Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы брытанцаў выказалі салідарнасьць зь беларускімі журналістамі


Моладзь Лібэральна-дэмакратычнай партыі Вялікабрытаніі пачала кампанію ў падтрымку беларускіх журналістаў, затрыманых за фатаграфаваньне з плюшавым мішкам, паведаміў прадстаўнік міжнароднага аддзела «Лібэральнай моладзі» Самюэль Фіск.

Паводле яго слоў, мэта кампаніі — зьвярнуць увагу на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. У рамках кампаніі ўсе ахвотныя дасылаюць свае фатаграфіі зь мяккімі цацкамі і з паведамленьнямі «супраць рэжыму Лукашэнкі». Фотаздымкі разьмяшчаюцца на спэцыяльна створаным сайце. Да кампаніі ужо далучыліся тысячы чалавек, у тым ліку адзін з лідараў лібэральных дэмакратаў Алістэр Кармайкл, заявіў Фіск.

Як паведамляецца на афіцыйным сайце кампаніі, у Беларусі «усё яшчэ арыштоўваюць і падвяргаюць катаваньням па палітычных матывах, у тым ліку маладых актывістаў, якія выступаюць за дэмакратыю. Усё гэта адбываецца ў Эўропе», піша БелаПАН.

13 ліпеня ў рамках расьсьледаваньня справы аб «мядзьведжым дэсанце» быў затрыманы 20-гадовы фатограф Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых швэдамі цацачных мядзьведзяў.

Увечары 8 жніўні журналісткі Юлія Дарашкевіч і Ірына Козьлік ў знак салідарнасьці з затрыманым правялі фотасэсію з плюшавым мядзьведзем недалёка ад Палаца мастацтваў на вуліцы Казлова ў Менску. Яны былі затрыманыя і правялі ноч у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУЎС Мінгарвыканкама. 9 жніўня судзьдзя суда Савецкага раёна Мінска Дзьмітрый Паўлючэнка прызнаў іх вінаватымі ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету і аштрафаваў іх на 30 базавых велічынь (3 млн. рублёў) кожную.


Аднаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Прыкладна паўтары гадзіны ён правёў у паветранай прасторы краіны. За гэты час ён скінуў над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасьці ня толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай усіх злучэньняў і воінскіх часьцей Ваенна-паветраных сіл і Войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньню нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла прэс-служба прэзыдэнта.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасьці папярэджаны міністар абароны Юры Жадобін і начальнік Генштаба Узброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётр Ціханоўскі. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савета бясьпекі Леаніда Мальцава і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.
XS
SM
MD
LG