Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джуліян Асанж — жыхар эквадорскага пасольства


Партрэт Джуліяна Асанжа насупраць эквадорскага пасольства ў Лёндане

Партрэт Джуліяна Асанжа насупраць эквадорскага пасольства ў Лёндане

Набірае абароты дыпляматычны скандал у сувязі з прадастаўленьнем Джуліану Ассанжу палітычнага прытулку Эквадорам. Заснавальнік WikiLeaks працягвае знаходзіцца ў эквадорскім пасольстве ў Лёндане, каля якога пастаянна дзяжурыць узмоцнены нарад ўзброенай паліцыі.

Вялікабрытанія заявіла, што не падасьць Асанжу свабодны калідор да аэрапорту і неадкладна арыштуе яго і вышле ў Швэцыю, як толькі ён апынецца за межамі абароненага дыпляматычнай недатыкальнасьцю пасольства Эквадору.

Афіцыйную рэакцыю Вялікабрытаніі на прадастаўленьне палітычнага прытулку Асанжу агучыў у сваёй заяве міністар замежных справаў Злучанага Каралеўства Уільям Хэйг. Ён заявіў, што рашэньне Эквадору не паўплывае на цьвёрдую рашучасьць Брытаніі выканаць свае абавязацельствы па Эўрапейскай канвэнцыі аб экстрадыцыі злачынцаў і перадаць Асанжа ў рукі швэдзкага правасудзьдзя. Хэйг адхіліў сьцвярджэньне Асанжа і яго прыхільнікаў, што справа заснавальніка WikiLeaks палітычна матываваная і што ён можа быць выдадзены Швэцыяй Злучаным Штатам, дзе яго нібыта чакае сьмяротны прысуд.

Спрабуючы прадухіліць прадастаўленьне палітычнага прытулку Асанжу, Вялікабрытанія накіравала ўраду Эквадора ноту, у якой папярэджвала пра магчымасьць прымяненьня ў дачыненьні да эквадорскай амбасады «Закону аб памяшканьнях дыпляматычнага і консульскага прызначэньня» ад 1987 году, які дае брытанскаму ўраду права пазбавіць будынак амбасады дыпляматычнага статусу. Гэта дазволіла б паліцыі ўвайсьці ў будынак і арыштаваць Асанжа. У адказ кіраўнік эквадорскага МЗС Рыкарда Пацінья абвінаваціў Брытанію ў тым, што яна рыхтуе штурм амбасады яго краіны ў Лёндане.

Аднак Уільям Хэйг ў сваёй заяве растлумачыў брытанскую пазыцыю, заявіўшы, што Вялікабрытанія мае намер працягваць перамовы аб дыпляматычным вырашэньні справы Асанжа. Пры гэтым ён даў ясна зразумець, што заснавальнік WikiLeaks вымушаны будзе правесьці доўгі час у пасольстве Эквадору.

Вядомы брытанскі палітычны аналітык, былы дыпляматычны рэдактар газэты «Таймс» Майкл Біньён у інтэрвію РС скептычна паставіўся да магчымасьці пазбаўленьня дыпляматычнага статусу будынка эквадорскай амбасады:

— Тэарэтычна гэта магчыма, аднак было б вельмі па-дурному гэта рабіць. Вельмі неасьцярожна было нават згадваць аб адпаведным законе, паколькі гэта дало падставу Эквадору абвінаваціць Брытанію ў запалохваньні і ў імкненьні паскорыць перадачу Асанжа Злучаным Штатам. Вядома, Брытанія можа прымяніць згаданы закон, але гэта зрабіла б усё брытанскія амбасады па сьвеце аб’ектамі такіх жа пагрозаў.

— Ці ёсьць у Эквадора нейкія магчымасьці пераправіць Асанжа ў Кіта?


— Гэта можна зрабіць толькі таемна, падмануўшы паліцыю. Для гэтага трэба было б прыдумаць нейкі адмысловы спосаб уцёкаў Асанжа і яго пасадкі ў самалёт. Пры гэтым трэба ўсьведамляць, што яму пагражае арышт і што кожны, хто яго ўбачыць або праверыць яго пашпарт, абавязаны тут жа паведаміць паліцыі аб яго месцазнаходжаньні. Думаю, што пераправіць яго з амбасады ў Лёндане ў Эквадор практычна немагчыма.

— Наколькі рэальная пагроза перадачы Швэцыяй Асанжа Злучаным Штатам?


— Гэта беспадстаўныя заявы. Справа Асанжа нічога агульнага ня мае зь яго дзейнасцю ў WikiLeaks, і няма ніякіх падставаў меркаваць, што Амэрыка патрабуе або мае намер запатрабаваць яго выдачы. У Швэцыі вельмі жорсткая праўная сыстэма і швэдзкае заканадаўства не дазваляе экстрадаваць злачынцаў у краіны, дзе практыкуецца сьмяротнае пакараньне. Акрамя таго, калі б Амэрыка хацела займець Асанжа, яна запатрабавала б яго экстрадыцыі зь Вялікабрытаніі ў любы час на працягу апошніх двух гадоў.


— Якім вам бачыцца далейшае разьвіцьцё падзеяў у справе Асанжа?


— Вельмі малаверагодна, што Брытанія пазбавіць эквадорскае пасольства дыпляматычнага статусу. Няма сэнсу штурмаваць пасольства для захопу чалавека, які абвінавачваецца не ў забойстве, а толькі ў сэксуальных злачынствах, учыненых у Швэцыі. Брытанія будзе цярпліва чакаць. Упэўнены, што эквадорцы хутка стомяцца ад гэтага непрадказальнага і ў сутнасці нежаданага госьця. Аналягічныя інцыдэнты адбываліся і ў мінулым. Да прыкладу, кардынал Мідсэнці хаваўся ў амэрыканскім пасольстве ў Вугоршчыне пасьля вугорскага паўстаньня 1956 году на працягу 15 гадоў. Пасьля дамовы з вугорскімі ўладамі, якія гарантавалі яго недатыкальнасьць, ён выйшаў з амбасады. Вельмі малаверагодна, што Асанж прасядзіць у эквадорскім пасольстве 15 гадоў.

— Чым вы тлумачыце той факт, што Асанж зьвярнуўся па прытулак ня ў роднае аўстралійскае пасольства, а ў амбасаду Эквадору?

— Прычына яго звароту да Эквадору складаецца ў тым, што гэтая краіна ўсяляк пазыцыянуе сябе ў якасьці праціўніка Амэрыкі, якая, на іх думку, прыгнятае лацінаамэрыканцаў. Дапамагаючы Асанжу, Эквадор нажывае палітычны капітал, сьцьвярджаючы, што даў прытулак змагару за свабоду слова і правы чалавека. Пры гэтым становішча з правамі чалавека ў іх уласнай краіне вельмі дрэннае. Калі б Асанж зьвярнуўся ў аўстралійскае пасольства, там ніхто зь ім бы не цырымоніўся. Роўна празь дзесяць хвілінаў яго папрасілі б пакінуць амбасаду.

XS
SM
MD
LG