Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамова з Ітэрай пра «Мінск-сіці» скасоўваецца


Ілюстрацыйна фота

Ілюстрацыйна фота

Інвэстыцыйная дамова паміж Рэспублікай Беларусь і сумесным таварыствам з абмежаванай адказнасьцю «Мінск-Сіці» аб будаўніцтве шматфункцыянальнага цэнтру «Дзелавы цэнтар «Мінск-Сіці» скасоўваецца.

Менскаму гарвыканкаму неабходна забясьпечыць скасаваньне гэтага інвэстдагавора ў сувязі зь немагчымасьцю яго рэалізацыі інвэстарам ва ўстаноўленыя тэрміны. Такое рашэньне зьмешчана ва указе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 жніўня 2012 года нумар 361, афіцыйна апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

З 1 верасьня прызнаюцца страціўшымі сілу указ ад 21 красавіка 2009 года нумар 216 «Аб некаторых мерах па рэалізацыі інвэстыцыйнага праекта «Дзелавы цэнтар „Мінск-Сіці“; падпункт 1.33 пункта 1 указа ад 13 верасьня 2010 года нумар 477 „Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у некаторыя указы Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь па пытаньнях спагнаньня ўскосных падаткаў у Мытным саюзе».

Як паведамлялася, 16 лютага бягучага года па выніках даклада прэзыдэнту прынята рашэньне знайсьці новага інвэстара для рэалізацыі гэтага праекта. Адзначалася, што заказчык СТАА“ Мінск-Сіці», асноўным заснавальнікам якога зьяўляецца група кампаній «Ітэра», рэалізуе праект нездавальняючымі тэмпамі. Інвэстар не забясьпечыў станоўчага зьмяненьня існуючай сытуацыі.

«Мінск-Сіці» — шматфункцыянальны комплекс у Мінску. На тэрыторыі 318 гектараў будуць разьмешчаны жылы раён, аб’екты камэрцыйнай нерухомай маёмасьці і адміністрацыйныя будынкі.

Праект «Мінск-Сіці» выставяць на міжнародны конкурс. Акрамя таго, прэзэнтацыя пляцоўкі адбудзецца на інвэстыцыйным форуме, які пройдзе ў Менску ў лістападзе.

«Ітэра» — не адзіная расейская кампанія, бізнэс якой у Беларусі не зусім атрымаўся.
XS
SM
MD
LG