Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму вызвалілі журналіста і рыэлтара, арыштаваных па «плюшавай» справе — ня служачы ані ў адміністрацыйных, ані ў праваахоўных органах, адназначна на гэтае пытаньне, зразумела, не адкажаш. Людзі адтуль проста ведаюць дакладны адказ. Але аналёгіі і пэўнае веданьне таго, як працуе сыстэма, дазваляюць рабіць па меншай меры праўдападобныя гіпотэзы.

Відаць, адразу трэба адкінуць вэрсію, што ў КДБ разабраліся, што арыштаваныя да плюшавага дэсанту — ні сном, ні духам, дый вызвалілі, што ж невінаватых за кратамі трымаць? Падаецца, што віна і невінаватасьць у гэтай сыстэме наагул ня маюць істотнага значэньня. У справах, калі прафэсары і акадэмікі чамусьці «лаюцца матам», сумневаў не ўзьнікае, а тут раптам узьніклі. Бывае, хаця і вельмі рэдка, калі сапраўды, скажам, суды апраўдваюць абвінавачаных у «бруднай лаянцы» ці ў распаўсюдзе «антыдзяржаўных» друкаваных матэрыялаў. Але гэта звычайна тычыцца даволі лякальных выпадкаў, якія ня маюць і на каліва таго грамадзкага рэзанансу, які мелі справы Сурапіна і Башарымава. Ня іх асабістыя, зразумела, справы, а справа плюшавага дэсанту.

Малаверагодным падаецца тлумачэньне, што журналіста і рыэлтара прыхапілі проста ад роспачы, ад адчуваньня, што трэба ж хуценька знайсьці хоць неяк датычных да справы людзей, а як сышла роспач, дык і непатрэбныя сталі. Часам так здараецца, варта прыгадаць расповед Лукашэнкі, што пасьля выбуху ў мэтро 11 красавіка 2011 году таксама напачатку затрымалі пэўную колькасьць падазраваных. Але гэтую вэрсію, так выглядае, абвяргае час. Калі б Сурапіна і Башырымава патрымалі суткі, трое сутак, тыдзень — можна было б казаць пра роспач і хапаньне таго, хто патрапіў пад руку. А так — не.

Да таго ж вызваленьнем Сурапіна і Башарымава ўлады ў пэўным сэнсе зачынілі для сябе магчымасьць даволі плённай, па меншай меры ў прапагандысцкім пляне, гульні. Толькі лянівы не напісаў, што Антон і Сяргей былі своеасаблівым «жыўцом», на якога лавілі швэдаў з Studio Total. Але калі рыба не ідзе «на жыўца», «жыўца» рэдка выпускаюць на волю.

Насамрэч гэта была двайная пастка. Прыедуць (на што хаця і мізэрны шанец, але быў) — добра, вінаватыя швэды апынуцца ў пяшчотных руках беларускай Фэміды. Не прыедуць (што і адбылося) — адкрыюць россып магчымасьцяў для іх дыскрэдытацыі: маўляў, нашкодзілі, цяпер у сваім Стакгольме «Хайнэкен» жлукцяць ды грошыкі падлічваюць, а тут беларусы празь іх за кратамі гніюць. Ну не вяршыня прапагандысцкага майстэрства, але нішто сабе.

І гэтая піяр-апэрацыя нібыта і пачалася: пра баязьліўцаў-швэдаў заявіў прэсавы сакратар КДБ Беларусі, ў байнэце зьявіўся ліст нібыта аднаклясьніка Сурапіна, напісаны суконнай мовай прапаршчыка КДБ, у якім аўтар таксама папікаў швэдаў за тое, што кінулі Антона ў бядзе.

«Дзікае паляваньне» панеслася ўскач. І адразу ж спынілася. Пэр Кромвэль і яго калегі могуць цяпер піць свой «Хайнэкен» безь ніякіх маральных пакутаў, яны нават абстрактна не адказныя за лёс Сурапіна і Башырымава, якія выйшлі на волю. А вось беларускім чэкістам застаецца заліваць айчынным «Лідзкім» смутак ад таго, што незямной прыгажосьці гульня накрылася медным тазам, прычым крыху нават ганебна для іх.

