Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народная праграма» — дапаможнік для кандыдатаў у дэпутаты


15 жніўня прадстаўнікі розных дэмакратычных партыяў і рухаў прэзэнтавалі «Народную праграму».

Рух «За Свабоду» прэзэнтаваў новую вэрсію «Народнай праграмы», якая пачала стварацца перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 года, а потым дапрацоўвалася і ўдасканальвалася. Цяпер гэта праграма, на думку яе стваральнікаў, можа стаць дапаможнікам для кандыдатаў у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў.

Каардынатар «Народнай праграмы», намесьнік старшыні Руху «За Свабоду!» Юрась Губарэвіч прапануе, каб яе выкарыстоўвалі ўсе дэмакратычныя кандыдаты:

«Значная колькасьць апазыцыйных актывістаў лічыць неабходным выкарыстаць працэс агітацыйнай кампаніі для камунікацый са сваімі выбарцамі. Кампанія „Народная праграма“ гатовая прапанаваць ім свае распрацоўкі і свае ідэі для публікацыі ў сродках масавай інфармацыі, для выступаў па радыё і тэлебачаньні, для публікацый ва ўлётках. На сёньня мы маем папярэднюю дамоўленасьць з 54 кандыдатамі па ўсёй Беларусі».

Гэта і прадстаўнікі розных палітычных партыяў, да прыкладу, БНФ, а таксама вялікая колькасьць незалежных кандыдатаў — Аляксандар Мілінкевіч, Валер Фралоў, Артур Фінкевіч, Віктар Янчурэвіч, Уладзімер Навасяд. Усе яны будуць грунтавацца ў сваёй перадвыбарчай агітацыі на «Народную праграму».

Намесьнік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў адзначыў, што ўсе асноўныя палажэньні праграмы цалкам супадаюць з праграмай партыі, бо прадстаўнікі БНФ бралі актыўны ўдзел у яе распрацоўцы.

«Было прынята рашэньне вышэйшым органам партыі — зьездам — рэкамэндаваць кандыдатам ад партыі БНФ ужываць у сваёй агітацыйнай дзейнасьці, у сваёй камунікацыі з грамадзтвам менавіта „Народную праграму“ як базавы дакумэнт у сваёй працы. Партыяй БНФ было вылучана 38 кандыдатаў, дакумэнты былі пададзеныя 33 кандыдатамі».

Незалежны патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Ўладзімер Навасяд заўважыў, што дэмакратычныя кандыдаты робяць дэмакратычныя выбары, і яны павінны даць народу альтэрнатыву. І гэта альтэрнатыва павінна адлюстроўвацца ў тых дакумэнтах, якія яны будуць прапаноўваць выбарцам:

«Народная праграма» якраз зьяўляецца своеасаблівай «дарожнай мапай», якая ўласна выбарамі не заканчваецца. Гэта добрыя чарцяжы для мясцовасьці, падрыхтаваныя грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Гэтыя прапановы незалежна ад вынікаў выбарчай кампаніі павінны быць пакладзеныя ў канкрэтныя зьмены ў тыя ці іншыя заканадаўчыя акты. Таму будзем спрабаваць рабіць «вырабы» выбарамі.
Будзем спрабаваць рабіць «вырабы» выбарамі

Актыўны ўдзел у распрацоўцы эканамічнай часткі праграмы браў эканаміст Сяргей Чалы, які заўважыў, што мадэль, якая столькі год будавалася, пацярпела крах. Лепш ня будзе, бо інструмэнтаў штучнага стымуляваньня і росту няма. І параўнаў цяперашнюю стабільнасьць з брэжнеўскім застоем:

«А захаваньне такой сытуацыі на пэўны час азначае, што цягам трох ці крыху больш гадоў можна страціць беззваротна кваліфікаваную працоўную сілу і апынуцца ў той сытуацыі, калі нават пры наяўнасьці палітычнай волі на нейкія рэформы і пераўтварэньні, проста няма кім будзе гэты эканамічны рост забясьпечваць».

Дакумэнт апублікаваны на сайце prahrama.by. «Народная праграма» цалкам адкрытая для дыскусій, кажа палітоляг Алесь Лагвінец:

«Мы хацелі б, каб „Народная праграма“ была зразумелая большасьці беларусаў. І калі беларусы адказвалі б на пытаньне „А што пасьля Лукашэнкі?“, яны маглі б адказаць, што ёсьць „Народная праграма“, пра яе мы чулі, можна гэта абмяркоўваць. І гэта выкарыстаньне інтэлектуальнага патэнцыялу незалежнага грамадзтва дзеля таго, каб рэфармаваць далей краіну»,

У праграме — 5 грунтоўных разьдзелаў: «Парлямэнт сёньня і заўтра», «Народная эканоміка», «Народная сацыяльная палітыка», «Свабода слова. Свабода інфармацыі» і «Геапалітыка. Наш дом — Беларусь» Над дакумэнтам працавала прыкладна 40 беларускіх экспэртаў у розных сфэрах.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG