Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бадзяжнымі жывёламі займаюцца добраахвотнікі і грамадзкія аб’яднаньні


16 жніўня — Міжнародны дзень бадзяжных жывёлаў.

Сябра грамадзкага аб’яднаньня аховы жывёл «Эгіда» Натальля Зайцава свайго першага ката падабрала на вуліцы, калі ёй было 14 гадоў. Сёньня яна апякуецца цэлым каціным прытулкам. Назва «прытулак», хутчэй, умоўная: сябры «Эгіды» арандуюць дом у вёсцы Копішча пад Менскам. Тут яны трымаюць каля 40 катоў і котак. Усіх жывёл знайшлі на вуліцы альбо забралі з прадпрыемства «Фаўна гораду».

Прынамсі, два разы на тыдзень Натальля Зайцава прыходзіць у домік прыбрацца і пакарміць сваіх гадаванцаў.

«Я звычайна зьяўляюся ў хатцы а чацьвертай і застаюся ды дзесяці-адзінаццаці. У хатцы імкнуся зьяўляцца разы два як мінімум. Наогул, часу гэта адымае вельмі шмат. У гэтым увесь час жывеш. Жывеш як у другой сям’і».

Афіцыйна ў Беларусі працуе адзіны прытулак для бадзяжных катоў і сабак — у Віцебску. Тут жывёл утрымліваюць да натуральнай сьмерці альбо пакуль іх не забярэ новы гаспадар. Неўзабаве такая ж установа адчыніцца ў Горадні. За паўтара году існаваньня арганізацыі яе сябры выратавалі жыцьці 500 катоў і сотні сабак. Пры належнай падтрымцы ўдалося б зрабіць больш.
Вар’яцкія грошы ідуць на забойства часткі жывёл, што не мяняе сытуацыю ў цэлым

Старшыня гарадзенскага грамадзкага аб’яднаньня аховы жывёл «Адданае сэрца» Алена Шыманіца: «Дзяржава гэтым займацца ня хоча. Яны займаюцца строга адловам і зьнішчэньнем жывёл на вуліцы, што не зьяўляецца спосабам зьменшыць колькасьць бяздомных. Вар’яцкія грошы ідуць на забойства часткі жывёл, што не мяняе сытуацыю ў цэлым. Нас, грамадзкіх аб’яднаньняў, мала. Фінансавая падтрымка толькі чалавечая. Мэцэнатаў як такіх няма, на жаль. Атрымліваецца, што мы дапамагаем малой частцы тых жывёл, якім маглі б».

Беларускія абаронцы жывёл ведаюць, як вырашыць праблему беспрытульных катоў і сабак. Застаецца пытаньне, ці прыслухаецца да іх дзяржава і грамадзтва.

Старшыня «Эгіды» Натальля Бялянава: «На сёньняшні дзень, вядома, можна адмахнуцца і сказаць: у нас трэба пра людзей думаць, у нас дзеці бяздомныя. Хацелася б, каб нашы чыноўнікі пайшлі шляхам эўрапейскіх краін. Гэта добрае заканадаўства, якое рэальна будзе ахоўваць жывёл ад жорсткага абыходжаньня, а не наадварот. Другое, важная праграма стэрылізацыі і прытулкаў. Жывёл трэба адлоўліваць разьмяшчаць у месцах часовага ўтрыманьня, стэрылізаваць і адтуль уладкоўваць альбо даваць ім магчымасьць жыць стэрылізаванымі. І трэці пункт — гэта выхаваньне і інфармаваньне людзей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG