Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь па ўзроўні здароўя на 91-м месцы сярод 145 краін сьвету


Агенцтва Bloomberg апублікавала рэйтынг узроўню здароўя людзей у 145-ці крах сьвету. Беларусь апынулася на 91-м месцы ў рэйтынгу — паміж Інданэзіяй і Манголіяй.

Агенцтва Bloomberg праіндэксавала краіны, дзе насельніцтва перавышае 1 мільён чалавек, па шкале здароўя і шкале фактараў рызыкі. Узровень здароўя вылічваецца адніманьнем індэксу фактараў рызыкі з індэксу здароўя краіны.

Пры ацэнцы здароўя жыхароў краін бралі пад увагу працягласьць жыцьця, дзіцячую сьмяротнасьць, сьмяротнасць па ўзростах, іх прычыны, чаканую працягласьць жыцьця мужчын і жанчын, што ўжо дасягнулі 65-гадовага ўзросту.

За фактары рызыкі прымаліся такія фактары, як адсотак курцоў старэйшых за 15 гадоў, узровень ўжываньня алькаголю на душу насельніцтва, працэнт людзей, якія маюць залішнюю вагу і атлусьценьне, працэнт насельніцтва з павышаным узроўнем халестэрыну, з падвышаным крывяным ціскам, з высокім утрыманьнем глюкозы, працэнт ВІЧ- інфікаваных, экалягічная сытуацыя ў краіне, дзіцячыя хваробы, мацярынская сьмяротнасьць.

Дасьледаваньні паказалі, што самыя здаровыя людзі жывуць у Сінгапуры. Пасьля ідуць Італія, Аўстралія, Швэйцарыя і Японія. У першую дзясятку таксама трапілі Ізраіль, Гішпанія, Нідэрлянды, Швэцыя і Нямеччына. Францыя апынулася на 13-м, Вялікабрытанія — на 21-м, Чэхія — на 32-м, ЗША — на 33-м месцы.

27 з апошніх 28 месцаў у рэйтынгу займаюць афрыканскія краіны.

Беларусь і яе суседзі ў рэйтынгу ўзроўня здароўя Bloomberg Rankings:

40. Польшча
79. Латвія
81. Літва
91. Беларусь
97. Расея
99. Украіна

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG