Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інвэстары наракаюць на беларускую бюракратыю


Амэрыканскі бізнэсовец Васіліюс Марфапалас не спыняе спробаў інвэставаць у Беларусь, хоць папярэднія намаганьні паўдзельнічаць у шэрагу бізнэс-праектаў скончыліся бясплённа.

Па словах мультымільянэра, рэалізацыі выгадных для абодвух бакоў задумаў часта перашкаджае неразваротлівая беларуская бюракратыя, але гэтым разам ён заручыўся падтрымкай на больш высокім узроўні.

Інвэстыцыйная кампанія доктара Марфапаласа працуе ў многіх краінах сьвету, яе прадстаўніцтвы ёсьць у Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Бразыліі, Расеі ды іншых рэгіёнах. Спробы замацавацца ў Беларусі пакуль выніку не далі, аднак бізнэсовец кажа, што папярэднія перамовы з кіраўніцтвам Гарадзенскай вобласьці яго абнадзеілі. У выпадку рэалізацыі задумаў аб’ёмы інвэстыцый могуць скласьці сотні мільёнаў даляраў:

«Падчас сустрэчы з губэрнатарам Гарадзенскай вобласьці спадаром Шапірам разглядаўся вялікі праект разьвіцьця галіны аграбізнэсу. Што маецца на ўвазе. Перадусім, гэта будаўніцтва паводле новых тэхналёгій сьвінагадоўчых комплексаў, курыных фэрмаў — „полтры“, якія здолеюць даць штуршок для ўсяго рэгіёну. Спадар Шапіра выказаў вялікую зацікаўленасьць, мы паабяцалі са свайго боку найхутчэй паспрыяць, каб гэты маштабны праект ажыцьцявіць. Увогуле, гэта некалькі асобных праектаў, якія ў пэрспэктыве мусяць рэалізоўвацца комплексна. Калі казаць пра памер інвэстыцый, то гэта дзесьці 200 мільёнаў даляраў і нават вышэй. Усё, канечне, будзе залежаць ад прадуктыўнасьці згаданых комплексаў, але гаворка пра ўкладаньні ў Гарадзенскую вобласьць сотняў мільёнаў даляраў».

Паводле Васіліюса Марфапаласа, вядзецца маніторынг і іншых беларускіх абласьцей, якія маглі б уяўляць інвэстыцыйны інтарэс, але Гарадзеншчына мае прыярытэт з гледзішча лягістычнай прывабнасьці:

«Мы хацелі б пачаць з праекту вырошчваньня бройлераў, каб ацаніць магчымы размах і далейшую нашу прысутнасьць у рэгіёне. Апроч таго, што мы зацікаўленыя пашыраць бізнэс у напрамку сьвінагадоўлі і перапрацоўкі мяса на каўбасы, сардэлькі, рулеты, а таксама разглядаем магчымасьць вырошчваньня козаў. У Беларусі ў прамысловых маштабах гэтая галіна практычна не прысутнічае. Была сустрэча і з намесьнікам губэрнатара Віцебскай вобласьці, абмяркоўваліся некалькі досыць цікавых праектаў, над якімі мы гэтаксама зьбіраемся працаваць. І тут таксама ўсё будзе залежаць ад хуткасьці дзеяньняў нашых партнэраў — то бок, кіраўнікоў віцебскага рэгіёну. Магу адзначыць цікавы праект ў галіне фармакалёгіі, разьвіцьцё тых жа курыных фэрмаў. Таксама нямала прапановаў, якія яшчэ будзем узгадняць».

Ці падзяляе амэрыканскі бізнэсовец пашыранае меркаваньне, што весьці бізнэс у Беларусі замежным інвэстарам ня толькі складана, але і небясьпечна?
Разглядаем магчымасьць вырошчваньня козаў. У Беларусі ў прамысловых маштабах гэтая галіна практычна не прысутнічае

«Беларусь мае досыць надзейны і стабільны бізнэс-асяродак, але ёсьць шмат магчымасьцяў для яго пашырэньня. Чаго не хапае — дык гэта ведаў, досьведу мэнэджмэнту праектаў, якія трэба рэалізаваць. То бок, людзі яшчэ не настолькі падрыхтаваныя, каб рухацца хутка наперад і ажыцьцяўляць ідэі. Няма такога паняцьця, як дрэнныя бізнэс-інвэстыцыі. Проста яшчэ не падрыхтаваны народ, каб весьці бізнэс на ўзроўні ўсясьветнага мэнэджмэнту, каб пісьменна працаваць з замежнымі інвэстарамі і рабіць больш спрыяльным дзелавы клімат у краіне. Мы сустракаліся са спадаром Карагіным, які, як я разумею, зьяўляецца адным з кіраўнікоў інтэпрэнэраў і прадпрымальнікаў у Беларусі. Чалавек вельмі настойлівы, шмат ведае, і менавіта такія людзі могуць дапамагчы бізнэс-супольнасьці стаць больш прасунутымі. Бо ў іх існуе адпаведная плятформа і яны рэальна дапамагаюць бізнэсоўцам. Вось да людзей такога рангу трэба прыслухоўвацца і яны могуць аказаць рэальную дапамогу для дзелавых людзей Беларусі».

Нягледзячы на пэўны аптымізм, Васіліюс Марфапалас асьцерагаецца, што з улікам ранейшага няўдалага досьведу змаганьня зь бюракратыяй прыход на беларускі рынак можа расьцягнуцца на неакрэсьлены тэрмін:

«Так, існуюць праблемы бюракратычнага кшталту. Чыноўнікі, будзем гаварыць адкрыта, не аказваюць адпаведную дапамогу для падтрымкі бізнэсу. Да прыкладу: некалькі гадоў таму мы ўдзельнічалі ў праекце пабудовы лягістычнага цэнтру ў Нацыянальным аэрапорце „Менск“. Якраз падчас нашай размовы спадар Карагін зноў згадаў пра гэты праект, назваўшы яго вельмі патрэбным і важным для краіны. Мы зь ім пагадзіліся, але, у сваю чаргу, нагадалі, што 5-6 гадоў таму мы займаліся гэтым праектам вельмі актыўна. Але і да сёньняшняга дня ня зроблена практычна нічога. Натуральна, чыноўнікі прыходзілі і сыходзілі, яны і надалей будуць мяняць адзін аднаго, але дзеля таго, каб справа зрушылася зь мёртвай кропкі, павінна быць актыўнасьць і апэратыўнасьць з боку кіраўніцтва краіны, каб дапамагчы Беларусі рухацца наперад нашмат шпарчэй, як гэта робяць многія іншыя дзяржавы. Чаго мы вам таксама шчыра жадаем. Тым больш, калі гаворка ідзе пра мультымільённыя ўкладаньні, а можа нават і мільярдныя».

З ахалоджваньнем беларуска-амэрыканскіх адносінаў прысутнасьць заакіянскіх кампаній у Беларусі істотна скарацілася і ў асноўным прадстаўленая такімі ўсясьветнымі брэндамі як McDonald’s Corporation, Coca-Cola Company, Visa International, MasterCard Incorporated.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG