Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці выдасьць Эквадор беларускага ўцекача?


Аляксандар Баранкоў, былы міліцыянт.Фота Інтэрполу

Аляксандар Баранкоў, былы міліцыянт.Фота Інтэрполу

Эквадор разглядае справу аб скасаваньні палітычнага прытулку беларускаму грамадзяніну былому міліцыянту Аляксандру Баранкову. Калі статус палітычнага ўцекача будзе скасаваны, Баранкоў можа быць выдадзены ў Беларусь паводле запыту, які МУС Беларусі накіраваў у Інтэрпол.

СМІ прыгадваюць справу Баранкова ў сувязі палітычным прытулкам Джуліану Асанджу, заснавальніку парталу Wikileaks.

Аляксандр Баранкоў – былы афіцэр беларускай міліцыі, зьехаў зь Беларусі ў ліпені 2009 году.

Баранкоў сьцвяржае, што падчас службы ў міліцыі ён выкрыў карупцыю ў праваахоўных органах Беларусі. У заяве на атрыманьне статусу ўцекача ў Эквадоры ён распавёў, што ў Беларусі быў капітанам міліцыі, супрацоўнікам аддзелу, які займаўся сачэньнем за супрацоўнікамі замежных амбасадаў і звычайнымі грамадзянамі. Ён заявіў, што добра дасьведчаны аб фактах карупцыі ў вышэйшых афіцыйных колах сваёй краіны, а яго ўцёкі з Беларусі ў 2009 годзе былі зьвязаныя з нязгодай з палітыкай, якая праводзіцца Лукашэнкам. У чэрвені 2010 году ён атрымаў у Эквадоры статус палітычнага ўцекача.

Яшчэ ў сярэдзіне 2009 году супраць Баранкова ў Беларусі была распачатая крымінальная справа па абвінавачваньні ў атрыманьні хабару і махлярстве, у лістападзе 2009 году дадалося абвінавачваньне ў дзяржаўнай здрадзе. Запыт на яго вышук быў перададзены ў Інтэрпол.

У 2010 годзе Беларусь падала запыт на выдачу Баранкова з Эквадору. Беларускі ўцякач утрымліваўся пад вартай з 1 чэрвеня 2010 па 22 ліпеня 2010 года. Аднак запыт аб экстрадыцыі быў адхілены Нацыянальным судом 28 кастрычніка 2011 году.

Баранкоў быў ізноў затрыманы ў чэрвені 2012-га, незадоўга да візыту ў Эквадор Аляксандра Лукашэнкі. Паліцыя Эквадору затрымала яго для праверкі юрыдычнага статусу знаходжаньня ў краіне. Дакумэнты на наданьне Баранкову статусу уцекача, атрыманага 27 чэрвеня 2010 г. (ён прыбыў у краіну ў кастрычніку 2009 года), у цяперашні час правяраюцца супрацоўнікамі МЗС, а пытаньне аб экстрадыцыі Баранкова на радзіму павінен вырашыць на днях старшыня Нацыянальнага суду Эквадора (CJ).У цяперашні час Баранкоў знаходзіцца ў крымінальнай турме Гарсія Марэна (Кіта).

Зараз справу ўцекача з Беларусі разглядае таксама Міжамэрыканская камісія па правах чалавека.

Інтэрнэт-партал rusecuador.ru адзначае, што Эквадор ня можа высылаць з краіны замежніка, які атрымалі афіцыйны статус уцекача. Адказ Міністэрства замежных спраў адназначны: спачатку неабходна знайсьці падставы для адмены гэтага статусу, і толькі пасьля гэтага можа ісьці гаворка аб экстрадыцыі ў краіну, якая хадайнічае аб гэтым, што вырашаецца толькі ў судовым парадку. Аднак статус уцекача можа быць скасаваны, у тым ліку, і ў выпадку, калі эквадорскім уладам стане вядома, што выезд з краіны паходжаньня або пражываньня ўцекача быў зьвязаны з ухіленьнем ад правасудзьдзя, у прыватнасьці, у сувязі з учыненьнем крымінальнага злачынства. Нешта падобнае ўжо адбывалася з расейскім грамадзянінам, які ў пачатку гэтага года быў высланы ў Маскву пасьля таго, як статус яго статус уцекача ў Эквадоры быў ануляваны.

Аляксандр Баранкоў працягвае настойваць, што яго знаходжаньне ў Эквадоры зьвязана з палітычным перасьледам, таму яго статус уцекача скасаваньню не падлягае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG