Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурапін: Вінаватым і датычным да «швэдзкай справы» сябе не лічу


Антон Сурапін з бацькамі

Антон Сурапін з бацькамі

Увечары 17 жніўня са сьледчага ізалятара КДБ былі адпушчаныя двое беларускіх грамадзян, якія абвінавачваюцца ў спрыяньні незаконнаму перасячэньню мяжы Беларусі швэдзкімі грамадзянамі на лёгкаматорным самалёце 4 ліпеня гэтага года. Фотажурналіст Антон Сурапін і рыэлтар Сяргей Башарымаў выпушчаныя на падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах, яны ўжо дома.

Фотажурналіста Антона Сурапіна ў кватэры ягоных бацькоў у Слуцку адразу пасьля вяртаньня з «амэрыканкі» наведаў наш карэспандэнт Валер Каліноўскі.

Яшчэ раніцай 17 жніўня Алена Сурапіна прывезла харчовую перадачу сыну Антону ў сьледчы ізалятар КДБ ў Менску, яна згадвае, як на лаўцы каля КДБ яна ачышчала цукеркі і шакалядкі ад абгортак і ўкладвала ў празрыстыя пакеты. Увечары гэтыя цукеркі яна паклала на ўрачысты стол з нагоды вяртаньня сына. Антон вярнуўся дадому разам зь яе перадачай. Зь Менску яго прывёз супрацоўнік КДБ. А потым кватэру запаланілі сябры і калегі 20-гадовага Антона, фатографа, студэнта Інстытута журналістыкі, стваральніка сайту bnp.by.

Антон згадвае свой апошні дзень у турме КДБ:

«Прачнуліся, пасядзелі, паелі, далей усё было, як звычайна. А потым так нечакана адчыніліся дзьверы, сказалі: „Сурапін, зьбірай рэчы! Хутка!“ Калі я сабраў рэчы, мяне завялі ў іншы пакой, агледзелі, там стаяў ужо сьледчы. Калі я ўбачыў свайго сьледчага, то зразумеў, што мяне сёньня адпусьцяць».

Пра тое, што па «швэдзкай» справе затрыманы яшчэ адзін чалавек, рыэлтар Сяргей Башарымаў, Антон выпадкова даведаўся з рэпартажу тэлебачаньня. Антон падпісаўся пад абавязаньнем не разгалошваць матэрыялы справы, але кажа, што разгалошваць яму няма чаго, бо ён проста нічога ня ведае пра справу і ня лічыць сябе да яе датычным:

«Я сябе не адчуваў ні датычным, ні вінаватым у гэтай справе, гэта ўсё адбылося як журналісцкая ўдача, што знайшліся вось такія ўнікальныя здымкі гэтых мядзьведзікаў у Беларусі. Я ведаў, што яны першымі зьявяцца ў інтэрнэце, і таму гэта апублікаваў. А швэдаў я ня ведаў».

Антон таксама ня ведаў, што КДБ спрабавала выманіць у Беларусь швэдзкіх грамадзян нібыта для вочнай стаўкі зь ім і Башарымавым:

Адчуваньне нейкага абсурду ў гэтым, калі нас трымалі толькі для таго, каб прыехалі гэтыя швэды

«Адчуваньне нейкага абсурду ў гэтым, калі нас трымалі толькі для таго, каб прыехалі гэтыя швэды. Мне цяжка гэта ўсьвядоміць».

Сам учынак швэдаў Антон Ацаніў наступным чынам:

«Я думаю, што гэта было вельмі весела».

Прэсавая служба КДБ тым часам паведамляе, што «Башарымаў і Сурапін застаюцца ў статусе абвінавачаных, паколькі неабходныя сьледчыя дзеяньні, у тым ліку правядзеньне вочнай стаўкі, не праведзеныя ў сувязі з адмовай падданых Швэцыі зьявіцца ў сьледчую управу КДБ».

Да канца жніўня Сурапіну забаронена выяжджаць за межы Слуцку, за гэты час ён зьбіраецца ўдасканаліць свой фотарэсурс ў інтэрнэце:

«Сёньня сайту bnp.by спаўняецца роўна год, і трэба думаць, як рухацца далей, распрацоўваць новы дызайн сайту, новыя спэцпраекты. Усё гэта будзе, і я спадзяюся, што ў хуткім часе».

Антон спадзяецца, што празь нейкі час яго крымінальная справа заглохне сама сабою, бо яго і Башарымава няма за што судзіць, нягледзячы на тое, што фармальна яны застаюцца пад сьледзтвам.
…мне б зараз ноўтбук з інтэрнэтам, то мне больш нічога ня трэба, я б яшчэ месяц ці два там прасядзеў

Пра ўмовы ўтрыманьня ў «амэрыканцы» Антону распавядаць забаронена, але ён змог адказаць на пытаньне, чаго яму не хапала ў камэры:

«Інтэрнэту. Мне не хапала інтэрнэту. Мы тыдзень таму неяк разважалі з сукамэрнікамі, каму чаго не хапае. Я кажу: мне б зараз ноўтбук з інтэрнэтам, то мне больш нічога ня трэба, я б яшчэ месяц ці два там прасядзеў».

Антон Сурапін кажа, што не шкадуе пра тое, што апублікаваў фотаздымкі мядзьведзікаў, а выснову з тых цяжкасьцяў, якія яму давялося з-за гэтага перанесьці апошні месяц, ён зрабіў наступную:

«Трэба заставацца мужнымі, трэба любіць сваю прафэсію. Калі мы ўжо выбралі журналістыку як прафэсію, то ня трэба адмаўляцца, казаць, што ня буду працаваць, бо мяне затрымала КДБ. Трэба змагацца за свабоду слова».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG