Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Башарымава: «Сяргей не хацеў бы зараз сустракацца з прэсай»


Сяргей Башарымаў просіць пару дзён спакою, каб ачуцца. Праз маці ён перадаў словы прабачэньня, што ня можа паразмаўляць з журналістамі.

«Сяргей кажа, што ў яго ўсё нармальна, просіць выбачыцца, але не хацеў бы пакуль сустракацца з прэсай, — сказала „Свабодзе“ Людміла Башарымава. — Ён з Ірынай зараз ад’ехалі ад Менску — хочуць падыхаць сьвежым паветрам і пабыць удваіх. Таксама сын сказаў, што пакуль пачакае з працай. Усе ж дакумэнты фірмы, тэлефоны па рэкляме былі на ім. Безь яго нічога не працавала».

Сама Людміла сына пакуль не бачыла: напярэдадні ягонага вызваленьня 17 жніўня яна зьехала ў Магілёў да дачкі. Позна ўвечары Сяргея адшукала ягоная дзяўчына Ірына Лагойка. На тэлефанаваньні яна не адказвае.

Менскага рыэлтара Сяргей Башарымава арыштавалі 6 ліпеня за тое, што сёлета ў траўні ён здаваў кватэру швэду, які, як высьветлілася пазьней, быў адным з арганізатараў скіданьня з самалёту над Менскам ды Івянцом плюшавых мядзьведзікаў з заклікамі да свабоды слова.

17 жніўня Башарымава выпусьцілі пад падпіску аб невыезьдзе.
XS
SM
MD
LG