Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея заблякавала пастаўкі ў Беларусь сыравіны для растваральнікаў і разбаўляльнікаў. Якія прычыны зьяўленьня гэтай праблемы? Чаму рэакцыя Расеі была такой запозьненай? Якія наступствы для беларускай эканомікі будзе мець спыненьне экспарту растваральнікаў і разбаўляльнікаў?

Удзельнікі: журналістка газэты «Белорусы и рынок» Тацьцяна Манёнак і эканаміст Сяргей Чалы.

Крэатыўны бізнэс-ход ці маштабная махінацыя?


Тацьцяна Манёнак

Тацьцяна Манёнак

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч: «Гэтая тэма зьявілася ў публічнай прасторы толькі сёлета і нечакана. Дасюль у мэдыйных матэрыялах няма яснасьці адносна сутнасьці гэтай зьявы. Паводле беларускага боку, быў знойдзены хітры выхад з нафтавых дамоўленасьцяў паміж Менскам і Масквою. Паколькі мыта за экспарт Беларусьсю нафтапрадуктаў, выпрацаваных з расейскай нафты, павінна выплачвацца у бюджэт Расеі, то беларускія ўлады прыдумалі цікавую схему. Яны пачалі выпрацоўваць з расейскіх нафтапрадуктаў растваральнікі і разбаўляльнікі, якія ня лічацца нафтапрадуктамі, і такім чынам, Менск пазбавіўся неабходнасьці выплачваць мыта ў расейскі бюджэт.

Але ў расейскіх мэдыях зьявілася і іншая вэрсія. Маўляў, насамрэч, Беларусь займалася махінацыяй. Пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў беларускі бок экспартаваў звычайныя нафтапрадукты. І аргумэнтавалі гэта тым, што ва ўмовах падзеленых канкурэнтных рынкаў — дзе магла знайсьці Беларусь новыя рынкі збыту для такіх вялікіх аб’ёмаў сваёй прадукцыі? Нагадаю, што гэтым годам экспарт растваральнікаў і разбаўляльнікаў (РР) вырас у шэсьць разоў. Дык што гэта было: крэатыўны бізнэс-ход ці маштабная махінацыя?»

Тацьцяна Манёнак: «Гэта быў крэатыўны ход не беларускіх уладаў, а прыватных расейскіх і беларускіх нафтавых кампаній. Без расейскіх кампаній, якія пастаўляюць сюды сыравіну, гэты сумнеўны бізнэс быў бы немагчымым.

Беларускія афіцыйныя асобы паводзілі сябе спакойна. Бо фармальна рээкспарту расейскіх нафтапрадуктаў зь Беларусі не было. Расейскія нафтапрадукты тут дапрацоўваліся і, паводле беларускага тэхнічнага рэглямэнту, атрымоўвалі новы таварны код і пад новым кодам (РР) экспартаваліся на суседнія рынкі. А паводле тэхнічных рэглямэнтаў эўрапейскіх краін (краін Балтыі) РР зьяўляюцца нафтапрадуктамі.

Прыватны бізнэс знайшоў выйсьце, каб пазьбегнуць плацяжоў у расейскі бюджэт. Гэты бізнэс асабліва актывізаваўся напрыканцы мінулага году, калі Расея ўвяла мыта на бэнзін да 90% ад мыта на нафту. Пік экспарту РР быў 2-3 месяцы таму. А калі сытуацыя стала абмяркоўвацца публічна, то абароты гэтага бізнэсу пачалі зьніжаць.

Важна адзначыць, што беларускія НПЗ у гэтым бізнэсе ня ўдзельнічалі. Дзеля выпрацоўкі РР заводы не патрэбныя, дастаткова рэзэрвуараў».

Сяргей Чалы: «Гэтая схема абсалютна легальная з гледзішча і беларускага заканадаўства, і беларуска-расейскіх дамоўленасьцяў. Новы код атрымоўвалі ня толькі РР, але і складанаарганічныя прадукты нафтахіміі.

Для мяне відавочна, што калі мінулым годам падпісваліся беларуска-расейскія дамоўленасьці аб пастаўках нафты, гэтая шчыліна была пакінута адмыслова, каб расейскія нафтавыя кампаніі маглі зарабляць. Гэта не адзіная дзірка, якой яны актыўна карыстаюцца. Кантрабандныя схемы працуюць і праз Казахстан, і праз парты Балтыі, у якія афіцыйна пастаўляюць мазут, але чамусьці ён загружаецца ў танкеры, прадугледжаныя для перавозкі сырой нафты.

Кажуць, што Беларусь зарабіла на гэтым каля 2,5 млрд даляраў у першым паўгодзьдзі, Але ня менш паловы гэтых даходаў атрымалі расейскія кампаніі. Проста маштабы гэтага бізнэсу сталі настолькі вялікімі — да непрыстойнасьці, і на іх зьвярнулі ўвагу мэдыі. Таму з чэрвеня аб’ёмы гэтых апэрацый зьніжаюцца».

Карбалевіч: «А дзе ж знайшлі рынкі збыту для такога выбуховага росту экспарту РР?»

Чалы: «У тым-та і фокус, што для тых краін, на рынкі якіх паступаюць гэтыя прадукты, яны ня лічацца РР. Для іх гэта звычайныя нафтапрадукты. І рынак не памяняўся.

Тое, што гэтая схема легальная, пацьвярджаюць дзеяньні расейскага ўраду. Ён ня можа проста перакрыць гэтую схему. Таму і робяцца хітрыя захады — маўляў, у расейскай чыгункі не хапае вагонаў на пастаўку гэтай сыравіны».

Чаму рэакцыя Расеі была такой запозьненай?


Карбалевіч: «Хоць рост экспарту растваральнікаў і разбаўляльнікаў цягнуся увесь мінулы год, расейскія ўлады маўчалі. І толькі калі пра гэта пачалі пісаць расейскія мэдыі, урад РФ быў вымушаны рэагаваць. Чаму рэакцыя Расеі была такой запозьненай?»

Манёнак: «Сапраўды, у расейскага ўраду мала магчымасьцяў узьдзейнічаць на гэтую сытуацыю. Сёлета бюджэт РФ страціць 2 млрд даляраў з-за гэтай схемы. Масква ня можа проста увесьці мыта на гэтую сыравіну для РР. Бо яна зьвязана пагадненьнямі аб Мытным саюзе, пагадненьнямі аб пастаўках нафты. І калі ўвесьці новыя мыта, то можна паставіць крыж на інтэграцыйным праекце па стварэньні Эўразійскага саюзу.

Расейскім чыноўнікам складна было даказаць, што былі нейкія парушэньні пагадненьня аб пастаўках нафты. У Беларусь прыяжджалі расейскія спэцыялісты, расьсьледавалі справу, падрыхтавалі даклад для ўраду РФ. Па маіх зьвестках, сьледчы камітэт Расеі працуе па гэтай справе. Ня думаю, што Расея прад’явіць Беларусі патрабаваньне аб кампэнсацыі стратаў расейскага бюджэту».
Можна казаць, што гэта, хутчэй, унутрырасейскі канфлікт, чым беларуска-расейскі

Чалы: «Існуе канспіралягічная вэрсія, што па гэтым пытаньні адбываецца барацьба груповак у расейскім кіраўніцтве. Цікава, што рассьледаваньне пачалося тады, калі прэзыдэнтам стаў Пуцін, а куратарам нафтагазавай галіны быў прызначаны Сечын. Таму можна казаць, што гэта, хутчэй, унутрырасейскі канфлікт, чым беларуска-расейскі».

Якія наступствы для беларускай эканомікі?


Карбалевіч: «Якія наступствы для беларускай эканомікі будзе мець рашэньне Расеі спыніць пастаўкі ў Беларусь сыравіны для РР?»

Манёнак: «Асноўныя даходы ад гэтай схемы атрымалі прыватныя кампаніі. Зразумела, беларускія кампаніі плацілі падаткі ў дзяржаўны бюджэт. Дзякуючы гэтым схемам, Беларусь дасягнула дадатнага сальда замежнагандлёвага балянсу, што выглядае неверагодным. РР адыгралі тут значную ролю.

Але ня думаю, што падобны бізнэс будзе цалкам прыкрыты. Бо яго цяжка пракантраляваць, які нафтапрадукт ідзе праз беларускую мяжу: ці гэта мазут, ці нафта і інш. А сытуацыя для падобных схемаў надзвычай выгадная. Бо нафта і нафтапрадукты пастаўляюцца з Расеі ў Беларусь бяз мыта, а побач шмат рынкаў, дзе гэтая прадукцыя зьяўляецца ліквіднай. Вось беларуская кампанія „Трайпл“ заключыла пагадненьне з башкірскай нафтавай кампаніяй аб продажы нафтапрадуктаў на расейскім рынку. Пры такой схеме таксама ня трэба плаціць мыта ў расейскі бюджэт».

Чалы: «Максымальную страту, якую Беларусь можа атрымаць, — каля 1 млрд даляраў. Важна разумець, што Беларусь для Расеі заўсёды зьяўлялася такім афшорам».

Карбалевіч: «1 млрд — гэта вялікія грошы для Беларусі. Калі вылічыць сумы, якія Беларусь выплачвае ў расейскі бюджэт у якасьці мыта, то станоўчае сальда замежнагандлёвага балянсу становіцца менш за 1 млрд. І гэтае сальда можа памяняцца з плюса на мінус. А гэта зьвязана з абменным курсам рубля і іншымі макраэканамічнымі парамэтрамі».

Чалы: «Дзіўна тое, што мы маем станоўчае сальда. Бо плаваючы абменны курс рубля па вызначэньні павінен балянсаваць вонкавае сальда, і яно павінна быць блізкім да нуля».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG