Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурапін: КДБ зрабіў мне падарунак


«Падчас арышту лісты да мяне не даходзілі, але я ведаў, што будзе такая падтрымка, таму не сумаваў»

Рыэлтару Сяргею Башарымаву і фотажурналісту Антону Сурапіну, арыштаваным паводле справы аб так-званым "плюшавым дэсанце", зьменена мера стрыманьня — на падпіску аб нявыезьдзе. Абодва затрыманыя былі сёньня вызваленыя зь СІЗА КДБ, дзе яны знаходзіліся пад арыштам з 6-га і 13 ліпеня адпаведна.

Пра гэта паведамляе сайт Камітэту дзяржбясьпекі Рэспублікі Беларусь.

Сяргей Башарымаў быў узяты пад варту 6 ліпеня, Антон Сурапін — 13 ліпеня 2012 году. Ім абодвум выставілі абвінавачваньне паводле часткі 3 артыкулу 371 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь «Незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь» — у сувязі з так званым «мядзьведжым дэсантам».

00.05

У інтэрвію Свабодзе Сурапін заявіў, што не лічыць сябе вінаватым. Публікацыю фотаздымкаў мядзьведзікаў ён называе сваёй журналісцкай удачай.





23.30 Першыя фоты Анонта Сурапіна на волі



Антон Сурапін у бацькоўскай хаце ў Слуцку

Антон Сурапін у бацькоўскай хаце ў Слуцку



Антон Сурапін разам з бацькамі

Антон Сурапін разам з бацькамі



КДБ апублікаваў спэцыяльнае паведамленьне на сваім сайце:

«Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь працягваецца расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце незаконнага перасячэньня 4 ліпеня гэтага году Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь падданымі Швэцыі на лёгкаматорным самалёце.

17.08.2012 грамадзянам Беларусі Башарымаву С. А. і Сурапіну А. А., якія абвінавачваюцца па ч. 6. арт. 16 і ч. 3. арт. 371 КК Беларусі, зьменена мера стрыманьня зь зьняволеньня на падпіску пра нявыезд і належныя паводзіны.

Башарымаў С. А. і Сурапін А. А. застаюцца ў статусе абвінавачаных, паколькі неабходныя сьледчыя дзеяньні, у тым ліку правядзеньне вочнай стаўкі, не праведзены ў сувязі з адмовай падданых Швэцыі прыехаць у сьледчую ўправу.

Канчатковыя працэсуальныя рашэньні ў дачыненьні да грамадзянаў Беларусі, якія праходзяць па крымінальнай справе, будуць прынятыя толькі пасьля ўнясеньня поўнай яснасьці ў абставіны злачынства, што расьсьледуецца».


Антон Сурапін: «Дзякуй усім калегам—журналістам, усім неабыякавым людзям за падтрымку»




Антон Сурапін, які ўжо знаходзіцца ў бацькоў у Слуцку, апавёў Радыё Свабода, пра сваё вызваленьне і першыя гадзіны на волі:

«Гадзін 5–6 таму прыйшлі да мяне ў камэру, сказалі зьбіраць усе свае рэчы. І — на выхад. Напісаў падпіску аб нявыезьдзе, аб неразгалошваньні, што тычыцца сьледзтва. Ну і ўсё — прывезьлі мяне ў Слуцк да бацькоў. Буду тут да верасьня.

Настрой цудоўны, аптымістычны, сайт будзе працаваць, у гэтым магу запэўніць».

Карэспандэнтка: «Антон, як вы там пачувалі сябе, як з вамі абыходзіліся? Якія там умовы ўтрыманьня?»

«Я не магу пра ўсё казаць — усё тая ж падпіска аб неразгалошваньні. Аде я жывы, здаровы, аптымістычны. Абыходзіліся са мной нармалёва. Тое, што была падтрымка, я адчуваў маральна. Да мяне, канечне, не даходзілі ўсе лісты. Даходзілі толькі ад родных, ад бацькоў. Ад калегаў-журналістаў і сяброў не даходзілі. Але я адчуваў, што будзе падтрымка, і таму не сумаваў.

Карэспандэнтка: «Антон, ці ведалі вы, што, магчыма, у суседняй камэры сядзіць другі хлопец, рыэлтар, які таксама быў затрыманы па гэтай справе?»

