Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выклік у міліцыю за прабег у майцы зь Бяляцкім


Берасьцейскага праваабаронцу Ўладзімера Малея апыталі ў міліцыі наконт ягонага прабегу па цэнтральных вуліцах абласнога цэнтру ў майцы з партрэтам Алеся Бяляцкага.

Як апавёў праваабаронца, міліцыя правярала, ці няма ў ягоным прабегу складу правапарушэньня:

«Патэлефанаваў участковы, сказаў, што трэба сустрэцца. Я сказаў, што толькі па позьве прыйду. То ён на наступны дзень і прынёс мне позву. Падчас сустрэчы я даў вусныя тлумачэньні аб сваёй прабежцы 4 жніўня. Участковы сказаў, што ня бачыць тут ніякага складу правапарушэньня. А гэтае ўказаньне правесьці праверку яму далі з УУС Берасьцейскага аблвыканкаму паводле інфармацыі, якая была апублікаваная ў інтэрнэце. То бок, была ўжо ўзбуджаная адміністрацыйная справа, напэўна, наконт несанкцыянаванага масавага мерапрыемства».

Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Малей — бягун-аматар. Ён удзельнічаў у шматлікіх міжнародных забегах, маратонах. Мае шэраг міжнародных узнагародаў, мэдалёў. Часта сваім удзелам у тым ці іншым забегу ён выказвае сваю салідарнасьць са зьняволеным калегай, кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім.

4 жніўня Ўладзімер Малей зладзіў прабежку цэнтральнымі вуліцамі Берасьця ў майцы з партрэтам зьняволенага кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» і надпісам «Свабоду Алесю Бяляцкаму». 4 жніўня споўніўся год, як Алесь Бяляцкі знаходзіцца за кратамі.

Раней Берасьцейскі гарвыканкам забараніў праводзіць 4 жніўня берасьцейскім праваабаронцам пікет у падтрымку Алеся Бяляцкага. На забарону актывісты падалі скаргу ў суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG