Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хутары Шаблі ў Валожынскім раёне Менскай вобласьці 25 жніўня адбудзецца пяты міжнародны фэстываль этнамузыкі «Вольнае паветра».

Як апавёў на прэсавай канферэнцыі 15 жніўня адзін з арганізатараў імпрэзы, дырэктар канцэртна-прадусарскага агенцтва BOpromo Аляксандар Багданаў, хэдлайнэрам фэсту стане нямецкі гурт Di Grine Kuzine. На канцэрце таксама выступяць украінскі калектыў «ДахаБраха» сумесна зь беларускім трыа Port Mone, беларускія гурты «Троіца», Kriwi, «Гаротніца», дыджэі Dj Magic, Dj Gips, Dj Balkana, Baltic Balkans Djs і Dj Papa BO.

Паводле слоў Багданава, танцпол сёлета будзе арганізаваны пад адкрытым небам, а ў адрыне хутара ўсю ноч будуць паказваць этнакіно.

Нягледзячы на нестабільнае надвор’е, арганізатары спадзяюцца сабраць у Шаблях паўтары тысячы гасьцей, хоць сумняваюцца, што сёлета фестываль акупіцца.

«Ён ніколі не акупляўся. Праводзіць фэстываль за 100 кілямэтраў ад Менску, у чыстым полі ў вёсцы, занадта затратна», — адзначыў гаспадар хутара Ўладзімер Шаблінскі.

Паводле яго словаў, для таго каб фэстываль акупіўся, цану квіткоў трэба падняць да 20 даляраў, а на саму імпрэзу павінна прыехаць у два разы больш чалавек. Пакуль жа страты «Вольнага паветра» пакрываюць партнэры, якімі сёлета выступаюць парфумэрна-касмэтычная фабрыка «Сонца» і Інстытут Гётэ ў Менску, паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG