Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бародзіч-Смаліньскі: Праблема не ў асобе кіраўніка МЗС Беларусі


Войцех Бародзіч-Смаліньскі

Войцех Бародзіч-Смаліньскі

Прызначэньне Ўладзімера Макея на пасаду кіраўніка МЗС і значэньне гэтага прызначэньня для адносінаў Беларусі з ЭЗ мы папрасілі пракамэнтаваць намесьніка дырэктара польскага Цэнтру міжнародных адносінаў Войцеха Бародзіча-Смаліньскага.

Бародзіч-Смаліньскі: Я думаю, што для беларуска-эўрапейскіх адносінаў гэта вялікіх наступстваў мець ня будзе. Праблемы адносінаў паміж Беларусьсю і ЭЗ не зводзяцца да праблемы кіраўніка беларускай дыпляматыі.

Магчыма, сп-р Мартынаў проста вельмі доўга быў міністрам, стварыў атачэньне, якое працуе на яго. З другога боку, ягонае прозьвішча ў ЭЗ ўжо няшмат азначае. Ён ня змог стаць уплывовай асобай у колах ЭЗ і «Ўсходняга партнэрства».

Што ж тычыцца сп-ра Макея, то ў ЭЗ і на Захадзе ў цэлым ён успрымаецца, як тая асоба, зь якой зьвязаныя новыя адносіны паміж Беларусьсю і ЭЗ, якія былі ў 2008–2010 гадах. Лічыцца, што гэтая асоба адкрытая да дыялёгу і якая можа паўплываць на пацяпленьне адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам.

Але праблема — не ў асобе кіраўніка МЗС Беларусі. Прызначэньне Макея можа азначаць, што Беларусь імкнецца да большай адкрытасьці ў стасунках з ЭЗ. Мяркую, што ў бліжэйшы час адбудуцца нейкія падзеі, па якіх Эўропа зможа ацаніць, ці сапраўды Беларусь хоча рабіць крокі насустрач, ці проста хоча іх імітаваць.

Карэспандэнт: Спадар Макей — у сьпісе неўязных у краіны ЭЗ. Ягоны папярэднік спадар Мартынаў быў адмыслова ня ўключаны ў гэты сьпіс, каб Эўропа магла мець пэўны канал камунікацыі з афіцыйным Менскам. Як будзе адбывацца камунікацыя з новым міністрам?

Бародзіч-Смаліньскі: Ёсць варыянты. Магчыма, кожны раз, калі ў эўрапейскіх міністраў узьнікне патрэба паразмаўляць з беларускім калегам, будзе давацца адмысловы дазвол. Але ня выключана, што цяперашняе прызначэньне — своеасаблівы тэст, калі ЭЗ прыпыніць дзеяньне візавых санкцый адносна сп-ра Макея, гэта будзе азначаць, што ў Брусэлі прынялі сыгнал, пасланы Менскам.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG