Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кунцаўскі суд Масквы прызначыў на 7 верасьня разгляд па сутнасьці грамадзянскага пазову жыхаркі Новасібірску Ірыны Рузанкінай да ўдзельніц панк-гурту Pussy Riot.

Рузанкіна патрабуе спагнаць зь дзяўчат 30 тысяч рублёў - у выглядзе кампэнсацыі за маральныя пакуты, спрычыненыя ёй панк-малебнам у храме Хрыста Збаўцы. У Кунцаўскі суд пададзены яшчэ два падобныя пазовы ад жыхароў Новасібірску.

А Масгарсуд сёньня перанёс на 22 жніўня разгляд скаргі саміх удзельніц Pussy Riot - на падаўжэньне ім арышту падчас судовага разбору да сярэдзіны студзеня 2013 году. Такое рашэньне прынята з-за няяўкі іх адвакатаў. У мінулую пятніцу Хамоўніцкі суд прысудзіў Марыю Алёхіну, Надзею Талаконьнікаву і Кацярыну Самуцэвіч да двух гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы іх вінаватымі ў хуліганстве.

Сёньня ў паліцыі паведамілі, што крымінальная справа ў дачыненьні да астатніх удзельніц панк-групы выдзелена ў асобную вытворчасьць, яны абвешчаныя ў вышук. На відэароліку, разьмешчаным у Інтэрнэце, відаць, што ў панк-набажэнстве ўдзельнічалі чатыры дзяўчыны. Pussy Riot ня мае сталага складу. Паводле саміх удзельніц, у яе ўваходзіць да 10 чалавек. Сёньня адвакат зьняволеных дзяўчат яшчэ раз пацьвердзіў, што прасіць памілаваньня яны не зьбіраюцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG