Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Крэмль прайграе?


Брайн Уітмар
Брайн Уітмар

У сваім блогу аналітык нашага радыё Браян Уітмар разважае наконт зьмены парадыгмаў расейскай палітычнай гісторыі найноўшага часу.

Памятаеце час, калі зьява пад назвай «сям’я» дамінавала ў расейскай палітыцы, а Барыс Беразоўскі выглядаў непераможным?

Гэта было не так даўно. Крыху больш за 10 гадоў таму.

Тады лічылася, што Беразоўскі — гаспадар палітычнага сусьвету Расеі, нефармальны лідэр так званай «сям’і» — супольнасьці алігархаў, блізкіх сяброў, і чыноўнікаў з атачэньня хворага прэзыдэнта Ельцына. Гаварылася, што менавіта Беразоўскі прывёў у Крэмль Пуціна — «кандыдата сям’і», як пісалі тады СМІ. Мы меркавалі, што Беразоўскі будзе трымаць Пуціна на кароткім ланцугу.

Мы, зразумела, ня мелі рацыі.

Напачатку новага тысячагодзьдзя Беразоўскі выглядаў усемагутным, але ў палітычным парадку адбываліся тэктанічныя зьмены, надыходзіла новая эра і час «сям’і» сканчаўся (хаця некаторыя яе чальцы, напрыклад, Раман Абрамовіч, захаваліся і ў новым парадку).

Кропка перагібу, як тое было ў Расеі напрыканцы 1990-х гадоў, можа наступіць незаўважана, разбурыўшы прагнозы аналітыкаў — статус-кво ня можа працягвацца вечна.

Ці зараз Расеі ізноў праходзіць кропку перагібу? Я, вядома, ня ведаю дакладна, але падазраю, што яна набліжаецца.

Пуцін па-ранейшаму мае расейскую дзяржаву ў яго распараджэньні. Ён можа выкарыстоўваць паслухмяныя суды, каб кідаць ў турму сваіх апанэнтаў, ён валодае адміністрацыйным рэсурсам, каб фальсыфікаваць выбары. Яго сябручкі кантралююць СМІ, энэргетычны сэктар і значную частку прамысловасьці краіны.

Але рэжымы кшталту пуцінскага не выжываюць, абапіраючася адно на рэпрэсіі. Каб быць стабільнымі і пасьпяховымі, яны таксама павінны мець і «мяккую сілу».

Крэмль страціў большую частку сваёй харызмы

Але першыя 100 дзён трэцяга тэрміну Пуціна паказалі, што Крэмль страціў большую частку сваёй харызмы. Каманда Пуціна не кантралюе нацыянальны дыялёг. Яны страцілі падтрымку — і нават пасіўную згоду — важных слаёў насельніцтва. Яны сварацца паміж сабой і глыбока падзеленыя. І новае пакаленьня апазыцыі знаходзіцца на ўздыме.

Быў момант, калі Пуцін мог бы сказаць — «Мачыць у сарціры» — і гэта бясконца паўтаралася і стала часткай палітычнага лексыкону.

Пуцін ствараў яскравы вобраз: Расея мае моцнага, халоднага і рашучага лідэра, падымаецца з каленяў, праціўнікі Пуціна бездапаможныя, «лихие» 90-я засталіся ў мінулым. Але зараз гэта ўжо ня дзейнічае, спробы прадстаўляць ўдзельнікаў і арганізатараў масавых дэманстрацый замежнымі агентамі не ўражвае, а кансьпіралягічны сленг Пуціна выклікае сьмех.

Зараз ўжо паўтараюць жарты і формулы апазыцыі, «партыя махляроў і злодзеяў» — вызначэньне, дадзенае партыі «Едіная Россіі» блогерам Алясеем Навальным, ужо ператварылася ў магутны культурны маркер.

42% расейцаў зараз згодныя са сьцвяржэньнем, што «Единая Россия — «партыя махляроў і злодзеяў».

Гэта можа здацца другасным, але гэта не так. Гэта дапамагае стварыць новае бачаньне. Дарэчы, паводле апытаньня Лявада-цэнтра каля 42% расейцаў зараз згодныя са сьцвяржэньнем, што «Единая Россия — «партыя махляроў і злодзеяў».

Ці памятае хто-небудзь зараз лёзунгі «Нам патрэбная іншая Расея!» з антыкрамлёўскіх мітынгаў 2006–2007 гадоў, на якой прысутнічала некалькі дзесяткаў маніфэстантаў? Я мяркую, што не.

У той час большасьць людзей не хацела іншай Расеі. Большасьці было ўтульна ў той, якая існуе, і гэта палягчала Крамлю задачу маргіналізаваць, прынізіць і высьмеяць яго апанэнтаў. Гэта не так лёгка сёньня.

Зараз у мітынгах апазыцыі ў Маскве ўдзельнічаюць дзесяткі тысяч людзей. Вынікі апытаньняў даюць яшчэ больш сумную для ўлады карціну.

Рэйтынг Пуціна складае недзе каля 50–60%, у залежнасьці ад апытаньня. «Гэта быў бы выдатны вынік для прэзыдэнта любой дэмакратычнай краіне, але гэта непрымальна для «цара» — адзначае расейскі палітоляг Кірыл Рогаў.

Паводле дадзеных Лявада-Цэнтра, якія цытуе Рогаў, кола цьвердых прыхільнікаў Пуціна складае прыкладна 15–20%, а ўзровень «мяккай» і ўмоўнай падтрымкі 40–45%. Але большасьць з гэтых людзей, як паказваюць дадзеныя, не хочуць, каб ён кіраваць гэтак жа, як у 2000–2008 гадах. Гэтым «мяккім прыхільнікам» патрэбен іншы Пуцін, што азначае, што яны могуць перакінуцца на іншы бок у любы час.

Жорсткіх апанэнтаў Пуціна — каля 15%, а яшчэ 15–20% — доля тых, хто мае антыпуцінскія настроі да некаторай ступені.

Адзін з самых магутных лёзунгаў, які зьявіўся за апошнія восем месяцаў, ня мае аўтара, але ён часта фігураваў на шматлікіх плякатах падчас акцый пратэсту. Ён вельмі просты: «Мы ёсьць».

Існуе магутная электаральная база для пераменаў — гэта сярэдняя кляса, якая вырасла за час кіраваньня Пуціна. І яна не зьбіраецца сыходзіць у бліжэйшы час.
Часам гаворыцца, што, аднак, няма ніякай рэальнай альтэрнатывы Пуціну і яго камандзе, бо апазыцыя ўяўляе з сябе мяшанку з нацыяналістаў, левых, лібэралаў і не мае ніякіх жыцьцяздольных лідэраў. Гэтую тэзу часта паўтараюць прыхільныя да Крамля экспэрты і публіцысты.

І доля праўды ў гэтым ёсьць. У кожны пэрыяд зьменаў у найноўшай расейскай гісторыі зьяўляўся лідэр, гатовы ўзяць на сябе адказнасьць.

Зараз няма нікога.

Але я мяркую, што каманда Пуціна страціла ініцыятыву і страціла яе канчаткова. Яны могуць яшчэ заставацца ва ўладзе некаторы час. Але Крэмль, які карыстаецца даверам і падтрымкай, якім ён быў на працягу першых двух тэрмінаў Пуціна — справа мінулага.

А між тым, апазыцыя рыхтуецца да доўгага эндшпілю.

Увосень яны будуць праводзіць праймерыз — выбіраць 45 чальцоў рады, на якую будзе ўскладзеная задача прыняцьця ключавых рашэньняў.

Калі гісторыя гэтага пэрыяду будзе напісаная, адна дата, хутчэй за ўсё, будзе там пазначаная як пачатак канца цяперашняй кіруючай эліты: 24 верасьня 2011 года.

Гэта быў дзень, калі на з’езьдзе «Единой России» было абвешчана, што Пуцін вернецца на пасаду прэзыдэнта і Дзьмітрый Мядзьведзеў стане прэм’ер-міністрам.

Гэта быў таксама дзень, калі тое, што я называю «схаванай дзяржавай», звышэліта, якая дзейнічае па-за межамі канстытуцыйнага поля, выйшла на паверхню і страціла вялікую частку сваёй легітымнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG