Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патэнцыйнага кандыдата Берніковіча шукае пракуратура


Глыбоцкі актывіст кампаніі «Гавары праўду» падаў подпісы на рэгістрацыю кандыдатам па Наваполацкай выбарчай акрузе № 25. І ў той самы час прапанаваў дапамогу прыхільнікам байкоту выбараў — калі нехта наважыцца правесьці такую кампанію ў суседняй, Докшыцкай выбарчай акрузе.

Позвы ў пракуратуру Яраслаў Берніковіч не атрымаў: ён цяпер у ад’езьдзе, але пра афіцыйны выклік паведамілі ягоныя калегі, супрацоўнікі рэклямнай газэты «Прэфект-інфо». Газэту выдае фірма, заснавальнікам якой зьяўляецца Яраслаў Берніковіч, і паперу з пракуратуры прынесьлі проста ў рэдакцыю.

Да спадара Берніковіча ўдалося датэлефанавацца. Выклік да пракурора ён зьвязвае менавіта са сваім зваротам да прыхільнікаў байкоту:

«Ведаючы, што ў пракуратуру ўжо выклікалі Кастуся Шыталя, гэта па маім звароце да нашых „байкотчыкаў,“ з нагоды маёй прапановы дапамагчы ў гэтай справе».

Яраслаў Берніковіч згадвае, што незалежнага журналіста Кастусь Шыталь, які разьмясьціў інфармацыю пра зварот да прыхільнікаў байкоту на рэгіянальным сайце westki.info, выклікалі ў пракуратуру 13 жніўня. Журналіст адмовіўся даваць тлумачэньні. І яму прыгразілі адміністрацыйнай адказнасьцю, калі публікацыі падобнага зьместу паўторацца, кажа спадар Шыталь:

«Міліцыянты аднекуль ведалі, што ў той дзень я буду ў Глыбокім. І ў тое месца, дзе я быў, маёр Адамовіч прыйшоў і прынёс позву. Ім дадзена заданьне правесьці гутарку з тымі, хто выступае за байкот. У пракуратуры казалі, што будуць шукаць і самога Яраслава. Падобна на тое, што ўладу раздражняюць заклікі да байкоту, бо байкот можа перашкодзіць уладзе зрабіць выгляд нібыта дэмакратычных выбараў. І ўлада спрабуе калі не перашкодзіць, дык хаця б сапсаваць людзям настрой».

Кастусь Шыталь усяго толькі працытаваў у сваім артыкуле тое, што Яраслаў Берніковіч напісаў на ўласнай старонцы ў Фэйсбуку. Дарэчы, у звароце да прыхільнікаў байкоту актывіст кампаніі «Гавары праўду» падкрэсьліў, што не падзяляе гэтую ідэю, бо лічыць байкатаваньне выбараў у маштабах краіны немагчымым. Таму сам ідзе на выбары — сабраў больш за дзьве з паловай тысячы подпісаў і здаў іх у Наваполацкую акруговую камісію.

Але прапанаваў прыхільнікам байкоту дапамогу, калі яны пагодзяцца правесьці «паказальную» кампанію ў Докшыцкай выбарчай акрузе. Спадар Берніковіч лічыць, што там вельмі спрыяльныя для гэтага ўмовы — там ужо другі раз балятуецца старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі Ўладзімер Андрэйчанка. Ён «асаблівага даверу і прыхільнасьці тутэйшых жыхароў ня мае. А самае галоўнае — гэта безальтэрнатыўная кандыдатура. Ён балятуецца адзін. Так што няма верагоднасьці, што нейкі дэмакратычны кандыдат „пацягне“ людзей на выбарчыя ўчасткі», піша у звароце праз Фэйсбук Яраслаў Берніковіч. І абяцае дапамогу,"калі прыхільнікі байкоту нарэшце пяройдуць ад словаў да справы" — дазволіць карыстацца офісам ягонай фірмы на час агітацыйнай кампаніі, а таксама ўсімі наяўнымі сродкамі сувязі — тэлефонам і інтэрнэтам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG