Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўцы пра «плюшавы дэсант»: вынік адпачынкаў


Дзяржаўныя ведамствы Літвы прызнаюць, што ў рэакцыі на палёт швэдаў зь Літвы ў Беларусь, які адбыўся 4 ліпеня, не хапала каардынаваньня дзеяньняў служачых, аднак ня лічаць, што для гэтага трэба ствараць новыя фарматы міжведамаснага супрацоўніцтва.

Канцлер ураду Дэйвідас Матулёніс на пытаньне агенцтва BNS, ці трэба ствараць новы фармат каардынаваньня сытуацый, сказаў, што «фармальна ён не патрэбны, але нефармальна сапраўды патрэбен»:

«Я ўсё ж інтэрпрэтаваў бы розныя зьвесткі ведамстваў, быць можа, як вынік адпачынкаў і што каардынаваньня на самой справе не хапала. Таму, я думаю, спачатку трэба ясна даведацца, што было на самай справе, а потым камэнтаваць. Я думаю, што кожны служачы абавязаны ўзгадняць сваю пазыцыю і з палітычным кіраўніцтвам, у дадзеным выпадку, я думаю, такое свабоднае камэнтаваньне непрымальна, яго нельга дапускаць. Для гэтага існуе МЗС, у выпадку неабходнасьці яно можа ўзяць на сябе ініцыятыву і склікаць ўсе ведамствы, ацаніць наяўную інфармацыю і прыняць тую ці іншую ўстаноўку пра тое, як камэнтаваць публічна і непублічна».

«Думаю, у будучыні такія памылкі не павінны паўтарацца. Тое, што на гэты раз крыху па-рознаму гаварылася, на жаль, трэба прызнаць, было некаторым паслабленьнем падчас адпачынкаў», — сказаў канцлер ураду Літвы.

Прэсавая служба прэзыдэнта Літвы сказала BNS, што ствараць новыя ведамствы ня трэба, проста наяўныя павінны адказна выконваць свае функцыі.

Міністэрства замежных спраў Літвы адзначыла, што яно «на ўсіх узроўнях узгадняе свае пазыцыі і рашэньні з прадстаўнікамі розных ведамстваў». Аднак МЗС дадаў, што ўнутры ведамстваў часам «гавораць на розных мовах».

Міністэрства абароны адзначыла, што гатовае «падтрымаць усе ініцыятывы, якія будуць спрыяць каардынаваньню.

Экспэрт у галіне палітыкі абароны і бясьпекі Аляксандрас Матоніс сказаў BNS, што ў гісторыі «плюшавага дэсанту» ўсе ведамствы Літвы дзейнічалі паасобку, не каардынавалі свае дзеяньні і выказваньні.

«Выпадак з „плюшавым дэсантам“ аналягічны гісторыі, якая ў верасьні 2005 году адбылася з расейскім зьнішчальнікам Су-27, які разьбіўся ў Літве. Толькі празь некалькі дзён пасьля гэтага сфармавалі групу МЗС і Мінабароны, якая каардынавала дзеяньні. Толькі ў выпадку з „плюшавым дэсантам“ такой агульнай рэакцыі не відаць і праз 1,5 месяца».
XS
SM
MD
LG