Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Сурапіна: «Будзем дамагацца, каб і бяз швэдаў прымалі меры»


Алена Сурапіна

Алена Сурапіна

Сем’і Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава, арыштаваных у справе швэдзкага «плюшавага дэсанту», спадзяюцца на хуткае вызваленьне сваіх сыноў. У гэтай справе яны не ўскладаюць вялікіх спадзяваньняў на прыезд ў Беларусь альбо адмову ад яго ўдзельнікаў акцыі — прадстаўнікоў швэдзкай кампаніі Studio Total.

Маці Антона Сурапіна Алена: «Я ўжо і ня ведаю, на што спадзявацца. Адвакат мяне падтрымлівае, паперы неабходныя піша і кажа, што спадзяецца на лепшае. Людзі не сьпяць, працуюць і вось швэды таксама... Я спадзяюся, канечне, што нешта вырашыцца. Яны ж назваліся — значыць, няхай едуць. А нашы дзеці пры чым? Той жа Башарымаў, мой Антон? Я нават, калі пачула, што амбасаду швэдзкую зачыняюць — я гэтыя справы ні ў якім разе ня зьвязваю, — кажуць, што скончыўся тэрмін працы амбасадара, то таксама падумала, што ў гэтай справе разьбяруцца. Ну, а калі швэды не прыедуць, то я ня ведаю што будзе. Будзем, значыць, пісаць, скардзіцца, каб і бяз швэдаў нейкія меры прымалі. Будзем працаваць».

Маці Сяргея Башарымава Людміла: «Пакуль што ўсё па-ранейшаму. Пісаць ён піша, перадачы перадаём. А астатняе — ўсё бязь зьменаў. Піша, што нічога не разумее —за што яго трымаюць, што ні ў чым не вінаваты. Натуральна, што ўсё гэта непрыемна, чалавек хвалюецца і за гэтую сытуацыю, і за працу, і за ўсё...

Швэды, канечне, наўрад ці прыедуць сюды зараз, бо гэтая сытуацыя вельмі незразумелая... І ці будзе нешта ад іх залежаць? Наўрад ці што ад іх можа залежаць. Мне падаецца, што яны маглі б даць нейкія афіцыйныя паказаньні ў адной з эўрапейскіх краін і пераслаць да нас у КДБ. Але ці будуць гэтыя паказаньні на нешта ўплываць — складана сказаць. Увогуле цяжка пра нешта меркаваць, бо ад усіх нас гэтак мала залежыць... Ад гэтага, канечне, вельмі цяжка маральна... Але я вельмі спадзяюся, што ўсё ж такі неяк разьбяруцца і ўсё закончыцца так, як і павінна закончыцца, калі людзі невінаватыя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG