Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польска-расейскі «шлях аднаўленьня»


Патрыярх Маскоўскі і Ўсяе Русі Кірыл і арцыбіскуп Юзэф Міхалік.

Патрыярх Маскоўскі і Ўсяе Русі Кірыл і арцыбіскуп Юзэф Міхалік.

Сёньня патрыярх Маскоўскі і Ўсяе Русі Кірыл ды арцыбіскуп Юзэф Міхалік, кіраўнік Канфэрэнцыі біскупаў Рымакаталіцкай царквы ў Польшчы, падпісалі дакумэнт з заклікам да палякаў і расейцаў прымірыцца і дараваць адзін аднаму гістарычныя правіннасьці.

Падпісаньне мела месца ў Каралеўскім замку ў Варшаве.

Дэклярацыя, падпісаная расейскім і польскім царкоўнымі герархамі, разглядаецца ў Польшчы як важны крок на шляху да гістарычнага прымірэньня абодвух народаў.

«Пасьля Другой сусьветнай вайны і балючых выпрабаваньняў атэізму, накінутага нашым нацыям, мы ўваходзім на шлях аднаўленьня. (...)

Мы зьвяртаемся да нашых вернікаў, каб яны прасілі выбачэньня за крыўды, несправядлівасьць і ўсялякае зло, якія ўчынілі сабе ўзаемна. Мы перакананыя, што гэта першы і найважнейшы крок для адбудовы ўзаемнага даверу, безь якога няма ні трывалай чалавечай супольнасьці, ні поўнага прымірэньня.

Выбачэньне, зразумела, не азначае забыцьця. Памяць зьяўляецца істотнай часткай нашай тоеснасьці. Мы таксама абавязаны ёю ахвярам мінулага, якіх закатавалі або пазбавілі жыцьця за вернасьць Богу і зямной айчыне. Выбачэньне азначае аднак адрачэньне ад помсты і нянавісьці, удзел у пабудове згоды і братэрства між людзьмі, нашымі нацыямі і краінамі, што складае падставу мірнай будучыні. (...)

Мы перакананыя, што Ўваскрэслы Хрыстос ёсьць надзеяй ня толькі нашых Цэркваў і нацыяў, але таксама ўсёй Эўропы і сьвету. Няхай учыніць Ён сваёй ласкай, каб кожны паляк у кожным расейцы і кожны расеец у кожным паляку бачыў сябра і брата».

Візыт патрыярха Кірыла, які патрывае да 19 жніўня, зьяўляецца гістарычна першым візытам кіраўніка Расейскай праваслаўнай царквы ў Польшчы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG