Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Усе кандыдаты ў дэпутаты будуць зарэгістраваныя 22 жніўня.

17 жніўня Цэнтральная выбарчая камісія зацьвердзіла графік эфірнага часу, які будзе выдзяляцца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Іх выступы альбо па жаданьні дэбаты пачнуцца 27 жніўня і скончацца 14 верасьня. І выступы, і дэбаты папярэдне абавязкова запісваюцца і ня будуць трансьлявацца ў жывым эфіры. Працягласьць кожнага выступу ня можа перавышаць 5 хвілінаў.

Кандыдаты, якія вылучаюцца па Менску, будуць выступаць па тэлевізійным канале Беларусь-2 і радыёстанцыі «Сталіца». Кандыдаты зь Менскай вобласьці — па тэлеканале СТВ і той жа «Сталіцы». Прэтэндэнты зь усіх іншых рэгіёнаў — па мясцовым тэле- і радыёвяшчаньні.

Карэспандэнт «Свабоды» спытаў старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну: ці будзе ў кандыдатаў на дэпутацкія крэслы жывы эфір?

«Наўпроставага эфіру ня будзе, паколькі яшчэ ў папярэдняй пастанове ЦВК, на аснове якой прымалася пастанова сёньняшняя пра графік выхаду ў эфір, адзначалася: усе перадвыбарныя выступы будуць трансьлявацца ў запісе. Як па радыё, як па тэлебачаньні, як і дэбаты».

Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 1994 году кандыдаты на найвышэйшую дзяржаўную пасаду і выступалі, і дэбатавалі ў наўпроставым эфіры. Пра гэта гаворыць тэлежурналіст Эдуард Мельнікаў, які тады займаўся арганізацыяй выступаў прэтэндэнтаў і вёў дэбаты зь іх удзелам:

«Яны прыходзілі да нас у жывы эфір. І ніхто не пытаўся загадзя: ці хочаце вы выступаць? Калі хочаце, то мы іх запрашалі. І ўсё гэта было ў рабочым парадку.

А калі пайшла рэглямэнтацыя афіцыйных выступаў кандыдатаў у прэзыдэнты, то быў заведзены спэцыяльны гросбух, куды ў парадку жывой чаргі і запісваліся ўсе кандыдаты. Тады першым, памятаю, прыйшоў давераная асоба кандыдата Кебіча актор Мікалай Мікалаевіч Яроменка-старэйшы. І ён запісаў свае першыя кавалкі, зрабіў так, як яму даручылі ва ўрадзе. А літаральна празь пяць хвілін пасьля яго да мяне ў кабінэт уляцеў Аляксандар Фядута. І вельмі дасьведчана прааналізаваўшы сетку вяшчаньня, паставіў кандыдата Лукашэнку ў самыя лепшыя кавалкі эфірнага часу. І мы не пярэчылі. А потым рэгістраваліся ўсе астатнія — як хто падышоў».

Эдуард Мельнікаў лічыць, што дзяржаўнае тэлебачаньне і радыё не павінны ўмешвацца ў працэс падрыхтоўкі выступаў кандыдатаў. А форму выступу — запіс альбо наўпроставы эфір — мусяць абіраць самі прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты:
Трэба, каб форму абіралі каманды кандыдатаў самі для сябе

«Ёсьць такія людзі, якія лепей адчуваюць нэрв наўпроставага эфіру. Яны — харызматычныя. І калі яны хочуць выступаць у жывым эфіры, няхай выступаюць. Для іншых, каб лепш выглядаць, патрэбны запіс. Але ня трэба, мне падаецца, звонку навязваць усім адно і тое ж. Трэба, каб форму абіралі каманды кандыдатаў самі для сябе.

Ніякага ўмяшальніцтва ў працэс запісу не патрэбна. Абавязковая ўмова — рабіць выступы павінны альбо незалежныя кампаніі, альбо каманда самога кандыдата».

Сёньня ж Лідзія Ярмошына сказала журналістам, што ЦВК зьвярнуўся ва ўсе акруговыя камісіі з прапановай правесьці рэгістрацыю патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ў адзін дзень — 22 жніўня. Гэта будзе зроблена для таго, каб ніхто з кандыдатаў ня меў перавагі ў часе для агітацыйнай кампаніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG