Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жыхары вёскі Стараград Кармянскага раёну скардзяцца на жыцьцё Лукашэнку і Чавэсу — заробкі нізкія, камунальныя дом гадамі не рамантуюць, дах цячэ, а кіраўніцтва на патрабаваньне Лукашэнкі стварае «ўзорную фэрму».

Шасьцікватэрны жылы дом № 2а па вуліцы Савецкай у вёсцы Стараград нагадвае хутчэй нейкую ламарню, чым чалавечае жытло. Не на шмат лепшыя й суседнія панэльныя дамы, але гэты асаблівы. Плоскі дах цячэ, паравое ацяпленьне даўно адключана — са сьцен тырчаць трубы-дымаходы. Людзі пабудавалі стаякі, каб неяк абагравацца ад холаду. Але ад вадзяных плыняў, сырасьці, плесені, пачарнелай столі яны пазбавіцца ня могуць.

Жыхарка дома спадарыня Натальля: «Дах цячэ, усё вакол плыве. Сьцены мокрыя — паклеіць шпалерамі немагчыма. Дзіркі, шчыліны наўкола».

Натальля працуе на збожжатоку ў філіяле АТ «Карма-Аграсэрвіс», да якога далучылі мясцовы саўгас. У яе двое дзяцей, трэцім цяжарная. Як гадаваць у такіх умовах немаўля, не прыдумае:

«Давядзецца ў гэтых умовах гадаваць. А дзе яшчэ? Жыльля нармальнага няма. Я на збожжатоку працую. Расцэнак ня ведаем — за што працуем? Мы мільён ня можам зарабіць. Такі эканаміст у нас — зрэзаў поўнасьцю расцэнкі. Калі ж ня будзеш працаваць, жыльлё могуць адабраць. Якое яно ні ёсьць — і яго могуць адабраць. А за мільён я ня ведаю, як дзяцей апранаць, карміць».

Муж Натальлі Дзьмітры да нядаўняга часу таксама працаваў у філіяле «Карма-Аграсэрвіс» электрагазазваршчыкам, але звольніўся па прычыне немагчымасьці зарабіць. Плацілі той жа мільён ці крыху больш, калі працаваў без выходных.

Дзьмітры: «Заробак мне не дазваляў нават нейкі рамонт зрабіць. У 21-м стагодзьдзі я ня бачыў, каб у шматкватэрным двухпавярховым жылым стаялі грубкі. Зімою — сажа, дым. Гэта немагчыма. Вада ідзе ржавая, тэхнічная — яна непрыдатная для спажываньня. Яна іржавая. Каму ні кажаш — усё бяз сэнсу».

Нядаўна вяскоўцы пра свае праблемы напісалі нават Аляксандру Лукашэнку — і пра жытло, і пра заробкі. У ліпені былі падрыхтавалі ліст на імя старшыні ФПБ Леаніда Козіка й прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса. Маўляў, Беларусь будуе вэнэсуэльцам аграгарадкі ды розныя іншыя аб’екты, а вы — дапамажыце беларусам.

Ліст вяскоўкі, аднак, не адправілі. Мясцовае начальства абяцала ўлагодзіць сытуацыю. Нібыта нават і дах абавязаліся пачаць рамантаваць у кастрычніку, бо зараз моцна занятыя стварэньнем ў гаспадарцы «ўзорнай фэрмы» — як таго патрабаваў кіраўнік дзяржавы.
Фэрма ў вёсцы Стараград

Фэрма ў вёсцы Стараград


Вяскоўка Вольга кажа на гэта: «Рамантаваць пачалі хлеў, а за дамкі не бяруцца. Фэрму рамантуюць, а за наш жылы дом нават не бяруцца. А мы як можам, так і жывем».

Зараз зноў пачасьціліся дажджы, і маладая жанчына нават у кватэры на першым паверсе баіцца дакрануцца да сьцяны:

«Сьцены б’юцца электратокам. Не мяне, а майго брата аднойчы токам сьцяна стукнула. Цяпер, калі дождж, баімся нават да сьцяны дакрануцца. Па сьцяне цячэ і цячэ. У дождж у гасьціннай я сьвятло не ўключаю. Я аднойчы ўключыла, дык лямпачка — пух! — іскры паляцелі. Вада бяжыць па праводцы проста на лямпачку».

Не палепшылася сытуацыя і з аплатай працы.

Даярка Кацярына: «Заробак нізкі — што тут скажаш. Два мільёны не выходзіць. Як жа мы кепска працуем? Працуем-та, як і ўсе. Даглядчыку жывёлы „бруднымі“ налічылі 3 мільёны 300 тысяч, а даярцы „бруднымі“ — 2. Яшчэ вылічаць, і я атрымаю прыкладна паўтара мільёны. Вось як мне пражыць і сям’ю пракарміць?»


Адзін з начальнікаў філіялу распавёў, што вытворчасьць малака сёлета павялічылася. І прывагі жывёлы нібыта ёсьць. Толькі жывёлаводы істотнай прыбаўкі да заробку не адчуваюць.

Цялятніца: «Кепскі заробак. Большае пагалоўе перадасі, але менш атрымаеш. Я ў траўні атрымала паўтара мільёны, у чэрвені — мільён 100 тысяч. Перадала 27 цялят на дарошчваньне, а мне не аплацілі. Як кажуць, прапусьцілі міма вушэй. Кожны месяц абяцаюць: наша віна, даплацім, зробім, падымем, але нічога не падымаецца і не аплачваецца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG