Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Звольнілі патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Яўгена Рыбакова


Сябра Сойму і сябра Рады Менскай гарадзкой арганізацыі Яўген Рыбакоў, вылучаны Зьездам Партыі БНФ кандыдатам ў дэпутаты, страціў працу.

Як паведаміў Рыбакоў, некалькі дзён таму да яго на працу прыехала дырэктарка фірмы «Лазэр-графікс» Тацяна Саломкіна і прапанавала звольніцца па ўласным жаданьні, патлумачыўшы, што фірме больш не патрэбны рэзчык.

Па словах Яўгена Рыбакова, гэта быў першы раз, калі дырэктарка зьявілася на прадпрыемстве і пыталася чаму ён размаўляе па-беларуску. Патэнцыйны кандыдат ад БНФ зьвязвае гэты выпадак з разглядам пададзеных ім дакумэнтаў у акруговую выбарчую камісію. Яўген Рыбакоў вылучаецца па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105.

Рыбакоў адпрацаваў рэзчыкам на ААТ «Лазэр-Графікс» амаль год і 25 ліпеня 2012 года нават атрымаў дыплём і званьне лепшага працаўніка фірмы.

На дадзены момант Яўген Рыбакоў шукае працу, а на яго старым месцы ўжо працуе новы чалавек, паведамляе прэс-служба Партыі БНФ.


«Свабода» паразмаўляла зь Яўгенам Рыбаковым:

«У маёй былой дырэктаркі шмат знаёмых у пракуратурах. А я падаў дакумэнты на рэгістрацыю ў якасьці кандыдата. Мне здаецца, што нехта зь яе сяброў папярэдзіў, што могуць быць нейкія зачэпы да яе. Яна хуценька мяне прыбрала. Мне давалі дыплёмы лепшага працаўніка і нават сэртыфікаты з грашовым падарункам. Праўда, грошы не давалі, сказалі, што магу ўзяць вырабамі самой кампаніі. Раптоўна дырэктар перамянілася да мяне, прыкладна на працягу тыдня. Яна сказала, што тая праца, якую я выконваю, не зьяўляецца надта карыснай для фірмы. Яна прапанавала да сканчэньня тэрміну майго кантракту звольніцца. Зь яе боку была прапанова па згодзе бакоў. Потым я даведаўся, што на маё месца будуць браць іншага чалавека. Тое, што яна казала, нібыта такая праца не патрэбна, была проста хлусьня. Паколькі кантракт напісаны так, што плоцяць вельмі малыя грошы — 780 тысяч было — апошнія грошы паабяцаныя мне ў выглядзе прэміі. Ведаючы пра тое, што, калі не пагаджуся зь яе прапановай, яна проста ня будзе мне плаціць. Таму я прыняў яе прапанову. Я звольніўся, атрымаў працоўную кніжку і пайшоў на новае месца да новага гаспадара».

Дырэктар фірмы «Лазэр-графікс» Тацяна Саломкіна, спаслаўшыся на занятасьць, размаўляць са «Свабодай» адмовілася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG