Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Швэды адказваюць КДБ: Няхай Лукашэнка прыедзе да нас


Сёньня Пэр Кромвэл, Томас Мазэці і Ганна Ліна Фрэй са Швэцыі, арганізатары «мядзьведжага дэсанту» ў Беларусь 4 ліпеня, адказалі на позвы беларускага КДБ зьявіцца ў Менску ў 10-дзённы тэрмін для сьледчых дзеяньняў.

У сваім адказе, напісаным у форме ліста Аляксандру Лукашэнку, яны прапануюць кіраўніку Беларусі самому прыехаць у Швэцыю і пагаварыць зь імі.

«Паважаны Аляксандар Лукашэнка!

Прайшоў месяц ад таго часу, як мы ляцелі над Вашай сталіцай, скідаючы плюшавых мядзьведзяў, і тыдзень ад нашага апошняга ліста да вас. Мы падумалі, што надышоў час зьвязацца з вамі яшчэ раз. Шмат чаго адбылося. Вы звольнілі двух вашых самых высокапастаўленых генэралаў, шмат казалі пра нас на беларускім тэлебачаньні і нават запрасілі нас наведаць ваш КДБ у Менску.

Нас, невялічкае рэклямнае агенцтва, цешыць такая ўвага з боку жывога дыктатара (асабліва калі мець на ўвазе, што сапраўдных дыктатараў засталося няшмат), але ёсьць некаторыя дэталі, якія варта абмеркаваць.
зьмяніць утульны сад амбасады на бэтонны бункер, дзе ўжо стагодзьдзе катавалі людзей, не падаецца справядлівай заменай

• Па-першае, у запрашэньні ад КДБ гаворыцца толькі, што мы павіны прыехаць у Менск «у 10-дзённы тэрмін», інакш нам пагражае «два гады папраўчай працы». Там не сказана, чаму нас выклікаюць. Наагул, пагражаць некаму папраўчай працай, калі ён ня прыме ваша запрашэньне — гэта благі тон. Але мы разумеем гэта. Вы і ваш КДБ — старамодныя. Гэта значыць, вы, як сто гадоў таму, выклікаеце людзей без тлумачэньня прычынаў. Вы і караеце людзей без тлумачэньня прычынаў. Але на самай справе гэта не галоўная праблема, гэта толькі заўвага на будучыню.

• Па-другое, у нас ёсьць пытаньне, дзе мы можам сустрэцца. Мы плянавалі ў швэдзкай амбасадзе. Нэўтральная тэрыторыя, дыпляматычны імунітэт і ўсё такое. Але Вы ў кепскім гуморы дэпартавалі нашага пасла і зачынілі амбасаду. Аляксандар — гэта нармальна! У кожнага можа быць дрэнны дзень. Але потым вы зьмянілі месца сустрэчы, прызначыўшы яе ў штаб-кватэры КДБ, у «амэрыканцы», як яе называюць беларусы. Мы ня хочам, каб нас насілі на руках, але зьмяніць утульны сад амбасады на бэтонны бункер, дзе ўжо стагодзьдзе катавалі людзей, не падаецца справядлівай заменай.
Аляксандар — гэта нармальна! У кожнага можа быць дрэнны дзень

• Па-трэцяе, існуе пытаньне нашага імунітэту. Вашым адказам на гэта было тое, што нам будзе забясьпечаная такая ж справядлівасьць, зь якой КДБ разглядае справы ўсіх падазраваных, сьведкаў і пацярпелых. Ці можам мы выказаць здагадку, што тут праявілася ваша пачуцьцё гумару? Гэта гучыць сьмешна з боку службы, якую такія арганізацыі як Amnesty International лічаць найбольш жорсткай і карумпаванай у Эўропе. «Гэта роўнае абыходжаньне з усімі», як сказаў Сталін, калі спаліў усю вёску.

• Па-чацьвёртае, і гэта на самай справе сур’ёзна, мы атрымалі некалькі пагрозьлівых лістоў і тэлефонных званкоў, быў хакерскі напад на нашу паштовую сыстэму, і ўсе сьцежкі вядуць да КДБ. Вядома, вы будзеце думаць: «Што за праблема?». Хіба гэта не звычайная працэдура — пагражаць катаваньнямі тым, хто ганьбіць дыктатара? Але тым ня менш для нас гэта нешта новае. У Швэцыі паліцыя не мае права пагражаць, забіваць або катаваць людзей.

Агулам кажучы, усе гэтыя маленькія праблемы прымусілі нас страціць жаданьне прыехаць і наведаць вас. Тым ня менш мы адчуваем сябе дрэнна, калі людзі сьмяюцца над вамі і вашай супэрдарагой СПА. Дык што ж нам рабіць? І нас прасьвятліла. Чаму б вам не прыехаць і не наведаць нас?

Такім чынам Studio Total мае гонар запрасіць дыктатара Аляксандра Лукашэнку ў наш дом у Сконэ ў Швэцыі. Мы арганізуем і аплацім пражываньне, харчаваньне, таксі і ўсё такое. Мы таксама, як абяцалі, раскажам ўсё, што вы хочаце ведаць пра тое, як падмануць вашу дарагую сыстэму СПА.

Мы маем толькі адно патрабаваньне: каб вы паводзілі сябе настолькі ветліва, наколькі зможаце (не пагражалі катаваньнямі і таму падобным), і каб вы вызвалілі усіх палітычных вязьняў у Беларусі. Іх даволі шмат, але мы прыкладаем сьпіс некаторых зь іх пад гэтым лістом. Іх, вядома, значна больш, але пра гэта пагаворым потым.

Мы таксама зьвярнуліся ў швэдзкі МЗС, каб яны прафінансавалі авіяквіток для вас. Але яны не схацелі нічога абяцаць. «Нармальна мы так ня робім», сказалі яны. Але чакайце! А чаму б нам не забыцца хоць на гэты раз, як усё працуе нармальна? То бок, вы былі дыктатарам ўжо амаль 20 гадоў, так? І што гэта вам прынесла? Шмат поціскаў потных рук, людзкія насьмешкі ды сур’ёзную пэрспэктыву скончыць, як Кадафі, калі вы і далей будзе пагражаць усім і арыштоўваць ўсіх, хто ня згодны з вамі. Ва ўсякім выпадку, калі не заплаціць МЗС, заплацім мы. Абяцаем! Людзі пэўна скажуць, што мы насьміхаемся над вамі. Гэта ня так; вы самі ўмееце гэта значна лепш за нас. Што скажаце на запрашэньне? Прыедзеце да нас?

З найлепшымі пажаданьнямі

Studiо Total

PS. Зьвярніце ўвагу — мы не выкарыстоўвалі ніякіх пагрозаў, не пагражалі кінуць вас у лягер, калі вы не адкажаце ў 5-дзённы тэрмін. І гэта нягледзячы на тое, што наша злачынства палягае адно ў скіданьні мягкіх мядзьведзікаў, у той час як вашы мядзьведзі прыгнятаюць краіну ўжо 20 гадоў».

У сьпісе беларускіх палітвязьняў, далучаным да ліста, стаіць 15 прозьвішчаў:

  • Мікалай Аўтуховіч,
  • Мікалай Статкевіч,
  • Павал Севярынец,
  • Зьміцер Дашкевіч,
  • Эдуард Лобаў,
  • Сяргей Каваленка,
  • Алесь Бяляцкі,
  • Мікалай Дзядок,
  • Ігар Аліневіч,
  • Аляксандар Францкевіч,
  • Яўген Васковіч,
  • Арцём Пракапенка,
  • Павал Сырамалотаў,
  • Сяргей Башарымаў,
  • Антон Сурапін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG