Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд па справе Дашкевіча адбудзецца 28 жніўня


Суд па новай крымінальнай справе супраць лідэра «Маладога фронту», Зьміцера Дашкевіча прызначаны 28 жніўня ў папраўчай калёніі № 13 у Глыбокім.

Пасяджэньне будзе закрытым, паведамляе сайт МФ.

18 снежня 2010 году, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, Зьміцера Дашкевіча і яго паплечніка Эдуарда Лобава затрымалі ў Менску нібыта за тое, што яны зьбілі двух жыхароў гораду.

24 сакавіка 2011 году Дашкевіча пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Пазьней супраць Дашкевіча распачалі новую справу — паводле крымінальнага артыкулу «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якая ажыцяўляе пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі».

Калі Дашкевіча прызнаюць вінаватым, яму пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам да год.

Пакуль жа яму застаецца адбыць пяць месяцаў пакараньня.


Палажанка: «Будзе новая калёнія, новы тэрмін. І так бясконца»


Паплечніца Зьміцера Дашкевіча, ягоная нявеста Наста Палажанка заявіла «Свабодзе»:

Наста Палажанка

Наста Палажанка

«У прынцыпе нам нічога асаблівага па гэтай справе невядома. У ёй не ўдзельнічае адвакат. Зьміцер адмовіўся ад адваката, паколькі ён ня хоча, каб з гэтага працэсу рабілі выгляд, што праходзіць сапраўднае паседжаньне з юрыдычнымі паўнамоцтвамі. Ён разумее, што ад яго на гэтым працэсе нічога не залежыць і ўсё будзе вырашацца паводле загаду.

Зьміцер максымальна імкнецца не арыентавацца на гэты суд і нават не згадваць пра яго. Хоць, канечне, ён рыхтуецца да таго, што будзе далей, рыхтуецца да новага этапу. Ужо вядома, што адразу пасьля суду ён будзе пераведзены ў віцебскае СІЗА. Адтуль ён будзе абскарджваць прысуд, які яму вынясуць. Адтуль для яго будзе новая калёнія, новы тэрмін. І так бясконца».
XS
SM
MD
LG