Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў прадставіў Савету міністраў даклад з найважнейшымі парамэтрамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на 2013 год. Мяркуецца, што ў наступным годзе валавы ўнутраны прадукт вырасьце на 8,5%, а вытворчасьць працы — на 9,3%.

Дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія» эканаміст Леанід Заіка, вывучаючы чарговы ўрадавы дакумэнт, не знайшоў там нічога новага:

«Вывучаючы беларускія прагнозы, асноўныя накірункі цягам апошніх 18 гадоў, я ўжо ня бачу ніякай прынцыповай розьніцы у тым, што пісалі ў 1998-м годзе альбо ў 2010 з тым, што пішуць зараз. Уся формула працы нагадвае Дзяржплян БССР».

Эканаміст Міхаіл Залескі таксама параўнаў новыя распрацоўкі Міністэрства эканомікі зь дзяржплянаўскімі савецкіх часоў і параіў да іх ставіцца спакойна:

«У савецкім Дзяржпляне ёсьць адзін фундамэнтальны прынцып: паказьнікі не павінны зьніжацца. І таму яны малююць лічбы росту — прыросту. Сэнсу ў гэтым нямнога. Таму што ніхто з распрацоўшчыкаў не задаецца думкаю: а ці патрэбен менавіта такі хуткі рост? Якім чынам гэты рост зьвязаны, напрыклад, з працягласьцю жыцьця ў краіне? Ці яшчэ зь якімі паказьнікамі, вартымі ўвагі... На гэта ніхто не зьвяртае ўвагі. Таму што трэба арыентавацца на арыенціры, выстаўленыя Адміністрацыяй прэзыдэнта».
Ніхто з распрацоўшчыкаў не задаецца думкаю: а ці патрэбен менавіта такі хуткі рост?

Эканаміст Сяргей Чалы, які працаваў над альтэрнатыўнай «Народнай праграмай», прэзэнтаванай дзень таму, таксама ўважліва вывучае ўрадавыя дакумэнты. Што да асноўных паказьнікаў на 2013 года, кажа:

«Там прынцып вельмі просты: хочам такі эканамічны рост. Дзе ўзяць на гэта сродкі? Зразумела, што грошай няма. Дзяржаўнымі прадпрыемствамі мы гэта ня зробім. Таму будзем спадзявацца, што раптам запрацуе прыватны бізнэс, і дзесьці знойдуцца 17 мільярдаў даляраў прамых інвэстыцыяў за 3 гады. Гэта ўсё выключна з пажаданьняў напісана. А дзе гэтыя грошы возьмуцца, чаму яны знойдуцца — незразумела».

Даклад міністра эканомікі Мікалая Снапкова, апублікаваны на сайце Саўміну, уражвае салідным аб’ёмам — 30 старонак, шматлікія разьдзелы, сотні паказьнікаў, каляровая інфаграфіка, табліцы. Леанід Заіка з гэтай нагоды выказаў такое меркаваньне:

«Увесь прагноз можна зрабіць на трох старонках: найважнейшы паказьнік — цана бэнзіну; найважнейшы паказьнік — кан’юнктура і цэны ўсясьветнага рынку; і найважнейшыя паказьнікі, зьвязаныя з расейскім рынкам і канкурэнтаздольнасьцю на расейскім рынку. Гэта калі па-сур’ёзнаму рабіць. Але яны гэтага наагул баяцца, яны міма гэтага праходзяць. А ўсе гэтыя лічбы мэханічна ўзятыя: сёньня быў рост 3%, заўтра давайце зробім 6%».

Эканаміст Сяргей Чалы таксама лічыць, што рост практычна ўсіх асноўных паказьнікаў на 6-8% абсалютна нічым не абгрунтаваны:
Яны плянуюць, што зьнянацку створыцца 200 тысяч новых працоўных месцаў. І эканамічны рост ў іх атрымліваецца па 6-8%. І гэтага ня будзе

«Яны плянуюць, што зьнянацку створыцца 200 тысяч новых працоўных месцаў. І эканамічны рост ў іх атрымліваецца па 6-8%. І гэтага ня будзе. 3% — вось рэальны наш патэнцыял. Гэта тое, што зараз паказвае эканоміка, гэта тое, што магчыма ў наступным годзе. Там ня будзе ніякіх 6-7%».

А па асобных паказьніках на 2013 год, да прыкладу, па экспарце тавараў і паслуг рост наагул заплянаваны на 15,2% у параўнаньні з 2012 годам.

Эканаміст Міхал Залескі выказаў такое меркаваньне:

«Шукаць сэнс у гэтых дакумэнтах ня мае сэнсу. Такі атрымліваецца дурны калямбур. Там усё вельмі правільна і хораша напісана. Але жыцьцё ідзе не зважаючы на ўсе іх прагнозы. У іх была заплянаваная дэвальвацыя трохразовая? А яна ж адбылася! То бок тое, што яны пішуць, да жыцьця ня мае ніякага дачыненьня».

Дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія» эканаміст Леанід Заіка лічыць, што асноўная праблема эканомікі Беларусі — ў недахопе прафэсіяналаў:

«Аграрыі займаюцца нейкімі разважаньнямі аб макраэканоміцы, інжынэр-мэханік пачынае прапаноўваць нешта ў бюджэтнай палітыцы, бухгальтар распрацоўвае манэтарную палітыку... Надзея Ермакова па спэцыяльнасьці — бухгальтарка. Якая там грашовая палітыка? А таму — якое зь іх спагнаньне?»
XS
SM
MD
LG