Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд удзельніцам маскоўскага гурту Pussy Riot — два гады калёніі агульнага рэжыму — выклікаў вострую рэакцыю ня толькі ў Расеі, але і ва ўсім сьвеце.

Суд абвінаваціў дзяўчат у хуліганстве за панк-малебен «Багародзіца, Пуціна прагані» ў маскоўскім храме Хрыста Збаўцы. Яны ж заяўляюць, што гэта быў пэрфоманс.

У Беларусі сваімі пэрфомансамі вядомы мастак Алесь Пушкін. Сёньня ў размове са «Свабодай» ён сказаў, што шмат думаў над гэтай гісторыяй. Да таго ж Алесь асабіста ведае Надзею Талаконьнікаву і яе грамадзянскага мужа Пятра Вярзілава:

Алесь Пушкін

Алесь Пушкін

«Я бачыў відэазапіс, іх дзеяньні, маскі, атрыбутыку пэрфомансу. І як спэцыяліст хачу сказаць, што ён быў недастаткова правільна і ў патрэбным месцы зроблены. Саму ідэю, слоган „Багародзіца-дзева, Пуціна прагані“ я падтрымліваю. Бо толькі Бог можа прыбраць Пуціна і Багародзіца-дзева ў гэтым паможа.

Але бачна прымітыўнасьць гэта пэрфомансу. Закранутыя мільёны людзей, якія не прачыталі пэрфоманс, а пабачылі ў дзеяньнях дзяўчат непасрэдную зьнявагу Расейскай праваслаўнай царквы. І трэба было ўлічваць канфэсійны склад расейскага грамадзтва, дзе праваслаўе вельмі важная і балючая кропка».

Алесь Пушкін кажа, што, на ягоную думку, дзяўчаты парушылі пачуцьцё меры:

«Усё-такі не прачытаны пэрфоманс. Ён недастаткова ясна артыкуляваны. І такім чынам мастацтва тут трымаецца ледзь-ледзь — на маленькіх нюансах. Як казаў наш прафэсар Стасевіч, яшчэ мазок — і ўжо мастацтва, яшчэ адзін мазок — і ўжо ня ведаю, як назваць. У дзяўчат гэта тонкая грань перойдзеная ў горшы бок. Пачуцьцё меры, якое характэрнае для любога вялікага твора мастацтва, тут парушана».

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Палітык Анатоль Лябедзька называе рашэньне суду палітычным, а не прававым:

«Калі ёсьць прэтэнзіі да судовай сыстэмы, значыць, яны ёсьць і да прысуду. Я не лічу, што ў Расеі суд абсалютна незалежны і што ён прымае прававыя, а не палітызаваныя рашэньні. Так, рашэньне носіць рэзанансны характар. Але я глыбока перакананы, што яго можна было разглядаць у фармаце адміністратыўнага правапарушэньня, а не выносіць прысуд аб турэмным перасьледзе дзяўчат».

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Ня лічыць справядлівым прысуд паэт і палітык Уладзімер Някляеў:

«Гэтых дзяўчатак пазбавілі на два гады волі не за тое, што яны зрабілі, не за блюзьнерства ў храме. За гэта, калі яны і заслугоўваюць, то толькі дзягі па мяккім месцы. Іх пакаралі за тое, што яны сказалі, калі прасьпявалі сваю песьню. За тое, што кажуць, што сьпяваюць, садзілі толькі пры савецкім таталітарызьме. Значыць, на сёньняшні дзень у Расеі мы і маем гэты самы непазбыты савецкі таталітарызм».

Павал Севярынец

Павал Севярынец

Павал Севярынец, сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД, лічыць, што пра гэтую гісторыю трэба хутчэй забывацца:

«Суд быў несправядлівым, палітычна матываваным. Але, зрэшты, рабіць так, як зрабілі гэтыя панк-дзяўчаты, нельга. Таму, на мой погляд, трэба было даваць штраф. І хутчэй забывацца пра гэтую гісторыю».

Зьміцер Вайцюшкевіч

Зьміцер Вайцюшкевіч

«Не зусім справядлівым» называе прысуд дзяўчатам музыка Зьміцер Вайцюшкевіч:

«Акрамя таго, што ім зрабілі супэрвыдатную рэкляму, пра якую мараць і за якую плацяць вялікія грошы, мне здаецца, і царква праваслаўная, і дзяржава расейская зноў прайграюць. У народзе пра гэта кажуць так: гэта — прасадка па рэйтынгу, калі можна так сказаць».

Тацьцяна Равяка

Тацьцяна Равяка

Праваабаронца Тацьцяна Равяка кажа, што яна ня можа назваць рашэньне Хамоўніцкага суду Масквы справядлівым:

«Свабода выказваньня і меркаваньня павінна быць забясьпечана і ў нас у Беларусі, і ў Расеі, і па ўсім сьвеце».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG