Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юшчанка — пра моўны закон, Цімашэнку, БЮТ і Партыю Рэгіёнаў


Віктар Юшчанка ў студыі Радыё Свабода, 14 жніўня 2012
Віктар Юшчанка ў студыі Радыё Свабода, 14 жніўня 2012

Партыя экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі «Наша Ўкраіна» мае намер ўдзельнічаць у выбарах у Вярхоўную Раду, якія адбудуцца 28 кастрычніка сёлета. Прапануеv вам фрагмэнты гутаркі з палітыкам.

Былы кіраўнік дзяржавы даў інтэрвію украінскай службе нашага радыё, якое надрукаванае на яе сайце.

Пра моўны закон, які прадугледжвае ўвядзеньне рускай мовы як афіцыйнай у 13 рэгіёнах краіны


Мова для этнічных дзяржаваў — гэта заўсёды дзяржаваўтваральны фактар. Калі ў такой нацыі забраць мову, па сутнасьці, гаворка ідзе пра дэвальвацыю вашай дзяржаўнасьці.

І таму, калі мы гаворым пра сёньняшнюю місію ўкраінскай мовы, то я аддзяліў бы тэму зносінаў, таму што гэта пытаньне досыць простае: чым больш моваў ведаеш, тым больш ты канкурэнтаздольны ў гэтым сьвеце.

Пытаньне зараз ў іншым — у статусе дзяржаўнай мовы. Бо мова, якая мае статус дзяржаўнай — гэта фактар перш за ўсё кансалідуючы для нацыі. Дзьве мовы не аб’ядноўваюць, аб’ядноўвае нацыю толькі адна мова. Таму ў Партугаліі, Францыі, Гішпаніі, Расеі, Нарвэгіі, любую краіну вазьміце, першы фактар нацыянальнага аб’яднаньня — мова. І яна адна.

13 рэгіёнаў, аб якіх цяпер ідзе гаворка, яны ўжо зрусыфікаваныя. Там руская Ўкраіна ўжо зробленая. Але гаворка ідзе пра зваротны працэс — дэўкраінізацыі, пра тое, што там зьнікае праўная падстава ўкараняць у тых ці іншых абставінах ўкраінскую мову. Гэта і называецца «дэўкраінізацыя».

Хартыя рэгіянальных моваў скіраваная на карэнныя мовы, на абарону карэнных моваў. Расейская мова ў нас не зьяўляецца рэгіянальнай. У нас ёсьць мова крымскіх татараў, рэгіянальная, якую трэба абараняць, караімская, напрыклад, якую трэба абараняць. Гэта сапраўды рэгіянальныя мовы. У нас падмененыя паняцьці.

Мы прайгралі. Прайгралі не ад таго, што Партыя рэгіёнаў перамагла, а ад таго, што з тых 234 дэпутатаў, якія галасавалі, 30 галасоў — гэта былі легіянэры, гэта тыя, якія прыйшлі ад дэмакратычных сілаў, з адпаведнымі лёзунгамі і здрадзілі нацыянальным моўных інтарэсам. Таму я не аплядаваў бы цяпер Партыі рэгіёнаў, што яна нешта правяла. Не яна правяла. Правялі здраднікі. Правялі новыя «Качубеі», якіх дзясяткі ў так званых апазыцыйных сілах.

Пра Юлію Цімашэнку і абвінавачаньні на яе адрас у злоўжываньнях у газавай галіне

Я б сказаў так. Калі мы гаворым пра справу «газавую», то, безумоўна, гэта справа крымінальная, але робіцца палітычным судом.

Я прызначаў Цімашэнку прэм’ерам, калі яна была ў вышуку «Інтэрполу». І гэта адзіны прэм’ер-міністар, які за час сваёй кадэнцыі нікуды не выяжджаў з Украіны. Бо я лічыў, што гэта той крок, які дапаможа ўрэгуляваць ўкраінскае пытаньне. І першы, хто зьвярнуўся да Пуціна ўрэгуляваць гэтае пытаньне, быў я.

Пра Партыю Рэгіёнаў і Партыю «Бацькаўшчына» (Блёк Юліі Цімашэнкі)


Я думаю, што гэтыя дзьве сілы: БЮТ і Партыя Рэгіёнаў у спакоі не пакінуць Украіну. Яны будуць… памятаеце, калісьці жарт такі быў аб тым, калі будзе трэцяя сусьветная вайна? Адказ: не, трэцяй сусьветнай вайны ня будзе, але будзе такая барацьба за мір, што з гэтага сьвету каменя на камяні не застанецца.

Вось я думаю, што гэта той працэс, у які нас ўцягваюць сёньня гэтыя палітычныя сэкты, якія называюцца «Бацькаўшчына» і «Партыя рэгіёнаў». Яны не суіснуюць, таму што гэта не ідэйныя палітычныя сілы. Гэта сілы аўтарытарныя. Ім трэба адно — улада. Ня дай Бог, яны сыдуцца — гэта жудасны варыянт будзе для Украіны, дзе палітычная ўлада, як вельмі часта ў афрыканскіх або ў лацінскіх краінах, будзе падзеленая на 20–30 гадоў.


На самай справе галоўны выклік лёсу краіны ў нас, калі мы гаворым пра палітычную мазаіку, — гэта барацьба двух клянаў: Партыі Рэгіёнаў і «Бацькаўшчыны»-БЮТ, якія па сваёй ідэалягічнай прыродзе ня ставяць на мэце агульнанацыянальныя інтарэсы, для якіх аўтарытарная ўлада — гэта сутнасьць.

Яны працуюць толькі двума шляхамі. Адна палітычная сіла, Партыя Рэгіёнаў, ігнаруе ўсё ўкраінскае. І толькі на гэтай аснове можна мабілізаваць так званую «пятую калёну» ці тых людзей, якія яшчэ ідуць па шляху нацыянальнай ідэнтычнасьці, нацыянальнага бачаньня, фармаваньня нацыянальнай сьвядомасьці.

Другая сіла ідзе шляхам нацыянальнага маніпуляваньня. Гэта значыць самае галоўнае — гэта сказаць з правільным акцэнтам, асабліва з галіцкім, патрэбныя заклікі, а ў астатнім па сваёй сутнасьці вы можаце нічым не адрозьнівацца. Вы можаце перасьледаваць адну і тую ж мэту, толькі ісьці двума шляхамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG