Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неаднойчы даводзілася назіраць, як Уладзімер Арлоў пасьля літаратурнай сустрэчы акуратна зьбірае чытацкія запіскі і хавае ў партфэль. Навошта яны яму спатрэбіліся, увідочнілася пасьля таго, як у сьвет выйшла кніга «Пакуль ляціць страла». Роўна сто адказаў на пытаньні і склалі яе зьмест. Пра гэтую «выбраную перапіску» з чытачамі мы сёньня і пагаворым зь пісьменьнікам.

— Паводле Сяргея Даўлатава, чалавецтва дзеліцца на тых, хто пытаецца, і на тых, хто адказвае. Як узьнікла ідэя з адказаў на чытацкія пытаньні скласьці цэлую кнігу?

— У адзін шчасьлівы дзень я выклаў на свой стол тузін пульхных тэчак з тысячамі і тысячамі, безумоўна, чытацкіх цыдулак і зразумеў, што за складзенай зь іх пірамідаю магу цалкам схавацца. Вось у гэтых тэчках і таілася ідэя «Стралы». Але сталася так, што ўпершыню і абсалютна самастойна агучыла гэтую ідэю мая даўняя і добрая знаёмая Ала Орса-Рамана, якой некалі разам з калядным віншаваньнем я даслаў капэрту зь некалькімі дзясяткамі пытаньняў, што атрымаў падчас школьных сустрэчаў на ейнай роднай Наваградчыне.

— Чытачы задалі Вам безьліч самых розных пытаньняў — асабістых, з падтэкстам, жартоўных. А якое пытаньне сталася для вас самым складаным і запатрабавала пры падрыхтоўцы кнігі да друку нейкай дадатковай кваліфікацыі?

— Аднойчы ў Магілёўскім пэдкаледжы я атрымаў пытаньне наступнага зьместу: «Ці трэба сучаснай беларускай дзяўчыне-падпольшчыцы ведаць гісторыю Беларусі?». У цыдулцы была зробленая прыпіска, што аўтарка хацела б атрымаць адказ сам-насам у пэўны час і ў пэўным месцы...

— Перад якой аўдыторыяй пісьменьнік Уладзімер Арлоў адчувае сябе, як рыба ў вадзе?

Але калі ўявіць, што падобная сустрэча з кіраўніком краіны ўсё ж плянавалася б, маёй найпершай умовай было б вызваленьне ўсіх палітвязьняў

— Ведаеце, маючы такі ўжо дастаткова багаты досьвед, пачуваесься, як рыба ў вадзе, ці, як сказалі б на Полаччыне, як вугорыч у аўсе, відаць, перад любой публікай. Нават калі ў першым радзе сядзіць, напрыклад, намесьнік дэкана па ідэалёгіі і спрабуе перахопліваць цыдулкі. Або калі за акном прыватнага дому, як калісьці было ў перадвыбарчы пэрыяд у Радашковічах, дзяжурыць машына зь «літаратарамі ў цывільным». Зрэшты, калі выступаеш у храме, як, напрыклад, было нядаўна ў Берасьцейскай уніяцкай царкве апосталаў Пятра і Паўла, стрымліваеш сябе, каб не заплысьці занадта далёка. Дарэчы, калі я праводзіў у гэтай царкве віктарыну, у аўдыторыі знайшоўся чалавек, які здолеў адказаць на пытаньне, на якім музычным інструмэнце ў школьныя гады граў аўтар «Стралы». Гэта была балалайка, і ўявіце сабе, — праз некалькі хвілінаў у зале зьявілася балалайка. Яе прынёс сын сьвятара, айца Ігара, які якраз вывучае гэты музычны інструмэнт, грае на ім прафэсійна, і аўтару прапанавалі сыграць на балалайцы.

— Ці не падзабыліся акорды?

— Давялося выкручвацца, бо я ў кнізе пішу, што для музыкаў з такімі здольнасьцямі, як у мяне, наш кіраўнік аркестра на гарадзкім аглядзе мастацкай самадзейнасьці даваў інструмэнты бяз струнаў.

— Кніга «Пакуль ляціць страла» змусіла Аляксандра Лукашука напісаць насьледаваньне Гамэру, ягонай «Адысэі». А што служыла творчым допінгам для самога аўтара?

— Допінгам была ўжо згаданая піраміда з цыдулак, і вядома, як заўсёды, магутным допінгам была добрая літаратура, у тым ліку і тэксты аўтара напісанай гэкзамэтрам прадмовы. Ну, і без маёй кроплі цыганскай крыві, відаць, нічога не атрымалася б.

— Пытаньні чытача — пісьменьніку... Наколькі для вас важная вось гэтая зваротная сувязь з чытачамі?

— Мая кніга і ёсьць, здаецца, найлепшым адказам. Я, напэўна, належу да тых літаратараў, якія проста ня могуць існаваць бяз гэтай зваротнай сувязі, ня могуць сядаць за пісьмовы стол, не ўяўляючы сваіх чытачоў. Адсюль і вось гэтыя шматлікія сустрэчы. У мяне ў памяці ёсьць цэлая вялікая калекцыя такіх сустрэчаў. Хтосьці зьбірае манэты, паштоўкі, маркі, а я калекцыяную ўражаньні ад гэтых сустрэчаў. Я іх раскладаю часам, як каштоўныя каменьчыкі, перад сабой на стале, і кожны з гэтых каменьчыкаў як бы разгортваецца ў знаёмыя і незнаёмыя мне твары, у своеасаблівую, часта непаўторную, атмасфэру тых гаворак. Хачу вам сказаць, што такія сустрэчы дораць мне ня толькі сюжэты, але і прататыпаў будучых твораў. Карацей, кожная мая сустрэча з чытачамі, за вельмі рэдкім выключэньнем, — гэта моцная іньекцыя для зьяўленьня таго, што ўмоўна называюць натхненьнем.

— У кнізе «Пакуль ляціць страла» ёсьць эсэ пад назвай «Прыемна выпіць з прэзыдэнтам», дзе вы прыгадваеце свае сустрэчы з прэзыдэнтамі Валдасам Адамкусам і Міхаілам Саакашвілі. Паэт Дмытро Паўлычка ў перадачы «Вольная студыя» неяк расказаў, як яго запрасілі на сустрэчу з прэзыдэнтам Януковічам, а ён вазьмі і выстаў тры ўмовы. Першая — сустрэча мае праходзіць у жывым тэлеэфіры, другая — публічная адмова Януковіча ад расейскай мовы як другой дзяржаўнай, і трэцяя — прызнаньне ва Ўкраіне прыярытэту Кіеўскага патрыярхату. А пры якіх умовах магла б адбыцца ваша сустрэча зь дзейным кіраўніком Беларусі?

— Параўнальна з Украінай мы жывем у розных палітычных і культурных рэаліях. Так, дэмакратычныя свабоды ва Ўкраіне адчуваюць ціск з боку ўлады, але ўсё роўна гэтых свабодаў сёньня непараўнальна больш, чым у нашых шыротах. Мы ўвогуле сёньня можам казаць пра іх адсутнасьць. Што да сустрэчы... Пачну з таго, што ніхто з адміністрацыі цяперашняга кіраўніка Беларусі клікаць апазыцыйнага пісьменьніка (маю на ўвазе ня толькі сябе) на такую сустрэчу ня будзе. Гэты этап разьвіцьця нашай «дзермакратуры» мы даўно ўжо прамінулі. Але калі ўявіць, што падобная сустрэча з кіраўніком краіны ўсё ж плянавалася б, маёй найпершай умовай было б вызваленьне ўсіх палітвязьняў. Датычна іншых умоваў, сама гісторыя паказала, што гаварыць з гэтым чалавекам пра становішча беларускай мовы проста бессэнсоўна. Як мне памятаецца, у 1998 годзе адбылася сустрэча сяброў Рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з кіраўніком дзяржавы. Я не пайшоў на тую сустрэчу і цяпер шкадую. Трэба было б схадзіць туды з чыста прафэсійнай цікавасьці. Але ўсім вядома, што тая сустрэча скончылася для пісьменьнікаў ня проста нічым, яна скончылася са знакам «мінус». Прапановы пісьменьнікаў былі праігнараваныя, больш за тое, ужо пасьля той сустрэчы мы канчаткова страцілі Дом літаратара.

— У параўнаньні з Паўлычкавымі вашыя ўмовы даволі сьціплыя...

— Але тут ідзе гаворка пра лёсы канкрэтных людзей, якія пакутуюць за кратамі, жыцьцё якіх пад пагрозай. Адзін з гэтых людзей — кандыдат у прэзыдэнты Беларусі.

— Нядаўна адзначаліся 1150-я ўгодкі з часу заснаваньня вашага роднага Полацка. І вас — аўтара кнігаў «Таямніцы полацкай гісторыі» і «Ад Полацка пачаўся сьвет» — не запрасілі на ўрачыстасьці. Вам ня крыўдна?

Сьвяткаваньне для полацкай улады зьвялося да ліхаманкавай падрыхтоўкі “к приезду Самого” — менавіта так вымаўлялася, з прыдыханьнем, з трымценьнем і зь вялікай літары

— Кіньце вы, якая крыўда? На каго крыўдзіцца? На прахадных пэрсанажаў, на мясцовых дачасьнікаў, якія ні гісторыі полацкай ня ведаюць, ні па-беларуску некалькіх словаў зьвязаць ня могуць, ці, што яшчэ страшней, могуць, ды баяцца? Дарэчы, я хачу ўдакладніць, што сьвяткавалася не 1150-годзьдзе Полацка. На маю думку, мы маем дастаткова падставаў, каб сьвяткаваць 1500-годзьдзе Полацка. Кіеў разам з Полацкам пад адным годам згадваецца ў летапісах, але ўжо даўно адзначыў такі паважаны юбілей, як 1500 гадоў сваёй гісторыі. Таму будзем казаць пра сьвяткаваньне 1150-годзьдзя з моманту першай згадкі ў летапісе пра Полацак. Дык вось, ня толькі ў мяне, думаю, узьнікла ўражаньне, што гэтае сьвяткаваньне для полацкай улады зьвялося да ліхаманкавай падрыхтоўкі «к приезду Самого» — менавіта так вымаўлялася, з прыдыханьнем, з трымценьнем і зь вялікай літары. Нават на помніку дойліду Іаану, адкрытаму ў тыя дні, на ўсялякі выпадак (раптам «Сам» не зразумее) пастаноўлена было напісаць «зодчий Иоанн». Гэта, дарэчы, першы помнік полацкай гісторыі, на якім надпіс зроблены па-расейску, што, на маю думку, абсалютна недаравальна полацкім уладам. Гэты надпіс будзе, безумоўна, зьменены.

— І закончыць нашу гутарку прапаную на весялейшай ноце. Памятаеце прыказку: вып’ем па кілішку, каб было лепей крышку, вып’ем па другому, каб не было лепей нікому... На фірмовых бутэльках гарэлкі «Сваяк» пазначаныя толькі пяць тостаў. У вашай кнізе ёсьць эсэ «Сёмая чарка», і толькі сёмая лічылася богагнявіцельнай. Па-першае — чаму? А па-другое, шостая чарка — нявыкарыстаны рэзэрв. За што яе можна ўзьняць?

Мне думаецца, на бутэльках “Сваяка” вельмі не хапае тосту, які мы шмат разоў чулі ў папулярнай песьні: “Мы першы бакал паднімем па праву за Белую Русь, за нашу дзяржаву”. Можа, за гэта ўжо небясьпечна піць?

— Чаму сёмая богагнявіцельная? У нашай старажытнай літаратуры ня раз сустракаюцца вельмі маляўнічыя апісаньні тых, хто гэтую чарку выпіў. На жаль, у мяне няма пад рукамі кнігі «Таямніцы полацкай гісторыі», дзе я цытую апісаньні тагачасных жлукталёў. Слухачоў і чытачоў нашых магу адрасаваць да першага разьдзелу гэтай кнігі, прысьвечанага якраз часам Полацкага княства і, у прыватнасьці, кухні і напоям старажытных палачанаў... Што датычыць другой часткі вашага пытаньня, то хачу сказаць, што я аддаю перавагу сухому чырвонаму і з прадукцыяй «Сваяка», на жаль, знаёмы недастаткова. Але ў тых градацыях на «сваяцкіх» пляшках прапануецца выпіць, калі не памыляюся, за сустрэчу, за здароўе, за каханьне, за бацькоў і за сваякоў. Мне думаецца, на бутэльках «Сваяка» вельмі не хапае тосту, які мы шмат разоў чулі ў папулярнай песьні: «Мы першы бакал паднімем па праву за Белую Русь, за нашу дзяржаву». Можа, за гэта ўжо небясьпечна піць? Ды і песьню гэтую, дарэчы, даўнавата нідзе ня круцяць. Я прапаную кожнаму з нашых слухачоў і чытачоў у бліжэйшую сьвяточную застоліцу выпіць абавязкова з пляшкі «Сваяка» або зь якіх-небудзь іншых пляшак з добрымі напоямі — за нашу дзяржаву.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG