Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 жніўня маці Антона Алена Сурапіна аднесла асабістыя рэчы і сродкі гігіены ў турму КДБ.

«Пасту зубную ён прасіў. Нейкія прадукты. Ніякіх кніг, газэт і нават крыжаванку туды перадаваць нельга», — расказала «Свабодзе» Алена Сурапіна.

17 жніўня — роўна год, як Антон запусьціў свой сайт Belarusian News Photos.

.
«Антон у другім лісьце да нас перадаваў шмат словаў падзякі тым, хто дапамагае цяпер з сайтам, таксама калегам за падтрымку», — дадала Алена Сурапіна.

З 13 ліпеня 2012 года фатограф Антон Сурапін знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ па абвінавачваньні ў спрыяньні незаконнаму перасячэньню дзяржаўнай мяжы. Віна Сурапіна заключаецца толькі ў тым, што ён разьмясьціў на сайце «Belarusian News Photos» фотаздымкі цацачных мішак, скінутых з самалёта, які парушыў дзяржаўную мяжу Беларусі.

Аднаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Прыкладна паўтары гадзіны ён правёў у паветранай прасторы краіны. За гэты час ён скінуў над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасьці ня толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай усіх злучэньняў і воінскіх часьцей Ваенна-паветраных сіл і Войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла прэс-служба прэзыдэнта.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасьці папярэджаны міністар абароны Юры Жадобін і начальнік Генштабу Узброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётр Ціханоўскі. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савета бясьпекі Леаніда Мальцава і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.
XS
SM
MD
LG