Ну ня любіць там выпускаць тых, каго затрымалі, «органы не памыляюцца», як казалі ў свой час. Ну, а выпускаць, разбураючы яшчэ і ўласную спэцапэрацыю — гэта наагул нонсэнс.

Ну і што адсюль вынікае? Што вызваленьне Сурапіна і Башырымава — чыстай вады палітыка. І за аналёгіямі хадзіць далёка ня трэба: апошняя справа Андрэя Пачобута разьвівалася паводле падобнага сцэнару. Спачатку пасадзілі, завялі крымінальную справу, потым вызвалілі пад падпіску. Справу не закрылі, але Андрэй апынуўся на волі. Што тады спрацавала — дакладна не вядома. Магчыма, вызваленьне Пачобута стала пэўнай зьдзелкай, каб у адказ падчас паездкі Аляксандра Лукашэнкі на Euro-12 у Кіеў польскі прэзыдэнт не ўчыніў ніякага дэмаршу, можа нешта іншае, але ў любым выпадку — палітыка. У справе Пачобута таксама не было ніякіх спэцыфічна праваахоўных, чэкісцкіх матываў, каб яго спачатку браць, а потым выпускаць.

Ня выключана, што наконт плюшавай справы прыйшлі да высновы, што ў рэакцыі крыху (і нават не крыху) перабралі. Рэпліка Лідзіі Ярмошынай наконт таго, што «плюшавая» справа паўплывае на вэрдыкт назіральнікаў АБСЭ — магчыма ня толькі дэмагогія (а іншых падставаў не прызнаваць нібыта і няма?), але і канстатацыя, што заходні бок здольны на непрыемныя і далёкасяжныя адказы.
Да таго ж у беларускіх уладаў ад пачатку быў абсалютна законны шлях — міжнародны перасьлед сарві-галоваў са Studio Total за бясспрэчнае правапарушэньне — незаконнае перасячэньне мяжы. Ім за гэта пагражаюць, зразумела, не «Ваўчыныя норы», але і не мэдаль за адвагу.

Але для рэалізацыі гэтага пляну паводзіны афіцыйнага Менску ў межах гэтай справы павінны былі хаця б мінімальна адпавядаць прынцыпам таго самага права. Арышт і ўтрыманьне за кратамі Башарымава і Сурапіна ім не адпавядалі.

Жаданьне абазначыць гатоўнасьць спыніць эскаляцыю канфлікту са Стакгольмам, а фактычна — з усім Эўразьвязам, плюс жаданьне паспрабаваць чыста прававы шлях ушчуваньня Studio Total — вось якой, гледзячы па ўсім, была цана свабоды Антона і Сяргея.

Гэтая інтэрпрэтацыя, дарэчы, выдатна адпавядае сёньняшняй замене Сяргея Мартынава на Ўладзімера Макея. Ня будзем вызначаць, хто там «ястраб», а хто «голуб», але тое, што і ў Беларусі, і асабліва на Захадзе ў Макея была рэпутацыя «архітэктара» нармалізацыі адносінаў паміж Беларусьсю і ЭЗ у 2008–2010 гадах — гэта пэўна. Такая рэпутацыя — гэта актыў, прызначэньне на МЗС чыноўніка з такой рэпутацыяй — знак, сыгнал намеру ўнесьці ў зьнешнюю палітыку карэктывы ў адпаведным накірунку. І вызваленьне Сурапіна і Башарымава выглядаюць своеасаблівым пралёгам сёньняшняга прызначэньня, дэманстрацыяй, што акрамя словаў будуць і некаторыя справы.

Зразумела, ня варта чакаць, што Беларусь адразу вернецца (ці наагул вернецца) ў 2008 год, так бы мовіць, у 18 сьнежня 2010 году, але пэўных жэстаў чакаць варта. І вызваленьне журналіста і рыэлтара — першы зь іх.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG