Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​«Пасьля Першай сусьветнай вайны нас, дзяцей, крыху падкармлівала Амэрыка», — успамінала Ларыса Геніюш у сваёй «Споведзі». Камэнтуючы тэкст, я заўсёды сутыкаўся з недахопам канкрэтных зьвестак па гэтай тэме. Пасьля выхаду ў сьвет кнігі «Прыгоды АРА ў Беларусі» патрэбнай інфармацыі хапае ня толькі на грунтоўныя камэнтары, але і на гістарычны раман ці прыгодніцкі кінасэрыял. Аўтар кнігі Аляксандар Лукашук — сёньня мой суразмоўца.

— Спадар Аляксандар, усе, хто служыў у савецкім войску, ведаюць, што ара — гэта прадстаўнікі каўкаскіх рэспублік. Аказваецца — ня толькі. Дык што ж такое АРА, чыёй дзейнасьці і прысьвечаная вашая кніга?

— Міхась, гэта, відаць, самае незвычайнае уступнае пытаньне, якое я калі-небудзь чуў. Адкажу так: калі да АРА дадаць адну літару, то гэта і будзе адказ — «мАРА». АРА — гэта, відаць, адно з найвышэйшых у гісторыі чалавецтва ўвасабленьняў гуманістычных ідэяў дапамогі. Гэта вялікая ідэя — дапамагчы чалавеку, дапамагчы без узнагароды, не чакаючы атрымаць нейкія дывідэнды. І вось маштаб гэтай дапамогі — самы вялікі ў сьвеце (да ўтварэньня ААН, якая сёньня дапамагае краінам, пацярпелым ад цунамі, паводак, землятрусаў). Дапамога гэтая была зьдзейсьненая арганізацыяй, якая называлася гэтымі трыма містычнымі літарамі АRА — American Relief Administration — Амэрыканская адміністрацыя дапамогі. Яна была створаная ў канцы Першай сусьветнай вайны. Яе мэта была дапамагчы тым амэрыканскім грамадзянам, якія апынуліся на чужыне ў раздрапежанай вайной Эўропе і не маглі вярнуцца дамоў, ня мелі сродкаў. Іх трэба было неяк падтрымаць — пакарміць, апрануць. Вось гэтая дапамога і ажыцьцяўлялася арганізацыяй пад кіраўніцтвам Гербэрта Гувэра, якую заснаваў амэрыканскі ўрад. Потым вайна скончылася, і арганізацыя скончыла сваё існаваньне, але ідэя засталася, і Гувэр, ужо як прыватная асоба, зноў заснаваў арганізацыю з такой назвай, і яе мэта стала — дапамога тым, хто пацярпеў ад Першай сусьветнай вайны, ад разрухі, ад голаду. Гэтая арганізацыя дзейнічала ў вялікай колькасьці эўрапейскіх краінаў, у тым ліку і на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу.

— Трохі статыстыкі з вашай кнігі, якая ўражвае: дапамогу АРА атрымлівалі 20 мільёнаў чалавек. На гэтыя мэты пайшло 34 міьёнаў тонаў прадуктаў коштам 5 мільярдаў даляраў. Гэта нейкія астранамічныя лічбы. А што зь сябе ўяўляла гэтая дапамога? Чалавек атрымліваў аднаразовы паёк, ці знаходзіўся на працяглым утрыманьні, дакладней — сталаваньні?
Вельмі важным было тое, што АРА арганізавала дзіцячае харчаваньне, асабліва для дзіцячых дамоў, для сіроцкіх дамоў, для бальніцаў, для шпіталёў

— Дапамога сапраўды ўражвае. Я зноў паўтаруся: верагодна, гэтай сваёй акцыяй Гербэрт Гувэр уратаваў ад галоднай сьмерці найбольшую колькасьць людзей у гісторыі чалавецтва. Гуманістычнае, гістарычнае значэньне акцыі проста неацэннае. Многіх і многіх пакаленьняў людзей, сем’яў, гарадоў гістарычна проста не існавала б, калі б не было б гэтай акцыі дапамогі. Дапамога была эфэктыўная, пастаўкі ў Эўропу з Амэрыкі ажыцьцяўляліся вялікімі караблямі, завозілася мука, зерне, какава, іншыя прадукты харчаваньня. Усё завозілася ў вялікім аб’ёме, оптам, пасьля прадукты фасаваліся, і іх можна было атрымаць. Гэта быў адзін тып дапамогі — людзі атрымлівалі, скажам, абавязковы набор — 20 кіляграмаў пяці-шасьці розных прадуктаў. А другі тып — гэта дзіцячыя кухні. Вельмі важным было тое, што АРА арганізавала дзіцячае харчаваньне, асабліва для дзіцячых дамоў, для сіроцкіх дамоў, для бальніцаў, для шпіталёў. Прадукты пастаўляліся на кухні, якія так і называліся — кухні АРА, і там супрацоўнікі АРА гатавалі з прадуктаў ежу. Іншым словам, гэта былі разнастайныя формы дастаўкі прадуктаў тым, хто меў у іх патрэбу.

