Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэрвеньскае 2012 году апытаньне НІСЭПД зафіксавала дастаткова высокі ўзровень гатоўнасьці беларускіх выбарнікаў удзельнічаць у верасьнёўскіх парлямэнцкіх выбарах

Крыху больш за палову апытаных — 50,7% — заявілі, што маюць намер галасаваць, 19,4% — што ня будуць галасаваць, 29,9% — што яшчэ не прынялі рашэньня. Пры гэтым аб сваім пазытыўным стаўленьні да кампаніі байкоту выбараў, абвешчанай часткай апазыцыі, заявілі 14,2% апытаных, амаль удвая больш — 29,5% — выказалі адмоўнае стаўленьне да гэтай ініцыятывы, прыкладна столькі ж адказалі, што ставяцца да байкоту абыякава — 28% — ці ня ведаюць аб гэтай кампаніі.

Напрошваюцца 2 натуральныя гіпотэзы: прыхільнікі байкоту — гэта частка тых, хто заявіў, што ня хоча галасаваць, а праціўнікі байкоту — гэта частка тых, хто ўжо вырашыў для сябе, што галасаваць абавязкова пойдзе. Аднак адказы рэспандэнтаў аказаліся значна больш супярэчлівыя.

«За байкот, але галасаваць пайду»


Наступная табліца паказвае, у якой ступені электаральныя намеры абумоўлены тым ці іншым стаўленьнем да байкоту.

Сувязь стаўленьня да байкоту выбараў і гатоўнасьці галасаваць, у %


Як Вы ставіцеся да байкоту парлямэнцкіх выбараў 2012 г.? Ці будзеце Вы ўдзельнічаць у галасаваньні на парлямэнцкіх выбарах 2012 г.?
Так Не Яшчэ ня вырашыў (-ла)
Станоўча 40,1 34,9 25,0
Абыякава 39,0 25,4 35,6
Адмоўна 68,0 8,4 23,6
Нічога ня чуў(-ла) пра гэта 49,4 16,9 33,6

  • Табліца чытаецца па гарызанталі

Дадзеныя табліцы робяць дзіўнае ўражаньне і спараджаюць сумнеў у тым, ці разумеюць апытаныя, што такое байкот. З тых, хто адказаў, што адносіцца станоўча да байкоту (які ўяўляе сабой ні што іншае, як адмова ісьці галасаваць), толькі крыху больш за траціну паведамілі, што і на самай справе маюць намер не хадзіць на выбары, пры гэтым адносная большасьць прыхільнікаў байкоту паведаміла, што на выбары зьбіраюцца ісьці.

Наўрад ці такое спалучэньне адказаў можна растлумачыць страхам рэспандэнтаў даваць праўдзівыя адказы: заява аб адмове ісьці на выбары не страшней за заяву аб станоўчым дачыненьні да байкоту, хутчэй наадварот — байкот відавочным чынам асацыюецца з апазыцыяй, няўдзел у выбарах можа быць матываваны самымі рознымі прычынамі. Магчыма, многія з тых, хто заявіў аб тым, што падтрымліваюць байкот, лічаць, што гэтае слова абазначае нейкую дэманстрацыю свайго стаўленьня да выбараў і да існуючай улады, дэманстрацыю, якая, наагул кажучы, не прадугледжвае няўдзел ў выбарах. Разнастайнасьць стратэгіяў апазыцыі, наяўнасьць прамежкавых стратэгіяў («сьпікеры» АГП, якія, як абяцае кіраўніцтва партыі, здымуць свае кандыдатуры ў апошні момант), маглі заблытаць выбарнікаў, якія ўжо ня вельмі разумеюць, хто ж за байкот і што гэта такое.

Другая гіпотэза бліжэйшая да ісьціны, але таксама ня цалкам. Ільвіная доля тых, хто адмоўна ставіцца да байкоту, сапраўды зьбіраюцца ісьці галасаваць, але далёка не ўсе. Прыкладна 10% зь іх ня маюць намеру ісьці на выбары, а каля чвэрці — вагаецца. Тут таксама магчыма прысутнічае неразуменьне таго, што такое байкот. Але тут у прынцыпе можна прапанаваць лягічна несупярэчлівае, рацыянальнае тлумачэньне: частка праціўнікаў байкоту могуць адмаўляць яго як палітычную кампанію, але не выключаць для сябе непрыходу на выбары з зусім іншых прычынаў.



Менск ня хоча галасаваць


Паколькі гатоўнасьць ісьці галасаваць і гатоўнасьць байкатаваць выбары ўзаемазьвязаныя даволі нетрывіяльным чынам, наступная табліца паказвае ўзровень гатоўнасьці да таго і да іншага ў разрэзе сацыяльна-дэмаграфічных групаў.

Сацыяльна-дэмаграфічныя характарыстыкі і пражэктыўныя электаральныя паводзіны*, у%

Характарыстыкі Ці будзеце Вы ўдзельнічаць у галасаваньні на парлямэнцкіх выбарах 2012 г.? Як Вы ставіцеся да байкоту парлямэнцкіх выбараў 2012 г.?
Так Не Яшчэ ня вырашыў (-ла) Станоўча Абыякава Адмоўна Нічога ня чуў(-ла) пра гэта
Пол
Мужчынскі 49,9 22,1 28,0 21,3 26,7 29,5 22,6
Жаночы 51,3 17,1 31,7 8,2 29,0 29,5 33,3
Узрост
18-29 39,4 26,2 34,4 20,6 27,3 22,4 29,7
30-59 48,9 20,8 30,2 15,1 29,6 29,7 25,5
60 і старэйшыя 66,0 8,9 25,1 5,7 24,4 35,9 33,9
Адукацыя
Пачатковая 63,4 11,8 24,7 2,2 28,3 30,4 39,1
Няпоўная сярэдняя 60,7 13,1 26,2 4,7 25,5 36,8 33,0
Сярэдняя агульная 46,3 21,5 32,2 16,6 26,7 25,8 30,9
Сярэдняя спэцыяльная 51,9 20,2 27,9 14,3 27,5 28,9 29,3
Вышэйшая (ўключаючы няскончаную) 49,3 18,6 32,0 16,4 31,8 34,1 17,7
Тып населенага пункту:
Сталіца 24,4 29,2 46,4 25,4 34,7 25,1 14,8
Абласныцэнтар 60,5 17,5 22,1 8,0 24,0 37,3 30,8
Вялікі горад 50,7 22,2 27,1 10,1 30,1 27,8 32,0
Малы горад 60,4 12,9 26,7 16,9 21,3 28,0 33,9
Вёска 57,2 15,4 27,4 11,5 28,1 29,7 30,7
Ці карыстаецеся Вы інтэрнэтам?
Так, штодзень 47,0 23,5 29,5 18,5 24,0 31,7 25,7
Так, некалькі разоў на тыдзень 44,6 22,5 33,0 17,4 32,2 26,1 24,3
Так, некалькі разоў на месяц 34,9 24,8 40,3 11,6 34,1 31,0 23,3
Так, некалькі разоў на год 33,3 33,3 33,3 10,0 46,7 23,3 20,0
Не 60,2 12,6 27,2 10,5 26,4 30,6 32,5
Ня ведаю, што гэта такое 58,8 19,6 21,6 6,0 30,0 14,00 50,0
Характарыстыкі Ці будзеце Вы ўдзельнічаць у галасаваньні на парлямэнцкіх выбарах 2012 г.? Як Вы ставіцеся да байкоту парлямэнцкіх выбараў 2012 г.?
Так Не Яшчэ ня вырашыў (-ла) Станоўча Абыякава Адмоўна Нічога ня чуў(-ла) пра гэта
Пол
Мужчынскі 49,9 22,1 28,0 21,3 26,7 29,5 22,6
Жаночы 51,3 17,1 31,7 8,2 29,0 29,5 33,3
Узрост
18-29 39,4 26,2 34,4 20,6 27,3 22,4 29,7
30-59 48,9 20,8 30,2 15,1 29,6 29,7 25,5
60 і старэйшыя 66,0 8,9 25,1 5,7 24,4 35,9 33,9
Адукацыя
Пачатковая 63,4 11,8 24,7 2,2 28,3 30,4 39,1
Няпоўная сярэдняя 60,7 13,1 26,2 4,7 25,5 36,8 33,0
Сярэдняя агульная 46,3 21,5 32,2 16,6 26,7 25,8 30,9
Сярэдняя спэцыяльная 51,9 20,2 27,9 14,3 27,5 28,9 29,3
Вышэйшая (ўключаючы няскончаную) 49,3 18,6 32,0 16,4 31,8 34,1 17,7
Тып населенага пункту:
Сталіца 24,4 29,2 46,4 25,4 34,7 25,1 14,8
Абласныцэнтар 60,5 17,5 22,1 8,0 24,0 37,3 30,8
Вялікі горад 50,7 22,2 27,1 10,1 30,1 27,8 32,0
Малы горад 60,4 12,9 26,7 16,9 21,3 28,0 33,9
Вёска 57,2 15,4 27,4 11,5 28,1 29,7 30,7
Ці карыстаецеся Вы інтэрнэтам?
Так, штодзень 47,0 23,5 29,5 18,5 24,0 31,7 25,7
Так, некалькі разоў на тыдзень 44,6 22,5 33,0 17,4 32,2 26,1 24,3
Так, некалькі разоў на месяц 34,9 24,8 40,3 11,6 34,1 31,0 23,3
Так, некалькі разоў на год 33,3 33,3 33,3 10,0 46,7 23,3 20,0
Не 60,2 12,6 27,2 10,5 26,4 30,6 32,5
Ня ведаю, што гэта такое 58,8 19,6 21,6 6,0 30,0 14,00 50,0
Табліца чытаецца па гарызанталі

Гатоўнасьць галасаваць аказваецца практычна незалежнай ад полу, аднак пры гэтым падтрымка байкоту сярод мужчынаў больш чым удвая вышэйшая, чым сярод жанчынаў. І гатоўнасьць галасаваць, і гатоўнасьць байкатаваць шчыльна і лінейна залежаць ад узросту: самыя маладыя выбарнікі ў найменшай ступені схільныя ісьці да выбарчых скрыняў і ў найбольшай ступені падтрымліваюць байкот, выбарнікі сталага веку — наадварот. Такая ж шчыльная лінейная сувязь пражэктыўных электаральных паводзінаў — з адукацыяй.

Дадзеныя табліцы паказваюць, што калі выбары дзе і не адбудуцца, то толькі ў сталіцы, сярод менчукоў толькі каля чвэрці выбаршчыкаў гатовыя ўдзельнічаць у галасаваньні, амаль 30% ня маюць намер галасаваць і пры гэтым чвэрць менскіх рэспандэнтаў — прыхільнікі байкоту.

Нарэшце, частата карыстаньня Інтэрнэтам таксама аказваецца значным фактарам, якія ўплываюць на пляны на выбарчую кампанію, хоць і ня самым моцным.


Праціўнікам Лукашэнкі падабаецца байкот


Наступная табліца паказвае, як зьвязаная гатоўнасьць галасаваць і ўдзельнічаць у байкоце з палітычнымі поглядамі

Палітычныя погляды і пражэктыўныя электаральнае паводзіны*, у%

Характарыстыкі Ці будзеце Вы ўдзельнічаць у галасаваньні на парлямэнцкіх выбарах 2012 г.? Як Вы ставіцеся да байкоту парлямэнцкіх выбараў 2012 г.?
Так Не Яшчэ ня вырашыў (-ла) Станоўча Абыякава Адмоўна Нічога не чуў(-ла) пра гэта
Кім Вы сябе лічыце: хутчэй сучасным эўрапейскім чалавекам ці хутчэй савецкім чалавекам?
Хутчэй сучасным эўрапейскім чалавекам 42,6 25,5 32,0 21,2 31,7 27,4 19,7
Хутчэй савецкім чалавекам 59,3 13,9 26,8 8,7 24,9 31,8 34,6
Ці лічаце Вы сябе ў апазыцыі да цяперашняй улады?
Так 46,9 29,2 24,0 40,4 25,4 17,4 16,7
Не 52,2 16,2 31,5 8,2 28,8 33,5 29,50
Ці давяраеце Вы прэзыдэнту?
Так 67,4 8,1 24,4 2,3 23,3 44,6 29,9
Не 39,1 27,8 33,1 24,8 30,9 19,7 24,6
Ці давяраеце Вы недзяржаўным СМІ?
Так 47,0 23,1 29,9 22,9 28,8 26,3 22,0
Не 54,9 17,3 27,7 9,3 26,5 32,0 32,3
Ці давяраеце Вы апазыцыйным палітычным партыям?
Так 53,3 23,9 22,8 33,6 23,6 22,4 20,5
Не 50,7 19,0 30,3 9,7 28,7 33,1 28,5
Калі б давялося выбіраць паміж аб’яднаньнем з Расеяй і ўступам у Эўрапейскі Зьвяз, што б Вы абралі?
Аб’яднаньне з РФ 59,3 18,0 22,6 8,3 28,4 35,6 27,7
Уступ у ЭЗ 43,0 22,0 35,1 23,7 28,9 22,0 25,4
Табліца чытаецца па гарызанталі


Прыхільнікі ўлады і носьбіты афіцыйна дэкляраваных каштоўнасьцяў (савецкасьці, інтэграцыі з Расеяй) дэманструюць значна большую гатоўнасьць удзельнічаць у выбарах і значна часьцей адмоўна ставяцца да байкоту, чым іх апанэнты. Пры гэтым асабліва моцныя адрозьненьні менавіта ў адносінах да байкоту: сярод апанэнтаў улады яго прыхільнікаў у разы больш, чым сярод прыхільнікаў улады. У той жа час у гатоўнасьці галасаваць (ці не галасаваць) адрозьненьні прыкметна менш. Некаторыя апазыцыйныя партыі выступілі з ініцыятывай байкоту, аднак гэта практычна ніяк не адбіваецца на долі гатовых галасаваць. Сярод тых, хто давярае і не давярае ім, колькасьць прыкладна аднолькавая.

Давер або недавер да прэзыдэнта дыфэрэнцуе стаўленьне да выбараў у максымальнай ступені.


Звычка — другая натура



Наступная табліца паказвае, як суадносяцца гатоўнасьць галасаваць і ўдзельнічаць у байкоце зь іншымі аспэктамі электаральных паводзінаў. У адрозьненьні ад папярэдніх табліцаў, яна чытаецца па вэртыкалі.

Сувязь розных аспэктаў электаральных паводзінаў*, у%

Ці будзеце Вы ўдзельнічаць у галасаваньні на парлямэнцкіх выбарах 2012 г.? Як Вы ставіцеся да байкоту парлямэнцкіх выбараў 2012 г.?
Так Не Яшчэ ня вырашыў (-ла) Станоўча Абыякава Адмоўна Нічога ня чуў(-ла) пра гэта
Ці бралі Вы ўдзел у галасаваньні на парлямэнцкіх выбарах 2008 г.?
Так 78,9 25,9 42,6 45,8 53,7 67,2 57,9
Не 15,4 68,3 42,4 53,8 36,5 24,7 30,6
Не памятаю 5,7 5,9 15,0 0,5 9,8 8,1 11,5
Як Вы думаеце, ці будуць сёлетнія выбары свабодныя і справядлівыя?
Так 55,6 7,9 23,4 9,9 30,4 57 35,5
Не 26,4 75,9 38,5 73,2 47,4 24,7 30,4
Ці зьбіраецеся Вы галасавць датэрмінова?
Так 14,9 2,1 4 5,6 8,1 11,8 9,4
Не 74,8 95,5 79,5 91,5 82,3 72,9 80
Як Вы лічаце, на выбарах 2012 году будзе адбывацца рэальная барацьба паміж кандыдатамі, ці толькі імітацыя барацьбы, а разьмеркаваньне месцаў у Палаце прадстаўнікоў будзе загадзя вызначанае ўладамі?
Будзе адбывацца рэальная барацьба 52,1 14,1 33,3 19,8 33,7 55,2 37,4
Будзе толькі імітацыя барацьбы 36,4 74,2 46,9 77,8 53,9 30,1 41,9
Калі блізкі па духу кандыдат у дэпутаты прапануе Вам увайсьці ў яго выбарчую каманду, ці пагодзіцеся Вы на гэта?
Так 23,7 19,7 18,7 42,5 19,3 18,6 16
Не 66,9 71,4 68,7 46,7 71,8 72,6 71,1
Як Вы лічаце, незалежнае назіраньне за хадой выбараў спрыяе большай сумленнасьці і аб’ектыўнасьці выбараў?
Так 68,1 49,7 65,2 65,6 52,2 75,3 61,9
Не 24,5 44,1 21,9 31,6 39,5 18,1 23,5
Ці хацелі б Вы асабіста стаць назіральнікам за хадой выбараў?
Так 26,3 17 20,3 50,9 17,2 20,1 16,9
Не 67 75,8 75,1 43,9 76,1 74,4 75,8
*табліца чытаецца па вэртыкалі



З табліцы вынікае, што ўдзел і няўдзел у галасаваньні — у значнай ступені звыклыя паводзіны. Амаль 80% тых, хто мае намер удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах гэтага году, галасавалі і на выбарах 2008 году. Палітычная сытуацыя і інтэнсіўнасьць агітацыі за байкот зьмяніліся — не зьмянілася паводзіны гэтых людзей.

Зь іншага боку, і сярод тых, хто заявіў, што галасаваць не пойдзе, амаль 70%, па іх словах, не галасавалі і 4 гады таму. Так што гаворка ідзе ня толькі, а можа і ня столькі аб палітычным выбары, які робіцца цяпер, а пра стыль электаральных паводзінаў: адны пойдуць галасаваць у асноўным таму, што хадзілі заўсёды, іншыя ня пойдуць галоўным чынам таму, што не хадзілі і раней.

Пацьвярджэньнем гэтага назіраньня зьяўляецца і сувязь паміж пражэктыўнымі электаральнымі паводзінамі і ацэнкай будучых выбараў. Тыя, хто не зьбіраецца на іх ісьці, і тыя, хто падтрымліваюць байкот, вялікай большасьцю прытрымліваюцца думкі, што гэтыя выбары не будуць свабоднымі і справядлівымі. Сярод іх дамінуе меркаваньне, што ніякай рэальнай барацьбы на выбарах не будзе, а будзе толькі імітацыя. Такая сувязь ўяўляецца лягічнай — людзі ня хочуць удзельнічаць у выбарах, таму што выбары, на іх погляд, дрэнныя.

Можна было б чакаць, што тыя, хто гатовыя галасаваць, хто адмоўна ставіцца да байкоту, наадварот, лічаць, што выбары добрыя. Збольшага так і ёсьць, але большасьць тут значна менш пераканаўчая, прыкладна на 20 адсоткавых пунктаў меншая — толькі 52–57% з тых, хто пойдзе на выбары і хто супраць байкоту, лічаць, што выбары будуць справядлівыя, і на іх разгорнецца рэальная барацьба. А астатнія што? Магчыма, менавіта тое, аб чым гаварылася вышэй — звычка, традыцыя, погляд на хаджэньне на выбары, як на своеасаблівую грамадзянскую прысягу, для каго — дэманстрацыю ляяльнасьці ўладзе, для каго — ляяльнасьці сваёй дзяржаве, сваёй краіне.
Варта заўважыць, што агітацыя за байкот, заснаваная на сьцвяржэньнях, што выбары несправядлівыя і недэмакратычныя, мае абмежаваны эфэкт: многія з тых, хто мае намер ісьці галасаваць, і самі так лічаць. І ўсё адно на іх ходзяць.



Байкот і няўдзел — рэчы розныя



Сувязь адказаў на пытаньне аб гатоўнасьці дапамагаць патэнцыйнаму кандыдату ў дэпутаты з пражэктыўнымі электаральнымі паводзінамі паказвае, што прыхільнікі байкоту (тыя, хто дэкляруе станоўчае стаўленьне да яго), і тыя, хто кажа, што ня пойдзе галасаваць, даволі моцна адрозьніваюцца па сваіх характарыстыках.

Абсэнтэісты, тыя, хто вырашыў не ісьці на выбары, у дастаткова малой ступені выяўляюць гатоўнасьць удзельнічаць у перадвыбарчай кампаніі нават прыхільнага да іх кандыдата, па меншай меры ў прыкметна меншай ступені, чым тыя, хто мае намер галасаваць. Што зноў жа лягічна — які сэнс дапамагаць каму-небудзь на выбарах, на якіх ты сам не галасуеш? Але гэтая лёгіка парушаецца ў адносінах да прыхільнікаў байкоту. Сярод іх доля гатовых дапамагаць свайму кандыдату — амаль удвая большая, чым ва ўсіх астатніх групах пражэктыўных электаральных паводзінаў. Гэта група найбольш палітычна актыўных рэспандэнтаў, яны ў найбольшай ступені гатовы інвэставаць у палітыку свой час і рэсурсы. У электаральнай пэрспэктыве гэта азначае, што для часткі зь іх спакуса ўдзелу ў палітычным працэсе ў выглядзе галасаваньня можа апынуцца занадта вялікай і, нягледзячы на сваё дэкляраванае пазытыўнае стаўленьне да байкоту, самі яны на выбары ўсё ж пойдуць.

Абсэнтэісты і байкатысты таксама адрозьніваюцца ў ацэнках ролі незалежнага назіраньня за выбарамі. Тыя, хто вырашыў не ісьці на выбары, параўнальна мала вераць у дзейснасьць гэтага назіраньня, а прыхільнікі байкоту — у значна большай ступені. Варта таксама адзначыць у цэлым высокі ўзровень надзеяў, якія ўскладваюцца на незалежнае назіраньне усімі групамі з рознымі пражэктыўнымі электаральнымі паводзінамі, а асабліва — праціўнікамі байкоту.

У дачыненьні да ўласнага ўдзелу ў назіраньні за выбарамі байкатысты ізноў жа аказваюцца групай, у найбольшай ступені схільнай да палітычнай актыўнасьці.

* * *
Падводзячы вынікі, варта сказаць, што выбары ў Беларусі хутчэй за ўсё адбудуцца, за выключэньнем, можа быць, Менску. Гаворка ідзе, зразумела, аб праўдзівым стане справаў, а не пра лічбах яўкі, якія будуць агучаныя Цэнтрвыбаркамам. Рашэньне аб галасаваньні вельмі моцна абумоўлена як сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі і палітычнымі поглядамі, гэтак і палітычнымі звычаямі і традыцыямі. Гэтыя парамэтры складана зьмяніць за пару месяцаў нават вельмі актыўнай агітацыяй.

Як вынікае з прыведзеных вышэй табліц, нават сярод сацыяльна-палітычных групаў, прадстаўнікі якіх схільныя ўдзельнічаць у выбарах (старыя, асобы зь нізкай адукацыяй, прыхільнікі А.Лукашэнкі і г.д.) ад чвэрці да траціны яшчэ ня вызначыліся, ці пойдуць на выбары. Можна меркаваць, што канчатковыя рашэньні гэтых невызначаных разьмяркуюцца ў нейкай прапорцыі — частка застанецца дома, а частка, і прытым немалая, а хіба ня большая, пойдзе галасаваць. А паколькі гатовых галасаваць ўжо каля 50%, то вынік па краіне ў цэлым будзе прыкметна вышэйшы за гэты бар’ер.

Таксама варта адзначыць досыць блытаныя ўяўленьні апытаных пра байкот, матывы падтрымкі байкоту як палітычнай кампаніі, і ўстрыманьня ад галасаваньня аказваюцца даволі рознымі. Пры гэтым прыхільнікі байкоту — гэта самыя палітычна актыўныя грамадзяне і не выключана, што ў часткі зь іх жаданьне палітычнага дзеяньня, хай і ў выглядзе ўдзелу ў несвабодных выбарах, перасіліць меркаваньне аб дабратворнасьці байкоту.

Аўтар выказвае ўдзячнасьць НІСЭПД за прадстаўленыя крос-табліцы вынікаў апытаньня.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG