Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы: Рыгор Грык абскарджвае звальненьне


Рыгор Грык

Рыгор Грык

Баранавіцкі грамадзкі актывіст Рыгор Грык абскарджвае сваё звальненьне з аўтаагрэгатнага заводу «па сканчэньні кантракту». Спадар Грык і яго паплечнікі лічаць, што звальненьне адбылося з-за палітычных матываў.

У Баранавіцкім судзе прайшло папярэдняе слуханьне ў гэтай справе. Рыгор Грык лічыць сябе звольненым незаконна:

«Я патрабую, каб мне выплацілі кампэнсацыю і аднавілі на працы на Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод. Перакананы, што звольнілі мяне з-за маёй актыўнай пазыцыі, а сканчэньне кантракту — гэта толькі мэтад, каб дабіцца звальненьня».

Як распавёў Рыгор Грык, ён лічыць маленькай перамогай тое, што судзьдзя дапусьціў прадстаўляць яго інтарэсы актывіста прафсаюзу РЭП Аляксандра Вайцешыка. Спадар Грык тлумачыць, што на ягонай памяці ў Баранавічах раней прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў не дапускалі падтрымліваць актывістаў у судзе.

Кіраўніца прафсаюзу РЭП па Берасьцейшчыне Зінаіда Міхнюк, якая таксама была сёньня на судзе, кажа, што Рыгору Грыку варта працягваць судзіцца:

«Па кантракце, канечне, мала шанцаў, што адновяць на працы, але ж паставіць іх на месца трэба. Паведамленьне аб звальненьні яму на 8 дзён пазьней уручылі, у суд прадстаўнікі наймальніка прыйшлі без калектыўнай дамовы, дзе можна пачытаць, што прапісана для тых, хто не парушае працоўную дысцыпліну, як у выпадку з Грыкам. Таму нейкую надзею пакінулі нам, на тое, што ў судзе нечага дабіцца зможам».

Суд выслухаў розныя бакі і прызначыў працяг разгляду справы Грыка на 28 жніўня.

Рыгор Грык быў звольнены 30 чэрвеня з Баранавіцкага аўтаагрэгатнага заводу, дзе працаваў тэрмістам на абсталяваньні токаў высокай частотнасьці.

Раней з Рыгорам Грыкам не працягнулі кантракт на Баранавіцкім баваўняным камбінаце ў 2009 годзе пасьля парлямэнцкіх выбараў 2008 году, калі ён быў кандыдатам у дэпутаты. У 2010 годзе зь ім таксама не працягнулі кантракт на Баранавіцкім вагонным дэпо, калі ён балятаваўся ў мясцовы Савет.
XS
SM
MD
LG