Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля дэсанту мядзьведзікаў Мінабароны вучыцца страляць


Не прайшло і два месяца, як Міністэрства абароны Беларусі прызнала інцыдэнт са швэдзкім самалётам 4 ліпеня 2012 года.

Прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што на працягу ліпеня 2012 была праведзеная праверка інфармацыі аб несанкцыянаваным палёце над тэрыторыяй Беларусі швэдзкага самалёта, а таксама расьсьледаваньне інцыдэнту.

«Адноўленыя ўсе дэталі таго, што адбылося, выяўленыя канкрэтныя абставіны незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь арганізаванай групай асоб. У цяперашні час праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па павышэньню гатоўнасьці ВПС і войскаў СПА да рэагаваньня на падобныя інцыдэнты. Для гэтага павялічылася інтэнсіўнасьць палётаў ваеннай авіяцыі. Перадавыя падразьдзяленьні зэнітных ракетных войскаў Заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня ВПС і войскаў СПА прыбылі на палігоны Расійскай Фэдэрацыі для правядзеньня апэратыўна-тактычнага вучэньня з баявой стральбой»,— паведамляе прэсавая служба Мінабароны.

Аднаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Прыкладна паўтары гадзіны ён правёў у паветранай прасторы краіны. За гэты час ён скінуў над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасьці ня толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай усіх злучэньняў і воінскіх часьцей Ваенна-паветраных сіл і Войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньню нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла прэс-служба прэзыдэнта.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасьці папярэджаны міністар абароны Юры Жадобін і начальнік Генштаба Узброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётр Ціханоўскі. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савета бясьпекі Леаніда Мальцава і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.
XS
SM
MD
LG