Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэпель: Дзяржава на паралімпійцах не нясе ні капейкі выдаткаў


17 жніўня дэлегацыя беларускіх спартоўцаў і трэнэраў выправілася ў Лёндан, дзе з 29 жніўня па 9 верасьня будуць праходзіць ХІV летнія Паралімпійскія гульні.

Гэтым разам ліцэнзіі атрымалі 34 паралімпійцы, якія будуць змагацца за мэдалі ў лёгкай атлетыцы, плаваньні, вэляспорце, цяжкай атлетыцы, дзюдо, веславаньні і фэхтаваньні.

Пры гэтым адмыслоўцы выказваюць асьцярогі, што, як і ў выпадку з выступам асноўнай зборнай Беларусі на ХХХ Алімпійскіх гульнях, якая фактычна праваліла мэдалёвы плян, ня здолеюць у поўную моц паказаць сябе і паралімпійцы.

Прыкладам, два пераможцы мінулых гульняў у Пэкіне 2008 году, плаўцы Раман Макараў і Сяргей Пунько, ад гэтага году будуць выступаць за Расею. Інтарэс мэркантыльны — у Расеі большыя прэміяльныя, а пераможцам Паралімпійскіх гульняў дзяржава плаціць пэнсію ў памеры 1 тысячы даляраў.

У Пэкіне Макараў і Пунько заваявалі для Беларусі большую палову выніковых узнагародаў — 7 з агульных 13-ці.

На думку старшыні Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Беларусі, неаднаразовага чэмпіёна Паралімпійскіх гульняў у лёгкай атлетыцы Алега Шэпеля, тэндэнцыя на адток лепшых кадраў будзе захоўвацца. Па яго словах, праблема перадусім у тым, што ў Беларусі спартоўцам-інвалідам плацяць толькі 30% ад прызавых здаровых атлетаў.

У той жа час у іншых краінах былога СССР паралімпійцы атрымліваюць роўныя ганарары з чальцамі асноўнай нацыянальнай зборнай, а таксама маюць пажыцьцёвую пэнсію.

Між тым, падкрэсьлівае спадар Шэпель, нават у Канстытуцыі Беларусі прапісана, што ўсе грамадзяне ў краіне маюць роўныя правы, таму і здаровыя, і інваліды мусяць атрымліваць аднолькавае ўзнагароджаньне за адны і тыя ж посьпехі. На перакананьне суразмоўцы, у цэлым фінансаваньне паралімпійскага спорту ў Беларусі нашмат горшае, чым ў суседзяў, ня кажучы пра заходнія дзяржавы:

«Я лічу, што мы ўсе праблемы, зьвязаныя з падрыхтоўкай, вырашылі. Прычым, гэта тычыцца ня толькі фінансаваньня трэніровачных працэсаў ці ўдзелу ў нейкіх этапах кубкаў сьвету, але гэта тычыцца і акрэдытацыі, і ўдзелу нашых спартоўцаў у спаборніцтвах, і пражываньня. Адназначна можна гаварыць, што ў гэтым пляне намі зроблена практычна ўсё самастойна. Дзеля інфармацыі скажу, што мы за ўдзел у Паралімпійскіх гульнях спартоўцам і трэнэрам не заплацім ні капейкі. Дакладней, дзяржава не заплаціць ні капейкі. То бок, усё фінансаваньне на гэтых Гульнях, уключна зь пералётам, пражываньнем, харчаваньнем, удзелам у спаборніцтвах, будзе ажыцьцяўляцца за кошт Міжнароднага алімпійскага камітэту. І я лічу, што гэта таксама заслуга нашага Нацыянальнага паралімпійскага камітэту».

Сёлета памеры прэміяльных для паралімпійцаў, якія зоймуць у Лёндане прызавыя месцы, будуць падвышаныя:

  • за золата пераможца атрымае 50 тысяч даляраў
  • за срэбра — 30 тысяч
  • за бронзу — 20 тысяч.

Між тым, у асноўнай камандзе залатая ўзнагарода каштуе 150 тысяч даляраў, срэбра — 100 тысяч, бронза — 75 тысяч.

Упершыню беларускія паралімпійцы выступілі самастойнай камандай на летніх гульнях у Атлянце ў 1996 годзе, заваяваўшы ў дэбюце 13 мэдалёў. Самым ураджайным на ўзнагароды былі Гульні ў Афінах-2004 — ажно 28 мэдалёў рознай вартасьці. Годным быў і вынік Сыднэю-2000 — 23 алімпійскія мэдалі.
XS
SM
MD
LG