Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шрамко: Польска-расейскае прымірэньне выгаднае Беларусі


Патрыярх Кірыл

Патрыярх Кірыл

Расейскі патрыярх Кірыл і польскі каталіцкі мітрапаліт Юзэф Міхалік зьбіраюцца падпісаць пасланьне аб прымірэньні народаў Польшчы і Расеі.

З 16 па 19 жніўня 2012 года па запрашэньні кіраўніка Польскай праваслаўнай царквы мітрапаліта Савы адбудзецца візыт патрыярха Маскоўскага Кірыла ў Польшчу.

У ходзе візыту патрыярх Кірыл і старшыня Польскай каталіцкай біскупскай канфэрэнцыі мітрапаліт Юзэф Міхалік падпішуць Сумеснае пасланьне народам Расеі і Польшчы з заклікам да разьвіцьця братэрскіх адносін паміж расейцамі і палякамі.

Праваслаўны сьвятар зь Менску Аляксандар Шрамко, камэнтуючы «Свабодзе» чаканую падзею, зазначыў, што вынікі візыту будуць пазытыўнымі, у тым ліку і для беларусаў:

«Будзем спадзявацца, што гэта прывядзе да збліжэньня католікаў і праваслаўных. Але мы разумеем, што гэта не так проста. У нас ёсьць як бы экспартная палітыка, калі герархі па-свойму паводзяць сябе на міжнародным узроўні. А калі гэта датычыць унутранай палітыкі, каб сюды хтосьці прыехаў, гэта заўсёды робіцца з большай аглядкай, бо па-рознаму на гэта глядзяць людзі, і трэба дагадзіць і тым і іншым. Таму, хутчэй за ўсё, ніякай рэвалюцыі чакаць нельга, але недзе ў вярхах лёд можа крануцца».

Гэткая асьцярожнасьць датычыць і магчымага прыезду ў Беларусь папы рымскага — РПЦ пакуль не памяняла сваю пазыцыю адносна магчымасьці спатканьня кіраўнікоў Каталіцкага касьцёла і РПЦ, Масква перадумовай такой сустрэчы дагэтуль ставіць урэгуляваньне пытаньня зь пераходам цэркваў на Заходняй Украіне у грэка-каталіцтва.

"Цяпер, калі ўсё там стабілізавалася, і прыходы тыя сталіся грэка-каталіцкімі, нельга чакаць што іх неяк вернуць... Гэтая ўмова цяпер сталася тупіковай. Яе трэба нейкім чынам прыбіраць",— мяркуе айцец Аляксандар Шрамко.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG