Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пакупнікі пра небясьпечныя рыбныя кансэрвы


Пакупнікі пра небясьпечныя рыбныя кансэрвы

У гомелькіх крамах прадаецца багата прадукцыі зь пераліку рыбных кансэрваў, якія прызнаны небясьпечнымі. У прыватнасьці, у краме «Асарці» на вуліцы Перамогі рыбная паліца ўстаўлена кансэрвамі «Селядзец атлянтычны натуральны з дабаўленьнем алею». Яго вытворца — акцыянэрнае таварыства «Рыбакамбінат «За Родину», які месьціцца ў пасёлку Ўзмор’е Калінінградзкай вобласьці. Каштуе ў краме адна бляшанка селядца 16220 рублёў.

Такія ж кансэрвы, але па 9500 рублёў, прапануе рыбны павільён на Цэнтральным рынку. Тут, дарэчы, выстаўлены і шпроты, якія патрапілі ў сьпіс небясьпечных рыбных кансэрваў. Гэта «Шпроты з балтыйскай кількі ў алеі» па 10300 рублёў. Вытворца той жа — рыбакамбінат «За Родину».

Сталая пакупніца крамы спадарыня Тацяна апавяла: «Я толькі ў пост купляю гэты селядзец у кансэрвах. Але там амаль нічога няма ў бляшанцы — паўпустая. Працэнтаў на 60-70 — вадкасьць. Нават паловы няма — усё больш вадкасьць. І рыба мяккая, разьлезлая. Страшна. Толькі ў пост і даводзіцца купіць».

Жанчына бярэ бляшанку селядца, трасе ля вуха і ўскрыквае ад выразнага булькатаньня: «Пакуль яе дасюль давезьлі — яна там наагул каша. У-у!»

Тацяна: «З асцярогаю глядзіш, калі купляеш. Грошы аддасі, прыходзіш дадому — а есьці няма чаго. І мала таго, што няма чаго есьці — можаш яшчэ і ў шпіталь загрымець. Проста атруціцца! Дый яшчэ якое атручваньне! Вось паглядзелі зараз — страшна».

Гамельчук Алег імкнецца рыбныя кансэрвы наагул не купляць: «Калі проста рыбу ці рыбнае філе, то купляю. А рыбныя кансэрвы — не. Невядома, як і што яны там закатваюць. Унутры ў бляшанцы нічога ж ня бачна. І на пах нічога не адчуеш. Пах адчуваецца, калі толькі адчыніш. А пры пакупцы нічога ня бачна, і паху ніякага».

Жанчына сярэдніх гадоў, якая назвалася Людмілай, кажа, што сутыкалася зь няякаснымі рыбнымі кансэрвамі, але ў санслужбу не зьвярталася:

«Выкідвалі. Ня хочацца псаваць нэрвы свае на санстанцыю і ўсё астатняе. Гэта ж усё час і нэрвы».

Пэнсіянэрка Валянціна чула пра скандал у Менску вакол 200 000 бляшанак атручаных рыбных кансэрваў:

«Гэта хтосьці нажываўся, хтосьці нажываўся. Што яны непісьменныя, калі пастаўляюць кансэрвы і ў гэтай галіне працуюць? Яны ўсё выдатна ведалі! Кантроль патрэбны. Можна ж было атруціць цэлы дзіцячы садок ці цэлую школу. Трэба караць па ўсёй строгасьці закону! Мой сын жыве ў Калінінградзе, і калісьці я прывозіла рыбныя кансэрвы адтуль. Яны былі найсьвяжэйшыя, бо быў попыт. Рыбы сьвежамарожанай не было, і ўсё гэта разьбіралася. А зараз, відаць, кансэрвы залежваюцца, таму так і атрымалася. Трэба караць — моцна караць».

XS
SM
MD
LG