— Дапамогу ад АРА атрымлівалі і беларускія пісьменьнікі: Купала, Колас, Зьмітрок Бядуля, Цішка Гартны, Міхась Чарот, Язэп Лёсік. Я спрабаваў знайсьці нейкае водгульле (накшталт згадкі Геніюш) у іхніх успамінах, у ліставаньні — не знайшоў. А ці не захаваліся нейкія водгукі ў тым архіве, дзе вы працавалі?

— Гэта быў адзін зь нечаканых і прыемных момантаў, калі раптам я пабачыў усе гэтыя дарагія і знаёмыя прозьвішчы ў архіве АРА. У адмысловым лісьце ўказвалася, што яны атрымлівалі гэтую дапамогу. Вы, Міхась, ужылі слова «водгульле». Вядома ж, водгульле і водгукі былі. І нашы слухачы самі зразумеюць, што я маю на ўвазе. Адна дзяўчынка, расейка, з бацькамі пераехала з Баку жыць у Вільню, і яе маці ўладкавалася ў школу, дзе была сталоўка АРА, каб трошкі атрымаць харчаваньня. Сама дзяўчынка спачатку пайшла ў іншую школу, але дзеля таго, што ў другой школе была сталоўка АРА, яе перавялі туды. Гэта была беларуская школа, усё выкладаньне вялося па-беларуску. І так, патрапіўшы ў беларускую школу, расейская дзяўчынка потым стала беларускай паэткай, і гэта ёй належаць словы «Магутны Божа, ўладар сусьветаў…»

— Цікавы факт зь біяграфіі Натальлі Арсеньневай… Мільёны тонаў прадуктаў, адзеньне, абутак… Найноўшая «Беларуская энцыкляпэдыя» (тая, што ў 18 тамах) цьвердзіць, што такім чынам ЗША стрымлівалі рэвалюцыйны рух у краінах Эўропы. Ці ёсьць тут рацыя?

— Энцыкляпэдыі паводзілі сябе ў дачыненьні да АРА, як флюгеры, якія круціліся з такой хуткасьцю, што ўжо не зразумець, дзе левы бок, а дзе правы, дзе ніз, а дзе верх. Першыя энцыкляпэдыі, яшчэ савецкія, якія выдаваліся ў Маскве ў пачатку 20-х гадоў, не шкадавалі слоў, каб хваліць дзейнасьць АРА, адзначыць яе. Савет народных камісараў выдаў арганізацыі велізарныя падзякі. Усё гэта прысутнічала на афіцыйным узроўні, таму што дапамогу АРА ў барацьбе з голадам спачатку на Паволжы, а потым ва Ўкраіне і на іншых тэрыторыях, у тым ліку і ў Беларусі, проста немагчыма было пераацаніць — настолькі яна была відавочная, і пра яе ўсе памяталі. Але ішлі гады, тыя людзі, якія працавалі з АРА паводле сваіх абавязкаў, выходзілі з фавору, іх арыштоўвалі, зьяўляліся новыя людзі, больш клясавы падыход зьяўляўся. І фактычна ўжо ў 30-я гады пра АРА сталі пісаць, як пра амаль што дывэрсійную арганізацыю. Пік такой пісаніны настаў у 60-я гады, калі выйшла кніга, напісаная былым чэкістам, які ў прынцыпе ўсю АРА прадставіў як шпіёнскую арганізацыю. Гэтым шляхам ішлі і беларускія энцыкляпэдыі, толькі адна энцыкляпэдыя была прыстойная. Аўтар артыкула пра АРА — член-карэспандэнт акадэміі навук Снапкоўскі гадоў 10 назад упершыню падрабязна і прыстойна апісаў у акадэмічным даведніку дзейнасьць АРА. Але потым часы зноў зьмяніліся. Так што рацыя тут такая: любы аўтарытарны рэжым не ўспрымае нечага, што робіцца па-за яго воляй. Гуманітарная дапамога, якую аказвала АРА, мела адну асаблівасьць: амэрыканцы не аддавалі прадукты ў рукі ўладам, яны самі іх разьмяркоўвалі. І правільна рабілі. І тут нічога новага няма. І сёньня мы бачым, што любая гуманітарная дапамога, якая аказваецца грамадзянам Беларусі ў любой галіне (праваабарончай, экалягічнай, культурнай), якая ідзе не праз рукі ўлады, разглядаецца як нешта падазронае, нешта вельмі варожае, якое не павінна быць, таму што яно падрывае манаполію ўлады.
Так што рацыя тут такая: любы аўтарытарны рэжым не ўспрымае нечага, што робіцца па-за яго воляй

— У кнізе «Прыгоды АРА ў Беларусі» безьліч дакумэнтаў апублікавана ўпершыню. Для любога дасьледчыка гэта прэстыжна. Вы ня лічыце патрэбным рабіць такую пазнаку — друкуецца ўпершыню. Чаму?

— Ведаеце, калісьці на прэзэнтацыі гэтай кнігі выступаў наш знаны гісторык Захар Шыбека і сказаў, што яна вартая прысуджэньня навуковага званьня… Калі сур’ёзна, мне здаецца, што можна пісаць і друкаваць толькі рэчы, якія пішуцца і друкуюцца ўпершыню. Вы ж, Міхась, калі друкуеце свае вершы, не пазначаеце, што той ці іншы верш «друкуецца ўпершыню», хоць ён напісаны ўпершыню. Проста асятрыны другой сьвежасьці не бывае.

— Праца ў архіве — з чым яе можна параўнаць?

— З наркотыкамі, з малітвай, з падарожжам у часе, зь нірванай. Гэта, вядома ж, асаблівы стан — ты пагружаесься ў мінулае і ходзіш там, паміж дамоў, людзей, будынкаў, войнаў. Толькі што кулі пралятаюць над галавой і не патрапляюць у цябе. Гэтая кніга зьявілася на сьвет толькі дзякуючы адной вельмі важнай акалічнасьці. Справа ў тым, што з архівамі АРА я пазнаёміўся ў Стэндфардзкім унівэрсытэце, дзе яны захоўваюцца, у Гувэраўскім інстытуце. Я там быў стыпэндыятам у 2000-м і паўгода меў магчымасьць працаваць у архівах. Але гэта быў амэрыканскі архіў — запісы, ведамасьці, перапіска, дакумэнты, просьбы. Я падумаў, што верагодна існуе і беларуская частка, беларуская бюракратыя ж таксама неяк рэагавала на гэта, адказвала на лісты. Мне надзвычай пашанцавала, сьвятой памяці Віталь Скалабан дапамог адшукаць у беларускім архіве справу АРА. Гэта ня вельмі вялікая тэчка, па-мойму, каля 200 старонак, але там раптам узьнікла другая частка. І менавіта таму, што архіваў было два, аповед пра АРА набыў дынамічны характар. Гэта як цягнік можа рухацца толькі па дзьвюх рэйках. І вось гэта была другая рэйка, якая надала яму хуткасьці.

— У любой архіўнай тэчцы — свае неспадзяваныя нечаканасьці. А што для вас было самым нечаканым?

— Самым нечаканым было, калі мне ў адной тэчцы ў Гувэраўскім інстытуце трапілася на вочы маё прозьвішча. Там быў ліст ад дзяцей зь берасьцейскай школы — Гувэру вельмі шмат людзей слалі падзякі. Ліст быў з фатаздымкам і подпісамі ўсіх дзетак. І я пабачыў раптам сваё прозьвішча — Лукашук, потым пабачыў яшчэ раз і яшчэ раз — шэсьць разоў на адной старонцы. Гэта было надзвычай нечакана.

— Магчыма, гэта былі вашы сваякі?

— Не, гэта не сваякі. Прозьвішча Лукашук распаўсюджанае, але мы ўсе маем сантымэнт да тых мясьцінаў, адкуль мы. Вы, Міхась, напісалі менавіта «Дзярэчынскі дыярыюш», а не пра якое-небудзь іншае мястэчка. Падазраю, што ваша шматгадовая праца са спадчынай Ларысы Геніюш тлумачыцца таксама і тым, што яна — ваша зямлячка.

— Сувязь тут, безумоўна, ёсьць. Habent sua fata libelli — кнігі маюць свой лёс. А можна працягнуць гэты афарызм — і ўплываюць часам на лёс аўтара. «Прыгоды АРА ў Беларусі» неяк паўплывалі?

— Хіба што ўдакладнілі і паказалі, якая велізарная колькасьць цікавага, незвычайнага і жывога матэрыялу ёсьць у мінулым. Тэма «Амэрыканцы ў Беларусі» мяне вельмі цікавіць, і ёй прысьвечаная і апошняя кніга, якая выйшла ў нас у Бібліятэцы Свабоды, гэта «Сьлед матылька: Освальд у Менску». А калі рабіць трылёгію, то, вядома ж, трэба пісаць пра місію ЮНРРА, пра Рут Уолер, якая пахаваная на Вайсковых могілках у Менску, пра ейную гісторыю. Заўсёды цікава выяўляць канкрэтныя прыклады, калі вялікі і прыязны да Беларусі амэрыканскі народ дапамагаў беларусам. І сьляды гэтай дапамогі і гэтых стасункаў можна знайсьці ў Менску і ў Беларусі.

— Да 1939 году ў Горадні існавала вуліцы Гербэрта Гувэра. Саветы прыйшлі — вуліцы ня стала. Калі такая вуліцы зьявіцца ў Менску?

— Самае галоўнае, Міхась, у тым, што вы не пытаеце: ці зьявіцца? Насамрэч, гэта пытаньне толькі часу, больш нічога. Прыйдзе час, калі вызваліцца вельмі шмат шыльдаў на вуліцах беларускіх гарадоў і мястэчак, якія трэба будзе нечым запаўняць, таму што тая нечысьць, якая на іх напісана, проста згіне. І вось тады імя Гербэрта Гувэра зьявіцца і ў Менску, і ў Горадні, і яшчэ ў 120 мясьцінах Беларусі, дзе дзейнічалі кухні АРА.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG