч прыгадаў, што не высылалі ж пасла Нямеччыны з СССР, калі прыляцеў Руст, а чаму тут было вырашана зрабіць так?

Аркадзь Мошас

Аркадзь Мошас

Мошас: Я думаю, што ня трэба занадта далёка праводзіць паралелі са справай Руста і з тым, што тады не высылалі пасла Нямеччыны. Не высылалі ў тым ліку таму, што ў першую чаргу ад Нямеччыны хацелі атрымліваць крэдыты. Хаця і ня толькі таму. А цяпер Беларусь і не чакае ніякай эканамічнай дапамогі ад ЭЗ.

У Менску былі два варыянты паводзінаў. Першы варыянт — гэта сапраўды пайсьці цалкам прававым шляхам, запытаць прававую дапамогу, правесьці міжнароднае расьсьледаваньне перасячэньня мяжы. Парушэньне паветранай прасторы самалётам іншай краіны — па ўсіх міжнародных мерках гэтая штука не застаецца без пакараньня. У гэтым выпадку можна было спакойна пачаць выбудоўваць нават нейкі масток паміж Менскам і Захадам. Я думаю, што такі варыянт разглядаўся, але ў выніку гэтага зроблена не было і абраны быў сапраўды варыянт эскаляцыі.

Высылка пасла фармальна з гэтым парушэньнем мяжы нават і не была зьвязаная. Таму і адказ на вашае пытаньне, які я для сябе ўяўляю, палягае ў тым, што Менск мог сабе гэта дазволіць. Ён выдатна разумеў, што на сёньняшні дзень кінуць выклік Эўропе нічога ў рэальнасьці яму ня будзе каштаваць. Можна было разьлічваць, што ў жніўні, калі ўсе міністры ў адпачынку, усё, на што можа пайсьці Эўразьвяз — гэта млявая заява аб тым, што выклічуць у МЗСы беларускіх паслоў і штосьці ім раскажуць (можна падумаць, што раней Менску пазыцыя эўрапейскіх сталіц была невядомая).

Можна было разьлічваць, што ніякіх эканамічных санкцый ня будзе, што ніякіх новых пэрсанальных санкцый ня будзе, што паслы хутчэй за ўсё не паедуць, таму што гэта было б сьмешна — зьяжджаць і вяртацца раз на тры-чатыры месяцы. Эканамічны адказ Захаду на паводзіны беларускага рэжыму зводзіцца да нуля, палова экспарту беларускіх тавараў у першай палове гэтага году — гэта экспарт у Эўразьвяз, размовы аб ізаляцыі рэжыму застаюцца размовамі. Таму часам хвалепадобныя рухі цела робяцца, але ўсё ж ні на які рэжым ізаляцыі і рэжым санкцый цяперашняя палітыка ЭЗ не падобная. Менск ведаў, што рызыкуе мінімальна.

Што ён мог выйграць такімі паводзінамі? Ня ведаю, ці трэба было Лукашэнку паказваць напярэдадні выбараў, што ён такі моцны і можа пачаць чарговы раўнд эскаляцыі напружанасьці ў адносінах з Захадам. Магчыма, для карэннага электарату беларускага рэжыму, зь яго пункту гледжаньня, гэта выйгрышная палітыка. Галоўная тое, што Менск зрабіў гэта, паколькі лічыў, што можа зрабіць і што ніякіх нэгатыўных наступстваў ад гэтага ня будзе.

Дракахруст: Андрэй, у працяг таго, пра што казаў Аркадзь — а што ўласна выйгралі? Магчыма, ён мае рацыю, што маглі сабе гэта дазволіць, што разьлічвалі, што нічога кепскага з гэтага ня будзе. А што добрага? Калі на пачатку году быў падобны крызіс, калі паслы ад’яжджалі зь Менску, так здавалася, што Менск быў усё ж зацікаўлены ў залагоджваньні дыпляматычнай вайны. Усё ж тады былі вызваленыя двое палітвязьняў, у тым ліку і былы кандыдат у прэзыдэнты. А цяпер самі распачалі канфлікт, у пэўным сэнсе на роўным месцы: афіцыйны Стакгольм ня пляскаў у ладкі сваім лётчыкам. А вось неяк перавялі стрэлкі на швэдзкую дзяржаву. Што хацелі на гэтым выйграць?

Дынько: Тут трэба адзначыць два моманты. Першы — гэта тое, што да такога выніку прывяла сама лёгіка дзеяньняў гэтага рэжыму. Калі б тое самае здарылася ў якой-небудзь іншай краіне, то спачатку б народ пасьмяяўся, потым правялі б расьсьледаваньне і прынялі б нейкія меры. Альбо не прынялі б, бо не было ж ніякай шкоды ад гэтых дзеяньняў. Тут было зусім ня так. Спачатку ўвесь апарат спрабаваў схаваць гэта. Былі няўклюдныя заявы Міністэрства абароны пра тое, што відэа палёту было вырабленае «з элемэнтамі фоташопу». Была такая звычайная дэмагогія ў стылістыцы «броня крепка и танки нашы быстры». Калі выявілася, што гэта немагчыма схаваць, то трэба было гэта неяк кампэнсаваць. І тады ўжо працуе закон кампэнсацыі, калі адказ мусіць быць таксама моцны.

І другі момант — гэтаму рэжыму ўвесь час трэба падтрымліваць свой імідж жорсткага рэжыму, жорсткай улады. На гэтым ён і стаіць. Дзеля падтрыманьня гэтага іміджу і былі ўжытыя такія захады, у тым ліку і захады дыпляматычнай вайны.

«Закон эскаляцыі — паўтара ўдара ў адказ на ўдар»

Дракахруст: Сытуацыя з фактычным выдаленьнем зь Беларусі пасольства Швэцыі сталі прадметам абмеркаваньня ў Эўразьвязе. Гаварылася нават пра магчымасьць адкліканьня зь Менску паслоў усіх краін Зьвязу, як тое ўжо было на пачатку гэтага году. Але такі жорсткі і двусечны крок вырашылі пакуль не рабіць, пачакаць прынамсі да завяршэньня парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Але прынятае рашэньне пра скарачэньне адносінаў з афіцыйным Менскам (хаця, здавалася б, куды ўжо далей скарачаць). Наколькі адэкватнай вам падаецца такая рэакцыя? Ці магчыма, што пасьля выбараў, вынікі якіх можна прадбачыць, рэакцыя будзе больш жорсткай?

Мошас: Швэдзкая рэакцыя была правільнай. Тэорыя эскаляцыі кажа, што на любым узроўні эскаляцыі вы павінны быць у стане даць большы адказ, чым выклік. Мы ведаем, хто пачаў цяперашнюю фазу эскаляцыі. Яе пачаў Менск. Паўтару, што фармальна зьвязаць высылку пасла і парушэньне паветранай прасторы Беларусі немагчыма. Гэта розныя рэчы. Менск пачаў эскаляцыю, і швэды адказалі ня ўдарам на ўдар, а паўтара ўдара на ўдар. Прынамсі гэтая лінія паводзінаў мае лёгіку.

Эўрапейскі Зьвяз у гэтай сытуацыі павінен быў не пабаяцца пайсьці ізноў на меры салідарнасьці, на поўнае адкліканьне паслоў. Цалкам відавочна, што забясьпечыць салідарнае рашэньне такога парадку на сёньняшні момант немагчыма. Некаторыя эўрапейскія дыпляматы, наколькі мне вядома, папікалі швэдаў за іх рэакцыю.

Рэакцыя павінна быць такой, каб другому боку «неповадно было» раскручваць гэтую сьпіраль эскаляцыі. Сёньня такой пэрспэктывы няма. Гэта ўпісваецца ў больш агульны кантэкст беларускай палітыкі Захаду і Эўропы ў прыватнасьці, якой на сёньняшні момант не існуе. Нейкія рашэньні прымаюцца, нешта робіцца, часам нейкія рэчы працуюць, але мы назіраем, што існуе выключна вэрбальная дыпляматычная пазыцыя, якая не падмацоўваецца ні эканомікай, дый увогуле не выконваецца на міжнародна-прававым узроўні.

На прававым узроўні гэта ўпіраецца ў адно пытаньне: «Ці прызнаюць эўрапейцы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі?» Калі не, то паслы не павінны ўручаць яму даверчыя лісты. Калі яны ўручаюць яму даверчыя лісты, то такім чынам дэ-факта гэты чалавек прызнаецца легітымным прэзыдэнтам Беларусі.

Наступнае пытаньне аб выбарах. Што ўласна павінна сэртыфікаваць місія АБСЭ? Зразумела, што якасьць выбараў ня будзе адпавядаць прызнаным эўрапейскім стандартам. Тым ня менш, робіцца выгляд, што мы ўсё ж пачакаем да канца верасьня, пакуль будзе напісаны вэрдыкт. А раптам усё пераменіцца і выбары ўсё ж стануць дэмакратычнымі. Калі гэтага не адбудзецца, то тады за месяц да 31 кастрычніка мы, Эўразьвяз, выпрацуем нейкую пазыцыю. Мне ў гэта верыцца зь цяжкасьцю, я лічу, што калі пазыцыя так і не была выпрацаваная за час, які прайшоў з прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, то верагоднасьць таго, што яна узьнікне да 31 кастрычніка, вельмі малая.

Дынько: Унутры Беларусі нам цяжэй ацэньваць крокі эўрапейскай дыпляматыі. Я тут хутчэй не пагадзіўся б. Мне падаецца, што такая стрыманая рэакцыя — гэта нармальна. Яна паказвае, што Эўрапейскі зьвяз ня хоча звужэньня адносінаў зь Беларусьсю, хоча захаваць магчымасьці для нармальнай супрацы. Калі б паслы былі адкліканыя, то гэты крок прывёў бы да большай эскаляцыі канфлікту, што не ішло б на карысьць ні грамадзянам Беларусі, ні краінам Эўразьвязу.

Дракахруст: Марцін, ваш суайчыньнік, Аляксандар Рар, выступаючы па беларускім тэлебачаньні, сказаў, што Эўразьвязу ўвогуле ня варта было ўлазіць у гэты канфлікт. Гэта канфлікт паміж Менскам і Стакгольмам. І дарма Стакгольм спрабаваў Брусэль прыцягнуць да гэтага канфлікту. Быць можа і сапраўды так?

Шон: Што тычыцца такіх непасрэдных адкрытых канфліктаў, краіны Эўразьвязу і Беларусі, павінны паказваць сваю салідарнасьць. Эўразьвяз паказаў бы сваю слабасьць і нізкі ўзровень інтэграцыі, калі б не адрэагаваў разам на гэтую сытуацыю. Гэта, на мой погляд, зразумела. Мне таксама здаецца цікавым пытаньне наколькі добра ці нядобра адрэагаваў Эўразьвяз. Я згодны з Андрэем, што на першы погляд гэта выглядае даволі прафэсійна, што Эўропа не дала сябе справакаваць на нешта. З другога боку, яно паказвае таксама нейкую бездапаможнасьць Эўразьвязу. Насамрэч, а якія варыянты ёсьць? Эўропа па-ранейшаму ня можа ці няздольная так націснуць на Менск, каб дамагчыся свайго. Значыць, ёсьць толькі тры варыянты. Першы — ігнараваць, як прапанаваў спадар Рар, што немагчыма. Другі — пайсьці на жорсткі канфлікт, які толькі што быў і ніякіх вынікаў ня даў, пад канец Эўразьвяз вымушаны быў супакоіцца і ўсё ж вярнуць сваіх паслоў. І трэці кампрамісны варыянт: з аднаго боку, мы твар не згубілі, а з другога боку, мы не павінны паказаць, што ня можам дасягнуць нечага большага.

Дракахруст: Аркадзь, у мяне два пытаньні ў сьвятле нашай дыскусіі. Вось вы сказалі, што можа быць варта было адклікаць паслоў, але раней сказалі, што гэта было б сьмешна, калі б паслы ад’яжджалі кожны квартал. На ваш погляд паслы павінны былі выехаць і заставацца за межамі Беларусі да тае пары, пакуль Лукашэнка будзе кіраваць?

Мошас: Увесну сёлета яны зьехалі з Беларусі, але ім не давялося застацца за яе межамі да таго часу, пакуль ва ўладзе застаецца Лукашэнка. Праз досыць кароткі па гістарычных мерках пэрыяд яны вярнуліся, але ня проста вярнуліся, а так ці інакш, а некалькі палітвязьняў былі вызваленыя. Вось гэта сыгнал, які зводзіцца да дэманстрацыі плёну рашучасьці дзейнічаць. Яна працуе. Прынамсі вясной працавала. Я разумею, што і цяпер паслы напэўна ня вельмі хочуць ехаць. Паколькі, адна справа — быць паслом, калі ты цар і Бог у пасольстве ў іншай краіне. А іншая справа, калі ты сядзіш у кабінэце ў сваім МЗС і чакаеш нейкіх інструкцый. І шмат іншых фактараў тут прысутнічаюць. Кароткі адказ такі: увесну ад’езд паслоў прывёў да чаканых вынікаў. Сёньня нерашучасьць Эўрапейскага зьвязу і няздольнасьць адклікаць паслоў прыводзіць да таго, што да 31 кастрычніка мы будзем чакаць яшчэ чагосьці. Так, можа быць паўторны ад’езд паслоў і выглядаў бы сьмешным, але ўсе мы ведаем, што добра сьмяецца той, хто сьмяецца апошні.

Хто сьмяецца апошні?

Дракахруст: Якраз наступная наша тэма — хто ж сьмяецца апошні. На думку некаторых у цяперашняй дыпляматычнай вайне паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, як і ва ўсіх падобных войнах, ёсьць «трэці, які радуецца» — гэта Расея. Як нехта пажартаваў у блогасфэры — ці не ад Мядзьведзева ў падарунак былі тыя плюшавыя «дэсантнікі». На гэтым тыдні Менск наведаў міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, які, апроч іншага, паабяцаў сваім беларускім суразмоўцам змагацца за прызнаньне вынікаў верасьнёўскіх парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Што насамрэч можа атрымаць Расея з гэтага чарговага канфлікту паміж Менскам і Брусэлем?

Дынько: Перш чым адказаць на вашае пытаньне, я хацеў бы зрабіць невялікую рэпліку на адрас Марціна Шона. Вось ён кінуў такі выраз, як «бездапаможнасьць Эўразьвязу». Ведаеце, мне падаецца, што ў палітычных гульнях нам можа хацецца, каб тут усё разьвівалася па нейкіх інтрыгоўных кіношных сцэнарах. Насамрэч у палітыцы няма нічога больш каштоўнага за мір і за гандаль. І насамрэч бездапаможнасьць Эўразьвязу азначае тое, што ён вельмі разумна не жадае ўцягвацца ў нейкія там войны і парушаць гандаль. Мір і гандаль — гэта тое, што зьмяняе наш кантынэнт, у тым ліку і Беларусь, да лепшага.

Што тычыцца Масквы, то вельмі цікавую цытату вы, спадар Дракахруст, прывялі з Аляксандра Рара. Аляксандр Рар, які фактычна трансьлюе жаданьні Масквы, і ў гэтай сытуацыі прадэманстраваў, што Маскве хацелася б, каб Эўразьвяз быў падзелены, каб Эўропа размаўляла не адным голасам, каб можна было паасобку разьбірацца з больш слабымі краінамі Эўразьвязу. У гэтай сытуацыі Масква насамрэч чарговы раз проста трапіць у пастку сваёй імпэрскай сьвядомасьці, бо па вялікім рахунку пагаршэньне адносінаў Беларусі з Эўразьвязам пацьвердзіла рэпутацыю Беларусі як краіны аўтарытарнай, дыктатарскай, дзе правы чалавека парушаюцца, дзе ў тым ліку і бізнэс можа сутыкацца зь нейкімі нечаканымі рызыкамі. Паглядзіце, напрыклад, як швэдзкі бізнэс адрэагаваў на гэтую сытуацыю, ён фактычна ўбачыў сябе ў сытуацыі закладніка. Гэта азначае, што Маскве пры гэтых абставінах трэба будзе павялічваць субсыдыі для Беларусі. І канчатковым вынікам любога пагаршэньня адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам выходзіць удар па кашальку Масквы.

Дракахруст: Аркадзь, ці ня лічыце вы, што такая млявая рэакцыя Эўразьвязу апроч шэрагу іншых фактараў была абумоўлена гэтай вечнай дылемай, якая існуе ўжо 20 гадоў, што варта было б адказаць паўтара ўдара на ўдар, але, калі мы будзем паводзіць сябе так, ці ня ўцісьнем мы Беларусь у Расею, ці не падыграем мы фактычна Маскве, ці не аддамо вось гэтага нашага суперніка па канфрантацыі фактычна ў рукі Маскве? На ваш погляд, такі фактар меў месца?

Мошас: Калі і меў, то ён відавочна ня быў фактарам першага або нават другога парадку. У постсавецкай гісторыі стасункаў Расеі і Беларусі з Эўропай былі розныя пэрыяды. Быў пэрыяд, калі Захад наогул лічыў, што Беларусь досыць арганічна павінна заставацца, калі ня ў сфэры ўплыву, то, прынамсі, у сфэры пераважных інтарэсаў Расеі. Уласна гэта ўсё памянялася ў сярэдзіне 2000-х гадоў. Быў пэрыяд з 2008 году да сярэдзіны 2011 году або пачатку 2012 году, калі Захад спрабаваў неяк змагацца за Беларусь. Цяпер мне здаецца, што пачаўся новы пэрыяд, калі мы вяртаемся да таго, што час адмаўляцца ад барацьбы за Беларусь, як адмаўляцца ад погляду на ўсю гэтую прастору як арэну геапалітычнай канкурэнцыі. Прынамсі, такія сілы ў Эўропе існуюць, якія лічаць, што калі Расея можа ўсё гэта так ці інакш стабілізаваць і субсыдыяваць, то няхай яна гэтым і займаецца. Ідзе адступленьне ад такіх рэчаў, як каштоўнасная палітыка, як прасоўваньне дэмакратыі. Сапраўды, прагматычныя моманты, як гандаль, бяруць усё большую вагу пры прыняцьці рашэньняў. Я ня буду казаць, што Беларусь сьпісалі, што цалкам пагадзіліся з тым, што яна назаўсёды будзе ў сфэры пераважнага ўплыву Расіі. Але мне здаецца, што так ці інакш у пэўнай ступені адмова адбылася. Хоць я дазволю сабе выказаць такую парадаксальную думку: мне здаецца, што зараз можа крыху зьменшыцца і актыўнасьць Расеі ў гэтым кірунку. Таму што Маскву цалкам задавальняе тое, што статус кво адноўлены. Я ня думаю, што Масква што-небудзь выйграла ад цяперашняга раўнду абвастрэньня сытуацыі. Я лічу, што тут працэс ідзе сваім парадкам.

Шон: Зразумела, што ёсьць агульны працэс прыцягненьня да Расеі. У гэтым я цалкам згодны з Аркадзем. Я сказаў бы, што ў гэтым кантэксьце Расея прынамсі выйграла ў тым, што не палепшыліся іншыя варыянты для Беларусі. Проста і зразумела, што раней Беларусь яшчэ магла непасрэдна размаўляць з Эўразьвязам пра нейкае паляпшэньне стасункаў і, калі гэтае паляпшэньне адбывалася, у Беларусі існавала больш магчымасьцяў для манэўру. Чым больш такіх дыпляматычных войнаў, тым менш магчымасьцяў. Адзіным рэальным варыянтам для Беларусі ўсё болей робіцца інтэграцыйны працэс з Расеяй. У гэтым кантэксьце я хацеў бы яшчэ дадаць да таго, што Андрэй Дынько сказаў пра падыход міру і гандлю. Я гэты падыход па сваіх каштоўнасьцях падтрымліваю. Але тое, як цяпер Эўразьвяз выкарыстоўвае свае дыпляматычныя інструмэнты, не дае ніякіх вынікаў. Я магу казаць пра тое, што ў мяне ёсьць агульная каштоўнасьць міру і гандлю, але ў мяне ў дыпляматычных стасунках, у стасунках зь іншымі дзяржавамі, ёсьць нейкія мэты, якіх я хачу дасягнуць. І я павінен імкнуцца да дасягненьня гэтых мэтаў. А яны пакуль не дасягаюцца.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG