Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка, тлумачачы сваё рашэньне аб вывадзе беларускай амбасады са Стакгольму і закрыцьці швэдзкай амбасады ў Менску, заявіў: «У нас нуль інтарэсу ў Швэцыі». Радыё «Свабода» рыхтуе сэрыю матэрыялаў пра беларускія інтарэсы ў Швэцыі ў розных галінах жыцьця, пра падтрымку Швэцыяй беларускага грамадзтва. Сёньня — пра стасункі ў галіне журналістыкі, сродкаў масавай інфармацыі.

Бадай, ні ў адной іншай сфэры столькі адмыслоўцаў зь Беларусі не стажыраваліся ў Швэцыі, колькі супрацоўнікаў і дзяржаўных СМІ, і недзяржаўных, і фрылансэраў, студэнтаў прайшло праз FOJO — Швэдзкі інстытут павышэньня кваліфікацыі журналістаў, які знаходзіцца ў горадзе Кальмары, супрацоўнічае зь Беларусьсю ўжо 13 гадоў.

Жанна Літвіна

Жанна Літвіна

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна: «Тыя адукацыйныя праграмы, якія яны прапаноўвалі, па-першае, дазвалялі беларускім журналістам як бы адчуваць сябе часткай міжнароднай журналісцкай супольнасьці. Швэдзкія выкладчыкі і трэнэры прапаноўвалі самыя розныя тэмы сэмінараў: гэта і тое, што зьвязана з канвэргенцыяй рэдакцыі, гэта і мультымэдыйныя рэпартажы, і інтэрвію, і асьвятленьне палітычных падзеяў, і журналісцкія расьсьледаваньні. Дарэчы, за апошнія 3 гады каля 200 сябраў БАЖ прайшлі праз гэтыя адукацыйныя праграмы».

Прычым, праграмы прадугледжвалі і стажыроўкі самім інстытуце FOJO ў Кальмары, у швэдзкіх СМІ, а таксама правядзеньне трэнінгаў у Беларусі, Літве. Дзякуючы FOJO, беларуская журналісцкая супольнасьць мае цяпер сваіх кваліфікаваных трэнэраў, выкладчыкаў.

Рэдактар крычаўскай недзяржаўнай газэты «Вольны горад» Сяргей Няроўны быў на адной з такіх стажыровак у Швэцыі:

Сяргей Няроўны

Сяргей Няроўны

«Заўсёды быў цікавы іх досьвед. Асабліва мяне цікавіла этыка журналіста, палітычны рэпартаж, расьсьледаваньне. Наколькі этычна ўмешвацца ў прыватнае жыцьцё палітыка, наколькі дапушчальна гэта ў Швэцыі. Мы параўноўвалі ўсё зь беларускімі рэаліямі. Таксама хадзілі мы ў офісы палітычных партыяў, бралі інтэрвію. У Швэцыі шукаць інфармацыю журналістам значна лягчэй».

Два гады назад распачаўся свайго роду экспэрымэнт, распавяла Жанна Літвіна:

«Інстытутам FOJO была прапанаваная праграма па этычных стандартах журналістыкі. Там ўпершыню ўдзельнікамі былі дзьве журналісцкія арганізацыі: БАЖ і Саюз журналістаў Беларусі. У межах той праграмы год таму Беларусь наведаў амбудсмэн па СМІ Швэцыі. І на сёньняшні дзень адзін з накірункаў FOJO — гэта праца з Інстытутам журналістыкі, з выкладчыкамі, са студэнтамі».

Выкладчыца Інстытуту журналістыкі Алена Конанава зьяўляецца куратарам беларуска-швэдзкім праграм на журфаку:

«Раней была формула супрацоўніцтва такая: з нашага інстытуту ў агульную групу зь сябрамі БАЖ уключалі двух выкладчыкаў і двух студэнтаў. І даволі шмат выкладчыкаў прайшлі праз такія стажыроўкі».

Зараз будучыя журналісты стажыруюцца ў Швэцыі па асобных праграмах, прычым заняткі часьцяком праводзяцца разам са швэдзкімі студэнтамі.

Алена Конанава: «Дастаткова сур’ёзная праграма, яна ў нас вядзецца шмат гадоў. Ну канечне, вельмі цікавыя такія абмены, таму што трэнэры вельмі дасьведчаныя, кваліфікаваныя, і студэнтам было вельмі цікава. А цяпер я ня ведаю, што будзе з гэтым праектам».

Тацяна Мельнічук

Тацяна Мельнічук

Сябра праўленьня БАЖ Тацяна Мельнічук была куратарам адной з такіх груп журналістаў-пачаткоўцаў:

«Калі я даведалася пра склад гэтай групы, аказалася, што зь незалежных, так бы мовіць, журналістаў там было 3 — 4 чалавекі. Астатнія былі студэнтамі Інстытута журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту. І яны добра кантактавалі, сябравалі. Гэта было такое сьціраньне межаў, граняў паміж „нашымі“ — „ня нашымі“. Супольная праграма заўсёды аб’ядноўвае. І мне падаецца, такія ўзаемакарысныя абмены не павінны зьнікнуць. Не павінны ім перашкаджаць некаторыя палітычныя моманты. Таму што гэта адукацыя, гэта разьвіцьцё нашых маладых людзей».

Дарэчы, у складзе адной з такіх студэнцкіх праграм быў Сяргей Гусачэнка, цяперашні карэспандэнт Агенцтва тэлевізійных навінаў Беларускага тэлебачаньня, аўтар рэпартажу-шальмаваньня былога амбасадара Швэцыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана, які прайшоў у праграме «Панарама» 12 жніўня.

Стажыраваўся ў Швэцыі і былы намесьнік кіраўніка БТ Аляксандар Мартыненка, Дзьмітрый Косьцін, шмат іншых журналістаў зь дзяржаўных беларускіх СМІ.

З 2004 па 2009 — цягам 5 гадоў на Швэдзкім радыё існавала беларуская праграма, якую курыраваў журналіст Дзьмітрый Плакс — родам зь Беларусі, які шмат гадоў жыве і працуе ў Швэцыі:

Дзьмітры Плакс

Дзьмітры Плакс

«Мы вяшчалі пра Швэцыю і швэдзка-беларускія стасункі на беларускай мове. Пра дыяспару беларускую распавядалі, пра ўсё, што мае дачыненьне да Швэцыі. Калі я пачынаў у 2004 годзе, паўгадзінная праграма выходзіла раз на два тыдні. А пазьней, калі ўсё ўсталявалася, — з паўторамі выходзіла 4 разы на тыдзень. А цяпер вяшчаньне на кароткіх хвалях не існуе, застаўся толькі сайт».

Што да далейшага супрацоўніцтва, старшыня БАЖ Жанна Літвіна выказала такое меркаваньне:

«Цяжка сёньня прагназаваць і гаварыць, якія пэрспэктывы ў гэтых навучальных праграм. Канечне, хацелася, каб яны захаваліся, ня гледзячы на ўсе дыпляматычныя войны і высьвятленьне адносінаў. А гэта вырашаць будзе ўсё ж такі FOJO, сам інстытут».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG