Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтральная выбарчая камісія адмяніла папярэджаньне кандыдату ў дэпутаты Ганьне Канюс, якая вылучаная па Берасьцейскай Заходняй акрузе № 1 ад БСДП(Г).

Папярэджаньне спадарыні Канюс было вынесена акруговай камісіяй за тое, што яна быццам бы распаўсюджвала непраўдзівыя чуткі пра свайго канкурэнта, дырэктара берасьцейскага ЦУМа Віктара Валюшыцкага. Спадар Валюшыцкі таксама балятуецца па акрузе № 1.

Непраўдзівымі чуткамі, кажа Ганна Канюс, акруговая камісія палічыла яе скаргу на Віктара Валюшыцкага. У гэтай скарзе спадарыня Канюс зьвінаваціла дырэктара ЦУМа ў выкарыстаньні адміністрацыйнага рэсурсу.

Аднак акруговая камісія паведаміла Ганьне Канюс, што выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу ня выяўлена: маўляў, людзі ў адным з памяшканьняў ЦУМа зьбіраліся не для агітацыі за Віктара Валюшыцкага, а для іншых мэтаў, патлумачылі.

У адказ на скаргу кандыдаткі ад БСДП(Г) Віктар Валюшыцкі зьвінаваціў яе ў тым, што яна распаўсюджвае непраўдзівыя чуткі. Пасьля гэтага акруговая камісія і прыняла рашэньне аб вынясеньні папярэджаньня Ганьне Канюс.

Прадстаўніца БСДП(Г) не пагадзілася з папярэджаньнем і абскардзіла яго ў Цэнтравыбаркам. Там 17 жніўня папярэджаньне з Ганны Канюс было зьнятае.

Ганна Канюс: «Я, канечне, спадзявалася, што прынясе вынік тое, што мы змагаемся, пішам і спрабуем вырашыць пытаньні паводле заканадаўства. І рашэньне Цэнтравыбаркаму пацьвердзіла, што ніколі ня трэба здавацца. Мне вынесьлі папярэджаньне аб тым, што я паведаміла прэсе, што падала скаргу на Валюшыцкага. Тое, на што я скардзілася, акруговая камісія не пацьвердзіла, аднак пытаньняў засталося вельмі шмат. На гэта накіраваная мая другая скарга ў Цэнтравыбаркам, на якую я пакуль чакаю адказу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG