Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх Кірыл падпіша ў Польшчы дэклярацыю аб прымірэньні


Паездка патрыярха Маскоўскага і Ўсея Русі Кірыла ў Польшчу будзе першым візытам першагіерарха Расейскай праваслаўнай царквы ў гэтую краіну за стагодзьдзе. Падчас візыту патрыярх і прадстаўнік польскага Касьцёлу падпішуць зварот да расейцаў і палякаў з заклікам дараваць адзін аднаму гістарычныя крыўды.

Кіраўнік РПЦ ступіць на польскую зямлю ўпершыню з 1918 году, калі Польшча аднавіла сваю незалежнасьць.

Падчас свайго чатырохдзённага візыту (16-19 жніўня) Кірыл будзе мець сустрэчы з лідэрамі аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў краіне і правядзе перамовы з кіраўніцтвам Касьцёлу.

Але кульмінацыяй візыту стане падпісаньне дакумэнта з заклікам да палякаў і расейцаў дараваць адзін аднаму змрочныя старонкі агульнай гісторыі.

Гэты зварот будзе падпісаны Кірылам і арцыбіскупам Юзэфам Міхалікам, кіраўніком Канфэрэнцыі біскупаў Польшчы, 17 жніўня ў Каралеўскім замку Варшавы.

«Мы глыбока перакананыя, што адносіны паміж народамі Расеі і Польшчы, якія часта былі азмрочаныя нянавісьцю, войнамі і варожасьцю, могуць і павінны быць палепшаныя», сказаў прадстаўнік РПЦ па зьнешніх сувязях, мітрапаліт Іларыён, напярэдадні паездкі патрыярха.

Зварот зьяўляецца першым у сваім родзе. Як Маскоўскі патрыярхат, гэтак і Рымска-каталіцкая царква Польшчы старанна падкрэсьліваюць, што гэты дакумэнт зьяўляецца выключна духоўным, а не палітычным.

Як патлумачыў Ёзэф Клох, прадстаўнік Касьцёлу, «ў гэтым сумесным пасланьні гісторыя згадваецца толькі ў агульных рысах, таму што гэта ў асноўным праца гісторыкаў. Але вельмі важна пракласьці шлях для дыялёгу, удзельнічаць у дыскусіях на аснове Эвангельля Ісуса Хрыста, агульнага для нашых цэркваў». Паводле а. Клоха «мэтай таксама зьяўляецца прымірэньне людзей, звычайных людзей ».

Расея і Польшча былі гістарычнымі ворагамі і ворагамі на поле бою на працягу стагоддзяў. У апошнія дзесяцігодзьдзі шэраг эпізодаў азмрочваў адносіны паміж дзьвюма краінамі.

Польшча працягвае дамагацца справядлівасьці адносна Катынскай трагедыі, дзе прынамсі 20 тысяч польскіх афіцэраў былі ў 1940 годзе расстраляныя НКВД. Палякі не забываюць савецкае панаваньне ў пасьляваенны пэрыяд, якое скончылася толькі ў 1989 годзе.

Расея, у сваю чаргу, абвінавачвае палякаў у жорсткім абыходжаньні з палоннымі чырвонаармейцамі ў 1920 годзе. У 2008 годзе Расея была абураная рашэньнем Польшчы разьмясьціць ў сябе элемэнты амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны.

Крыніцамі напружаньня паміж Варшавай і Масквой зьяўляюцца таксама авіякатастрофа 2010 году пад Смаленскам, падчас якой загінулі прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі і амаль 10 іншых прадстаўнікоў нацыянальнай эліты, празэлітызм Рымска-каталіцкай царквы ў Расеі, ў чым яе абвінавачвае РПЦ.

Расейскі экспэрт у пытаньнях рэлігіі Марк Сьмірноў кажа, што намаганьні Кірыла да прымірэньня часткова тлумачацца зьменамі ў кіраўніцтве Маскоўскага патрыярхату пасьля сьмерці патрыярха Алексія ІІ ў 2008 годзе: «Прадстаўнік РПЦ па зьнешніх сувязях, мітрапаліт Валакаламскі Іларыён калісьці служыў у Літве і падтрымлівае шчыльныя адносіны з лідэрамі Каталіцкай Царквы ў Польшчы, з кіраўніком каталіцкай царквы ў Польшчы, ён быў там некалькі разоў. Ён за такія ініцыятывы, накіраваныя на пошук прымірэньня паміж народамі шляхам міжцаркоўнага дыялёгу ».

У мінулым месяцы патрыярх Кірыл зрабіў жэст у бок Польшчы, зьдзейсьніўшы паломніцтва на месца пахаваньня ахвяраў Катыні ў Смаленскай вобласьці Расіі.

Але Руская Праваслаўная Царква вядомая сваімі шчыльнымі сувязямі з Крамлём, і візыт патрыярха Кірыла, на думку многіх, мае і палітычную подбіўку. Паводле Марка Сьмірнова «за ўсім гэтым стаіць МЗС Расеі. Такім чынам, Масква дае зразумець, што яна хацела б знайсьці кампраміс. Расія асьцерагаецца, што Польшча стане базай НАТА, асабліва што да плянаў супрацьракетнай абароны. Такім чынам, гэта відавочна таксама і спроба паўплываць на польскую палітыку і польскую грамадзкасьць ».

Візыт патрыярха Кірыла ў Польшчу можа быць азмрочаны спрэчкамі вакол працэсу над удзельніцамі панк-гурту Pussy Riot, якія прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці за антыпуцінскі пэрформанс у храме Хрыста-Збаўцы ў Маскве.

Суд ў Маскве агучыць свой прысуд у гэтай справе 17 жніўня, на наступны дзень пасьля таго, як Кірыл падпіша ў Варшаве зварот наконт прымірэньня.

На адрас Маскоўскага патрыярхату гучала крытыка за яго жорсткую пазыцыю ў справе ўдзельніц Pussy Riot , якім пагражае да сямі гадоў пазбаўленьня волі.
XS
SM
MD
LG