«Не, наконт рыэлтара я ўвогуле нічога ня ведаў: хто гэта, адкуль. Толькі калі я глядзеў па АНТ навіны, я даведаўся, што ёсьць і другі чалавек па гэтай справе. Дзе ён цяпер, не магу сказаць, бо проста ня ведаю.

Зараз я паспрабую запусьціць свой старэнькі кампутар, бо ўся мая тэхніка засталася ў Менску, яе не вярнулі пакуль. Але бацькі сабралі ўсе газэты, публікацыі, што пра мяне пісалі. Я гэта ўсё бачу, бачу, што была вялікая падтрымка. За гэта ўсё дзякуй ўсім маім калегам-журналістам, усім неабыякавым людзям, якія дапамагалі».


Людміла Башарымава: «Сяргей патэлефанаваў мне ўжо з дому»




Людміла Башарымава, маці менскага рыэлтара Сяргея Башарымава, пра вызваленьне сына даведалася, едучы за рулём аўтамабіля ў Магілёў. Яна вярталася дадому пасьля ўчорашняга спатканьня з Сяргеем:

«Я ў дарозе зараз, і мне патэлефанавала дачка, бо ў яго мабільнага тэлефона няма — не вярнулі пакуль яшчэ. Тады я яму на хатні ператэлефанавала, і мы папразмаўлялі. Я еду за рулём, таму размаўлялі мала — літаральна пару хвілін, бо мы ж яшчэ і бачыліся ўчора. Хоць я, канечне, ня думала, што яго сёньня вызваляць. Ён сказаў, што хоча ачуцца — хоць пару дзён пабыць у спакойнай абстаноўцы. Я думаю, што крыху пазьней прыйдзе разуменьне таго, што зьмянілася ягонае становішча. Бо такія падзеі роўныя шоку. Такое ўражаньне, што жыцьцё пачынаецца наноў. Магчыма, заўтра ўвечары я паеду да яго. А пакуль ім будзе апекавацца бабуля — ён зь ёй жыве. Ёй 90 гадоў, яна яго ўвесь час чакала і вось дачакалася».


Сурапін: «Тое, што выпусьцілі ў гадавіну майго сайту — найлепшы падарунак для мяне»


Антон Сурапін патэлефанаваў у БАЖ з нумару маці, Алены Сурапінай. Пакуль што раіць зьвязвацца зь ім па яе тэлефоне. Заўтра журналіст плянуе набыць новы апарат (яго тэхніка дагэтуль застаецца ў КДБ), нумар якога паведаміць праз свой сайт bnp.by, а таксама ў суполках «Ўкантакце» і Facebook.

Антона вызвалілі каля каля 18:30 і прывезьлі на машыне дахаты ў Слуцк. Адваката пры яго вызваленьні не было. Антон ня мае права выяжджаць за межы Слуцку.

Абмежаваньняў наконт карыстаньня інтэрнэтам у яго няма, і ён будзе спрабаваць выходзіць на сувязь праз стары кампутар, які стаіць у бацькоў — «калі адновіць паролі».

Што адбываецца зь яго тэхнікай, забранай у часе ператрусу, журналіст ня ведае.

У верасьні ў Антона сканчаюцца вакацыі і пачынаецца «журфакаўская» практыка, і ён спадзяецца вярнуцца ў Менск.

Лісты ў СІЗА да яго даходзілі толькі ад родных.

«Тое, што выпусьцілі ў гадавіну майго сайту (менавіта 17 жніўня — роўна год з дня зьяўлення першага допісу на сайце bnp.by) — найлепшы падарунак для мяне», — цытуе словы Антона прэсавая служба БАЖ.


Аднаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Прыкладна паўтары гадзіны ён правёў у паветранай прасторы краіны. За гэты час ён скінуў над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасьці ня толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай усіх злучэньняў і воінскіх часьцей Ваенна-паветраных сіл і Войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла прэс-служба прэзыдэнта.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасьці папярэджаны міністар абароны Юры Жадобін і начальнік Генштабу Узброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётр Ціханоўскі. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савета бясьпекі Леаніда Мальцава і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG